«Безгалосы» прафсаюзны актывіст звярнуўся ў Вярхоўны суд
Пасля двух месяцаў абскарджвання судовай пастановы на штраф за нібыта гучную лаянку гомельскі рэгіянальны кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Віктар Казлоў звярнуўся ў Вярхоўны суд.
«Не магу пагадзіцца са штрафам. Мяне схапілі амапаўцы 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі я кіраваўся на «Марш недармаедаў-2». Як звычайна, абвінавацілі ў гучнай лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі. Двое сутак прэвентыўна трымалі ў ізалятары, а пасля суддзя Гомельскага раёну Тамара Застаўнецкая аштрафавала на тры базавыя велічыні — 69 рублёў. Амапаўцы не ведалі, што пасля аперацыі ў анкалагічным цэнтры я наогул размаўляю шэптам — ім важна было мяне затрымаць. У суд першай інстанцыі я прадставіў даведкі пра аперацыю, выступаў лекар, суддзя чула, што маўленне ў мяне парушана, а ўсё адно аштрафавала. Мінімальна, але аштрафавала».
Прафсаюзны актывіст кажа, што падчас разгляду касацыйнай скаргі суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў пацікавіўся ў яго, чаму супрацоўнікі АМАПу сведчылі пра гучную лаянку і непадпарадкаванне?
«Я ўпэўнены, што амапаўцы атрымалі загад ізаляваць мяне да акцыі пратэсту, таму й абвінавацілі ў лаянцы і непадпарадкаванні. У судзе я іх назваў ілжэсведкамі», — патлумачыў Віктар Казлоў.
Не адмяніў пастанову на штраф і старшыня абласнога суду Сяргей Шаўцоў, якому таксама падавалася скарга. Засталася апошняя судовая інстанцыя — Вярхоўны суд.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае Казлову абскарджваць штраф, лічыць, што, прынамсі на рэгіянальным узроўні, міліцыя і суды дзейнічаюць як змовіўшыся:
«Калі трэба ізаляваць актывіста напярэдадні акцыі пратэсту, яму прыпісваюць лаянку ў грамадскім месцы, размахванне рукамі — каб падпадала пад дробнае хуліганства, за якое можна арыштоўваць. Калі ж трэба толькі аштрафаваць, пішуць пратакол на ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У выпадку з Казловым выйшла няўвязка, але мясцовыя суды не ў стане парушыць звыклы парадак».
Паводле Радыё Свабода