Беларусаў абурылі словы Арастовіча пра сувязі Украіны з рэжымам Лукашэнкі. Чаму мае рацыю Арастовіч, а не беларусы

Некалькі дзён таму галоўны «краш» расійска-ўкраінскай вайны Аляксей Арастовіч даў інтэрв’ю журналістам-«экстрэмістам» з вядомага еўрапейскага радыё. І зрабіў там пару неадназначных заяў, пасля якіх вушы ў беларускай аўдыторыі істотна завялі.

1_557.jpg

Беларусы пакрыўдзіліся. І ў сеціве пачаўся чарговы «бульбасрач» — пра двайныя стандарты Украіны, пра хітрую дупу ўкраінцаў і асабіста прэзідэнта Зяленскага, пра крывавыя грошы ад дыктатара, якія чамусьці не пахнуць.
Чаму сусветны халівар па матывах выказванняў этнічнага беларуса (карані на Случчыне) Арастовіча контрпрадуктыўны — у матэрыяле «НЧ».

Што сказаў Арастовіч

Сказаў насамрэч шмат, але амаль усюды ў дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны гучала (альбо мелася на ўвазе) словаспалучэнне «нацыянальныя інтарэсы».
Праз гэтыя інтарэсы Зяленскі не захацеў сустракацца са Святланай Ціханоўскай, праз іх Украіна аж да самай вайны, нягледзячы на заходнія санкцыі, актыўна гандлявала з беларускім рэжымам, дый увогуле ставілася да Лукашэнкі паблажліва, баючыся яго раздражніць неасцярожнымі рашэннямі і ўчынкамі.
Выглядае, што і пасля вайны, калі дабро пераможа, украінцы адновяць дачыненні з беларускімі ўладамі, бо зноў жа — «нацыянальныя інтарэсы» über alles.
«Беларусь дае істотныя і крытычна неабходныя для нас рэсурсы, — кажа Арастовіч. — Тое ж дызпаліва, электрычнасць і гэтак далей. Пакуль мы не гатовыя да разрыву гэтых сувязяў, мы будзем іх захоўваць. У тым ліку шляхам асцярожнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Любы неасцярожны крок на беларускім напрамку цяпер кідае Лукашэнку ў абдымкі Расіі...».
Канец, як кажуць, цытаты. Капец, як кажуць у сеціве, усяму.
У іх ракеты шпуляюць з беларускіх тэрыторый, на іх ляцяць самалёты з аэрадромаў Гомельшчыны і Брэстчыны. Дзеля іх ахвяруюць здароўем і воляй «рэйкавыя партызаны», а жыццём — добраахвотнікі-каліноўцы. На іх карысць рупяцца валанцёры і збіраюць ахвяраванні дабрачынныя фонды…
А яны — «будзем аднаўляць эканамічныя сувязі» з Лукашэнкам. З тым самым, які зараз служыць пуцінскім памагатым, а раней шматкроць Украіну абражаў. А ў дадатак, няўрымслівы, усё паказвае і паказвае, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. «Чатыры пазіцыі», вы памятаеце. І колькі з іх, тых пазіцый, цікава, украінскія?..
Гучыць усё гэта, вядома, надзвычай цынічна, але чаму аўтар прапануе не крыўдзіцца на паўднёвых суседзяў?Калі каротка, то вось чаму. Гэта не яны такія, гэта жыццё такое.

