Ці папросіць міліцыя прабачэння ў блогера?
31 ліпеня ўступае ў законную сілу пастанова суда Савецкага раёна Гомеля, па якой адміністрацыйны пераслед вядомага гомельскага блогера Максіма Філіповіча за вядзенне стрымаў на канале «Гарантый Няма» ў YouTube спынены праз адсутнасць складу правапарушэння.
Гомельская Вясна спытала юрыста Леаніда Судаленку аб адказнасці тых, хто пачынае пройгрышныя працэсы.
Прававед падкрэслівае, што ў справе Максіма Філіповіча міліцыянты з Савецкага РАУС Гомеля двойчы рабілі спробу прыцягнення блогера да адказнасці. Першы раз суд па сваёй ініцыятыве накіраваў справу на дапрацоўку ў раённы аддзел міліцыі, другі раз наогул спыніў яе.
«Пасля ўступлення адказной пастановы ў законную сілу (31 ліпеня) накіруем у Савецкі РАУС патрабаванне аб прынясенні Максіму Філіповічу афіцыйнага прабачэння за прычыненую ўчастковым міліцыянтам шкоду. Такое права прадастаўляецца кожнаму главой 13 (1) ПВКаАП», — заявіў Л. Судаленка.
Нагадаем, падставай для складання ў дачыненні да блогера пратаколу стаў рапарт, які паступіў у Савецкі РАУС з міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама. У ім адзначалася, што на YouTube ёсць канал «Гарантый Няма», зарэгістраваны Філіповічам, на які падпісаны 24,3 тысячы чалавек, а «агульная колькасць праглядаў кантэнту складае больш за 5,3 мільёна адзінак».