Вайна і крыўды

Давайце ўзгадаем, як жыла Украіна ўвесь той час, калі на яе насоўваліся цёмныя хмары, якія 24 лютага абрынуліся свінцовым дажджом.
Расія метадычна збірала ля ўкраінскіх межаў шматтысячнае войска. Рыторыка крамлёўскіх прапагандыстаў станавілася ўсё больш ваяўнічай. Пра верагодную вайну казалі ўсе навокал, але што рабіў Захад? Ды нічога асаблівага. Стасункі з Пуціным працягваліся, з ім ручкаўся нават Байдэн. Еўрапейскія лідары, калі накіроўваліся ў Кіеў, то абавязкова зарульвалі і ў Маскву. Квітнеў насычаны гандаль, і не толькі энерганосьбітамі. Карацей, заходні палітыкум не надта непакоўся праз тое, што побач з усходнімі межамі ЕС у любы момант можа пачацца страляніна з мноствам ахвяр.
Калі яна пачалася, ці адразу Украіна атрымала дапамогу? Зноў жа, не. Найперш, калі верыць крыніцам, Зяленскаму прапанавалі з’ехаць — то-бок фактычна пакінуць краіну на волю агрэсара, пагадзіўшыся на паразу ад імклівага крамлёўскага бліцкрыга.
Прэзідэнт не пагадзіўся, застаўся, і, натхнёныя яго прыкладам, украінцы пачалі даваць дусту ворагу. Аднак выдаткі такого гераічнага супраціву былі вялікія — і чым далей, тым болей ад расійскіх бомбаў ды ракет пакутавала мірнае насельніцтва.
«Закрыйце неба!» — заклікалі ўкраінцы еўрапейскіх партнёраў, калі на Кіеў, Сумы, Харкаў ды іншыя гарады ляцелі смяротныя снарады. «Дайце самалёты, мы самі закрыем!» — надрыўна прапанавалі, калі ад Марыупаля і Чарнігава ўжо мала што засталося, а лік забітых дзяцей пайшоў на дзясяткі.
Аднак неба так і засталося адкрытым, і там панавалі расійскія самалёты.
Украінскія вайскоўцы неяк трывалі і нават атрымлівалі лакальныя перамогі. Коштам уласнай мужнасці і бяспрыкладнага гераізму ўрэшце прымусілі інтэрвентаў пакінуць ваколіцы Кіева ды наогул Поўнач і Усход краіны, каб засяродзіцца ў раёне Данбаса.
Тут ужо Украіне спатрэбілася наступальная зброя, але ні жахі Бучы, ні іншыя ваенныя злачынствы не заахвоцілі Захад да хуткага задавальнення гэтых патрэбаў. Наадварот, у НАТА казалі, што нельга занадта ўцягвацца ў гэты лакальны ваенны канфлікт, бо ён можа перарасці ў Трэцюю сусветную.

2_519.webp

Безумоўна, Захад аказаў Украіне велізарную дапамогу — такую, без якой вайна ўжо даўно б скончылася, а на Хрышчаціку ўжо б праводзіла пераможны парад «вызваленчая» армія РФ. Падтрымка гэтая яшчэ і шматвектарная — яна не толькі ваенная, але і эканамічная. І ў той час, калі ўкраінцам ідуць тлустыя фінансавыя траншы, Расія моцна церпіць ад санкцый, якія падмываюць яе падмуркі.
Аднак, падобна, што толькі на гэтым тыдні заходняе садзейнічанне Украіне набыло патрэбныя маштабы — калі ЗША ўхвалілі адкрыццё выратавальнага ленд-лізу. Дый пры гэтым Зяленскі мае што прад’явіць партнёрам. Бо і нафтагазавага эмбарга дагэтуль няма, і іншых захадаў… І ўсё гэта пакідае фінал вайны нявызначаным. А мірныя жыхары краіны, якая (паводле агульнага меркавання) змагаецца не толькі за сябе, а і за будучыню дэмакратычнага свету, працягваюць гінуць.
Асцярожны, марудны, абачлівы Захад — хіба гэта не тое, што добра зведалі беларусы пасля жніўня 2020-га? То мы мусім добра разумець і ўкраінцаў з іх нявыказанымі крыўдамі на сусветную супольнасць.

Шляхам Ізраіля

Усё гэта не пра тое, што ўкраінцаў у іх цяперашнім становішчы лёгка зразумець (яшчэ як лёгка, ім спачувае ўвесь свет). Усё гэта пра тое, што праз такі досвед, які набыў і працягвае набываць афіцыйны Кіеў, фарміруюцца яго прыярытэты ў геапалітыцы. Тыя самыя нацыянальныя інтарэсы.
Увогуле паняцце нацыянальных інтарэсаў надзвычай шматграннае, і дзіўных збліжэнняў у адной толькі Еўропе цэлая процьма.
Дэмакратычная Украіна сябруе з недэмакратычнымі Турцыяй і Азербайджанам, бо тыя на яе баку ў вайне. Дэмакратычная Арменія хіліцца да Расіі, бо іншых саюзнікаў у яе проста не прадбачыцца. Дэмакратычная Сербія дзе можа падтрымлівае РФ, бо таго жадае яе насельніцтва, якое не можа забыцца на бамбаванне Белграда і адчужэнне Косава.
І гэта толькі палітыка, а калі ўзяць эканоміку, то жук і жаба тут наогул гандлююць на кожным рагу. І гэта найперш Еўрасаюз летась стварыў рэжыму Лукашэнкі славуты «цуд», дзякуючы якому пайшлі прахам усе незлічоныя санкцыйныя пакеты.
Такі сёння светапарадак, што яму моцна бракуе моцных лідараў кшталту Маргарэт Тэтчэр альбо Рональда Рэйгана. Сёння ў пашане лідары кшталту Эмануэля Макрона, які можа бясконца тэлефанаваць Пуціну, толькі б выйграць бліжэйшый прэзідэнцкія выбары.
І ў такім свеце цяпер сталее Украіна — яшчэ зусім недасведчаная дзяржава, якой лёс наканаваў паскораны і крывавы курс маладога геапалітычнага байца. І яна пройдзе гэты курс — і выйдзе з яго загартаванай і навучанай несалодкім вопытам.
Украінцы часта кажуць пра сваю будучыню: будзем як Ізраіль. Маюць на ўвазе, у першую чаргу, абаронную моц, якая дазволіць бяспечна суіснаваць з ваяўнічым суседам. Але тут можна акрэсліць і іншае — асаблівую знешнепалітычную ментальнасць ізраільскай дзяржавы, за якую яе нярэдка крытыкуюць.
Мы ж добра памятаем: пасля жніўня 2020-га дэмакратычны Ізраіль не падтрымаў заходнія санкцыі супраць беларускага рэжыму. Амбасадар уручыў Лукашэнку даверчыя граматы, і неба над Зямлёй Запаветнай ніколі не пацямнела. А калі ў беларускую вязніцу неспадзявана патрапіла ізраільская юрыстка Майя Рэйтэн Стол, то радзіма вызваляла яе дыпламатычным шляхам, употай тэлефануючы ў Мінск. Мэты дабілася, нацыянальныя інтарэсы адстаяла — дык што яшчэ трэба?
Ізраіль гартаваўся прыблізна гэтаксама, як зараз Украіна. У бясконцых канфліктах з суседзямі не аднойчы сутыкаўся з «узважанай» палітыкай міжнароднай супольнасці. Супольнасць не магла ніяк уцяміць, што атачэнне адмаўляе яўрэям у галоўным — у самім праве на існаванне іх суверэннай дзяржавы. Больш за тое, ліберальная Еўропа рэгулярна асуджала ізраільцян за сілавое вырашэнне тых ці іншых супярэчнасцяў — раіла развязваць вузлы дыпламатычным шляхам. Дык вось недзе там, мусіць, і пачала крышталізавацца знешнепалітычная пазіцыя невялікай краіны. І яна выкрышталізавалася ў тое, што мы цяпер і бачым. І што няцяжка зразумець і абгрунтаваць.

3_462.jpg

Імаверна, у гэтым жа кірунку рухаецца цяпер і Украіна. Яна адстаіць сябе і сваю незалежнасць у айчыннай вайне супраць усходняга суседа, а далей яе галоўным нацыянальным інтарэсам будзе бяспека, абарона, самазахаванне. І калі дзеля гэтага ёй будзе патрэбен беларускі бітум — яна будзе купляць беларускі бітум. Разам з электрычнасцю, мазутам і іншым дызелем.