«Быць — важней, чым здавацца». Але гэта не пра Беларусь

Імператрыца Кацярына II жадала падавацца прагрэсіўным ліберальным палітыкам у перапісцы з Вальтэрам, пры гэтым застаючыся жорсткай прыгонніцай, якая выправіла ў выгнанне Радзішчава, удзельніцай падзелу Польшчы, для абгрунтавання якога ўпершыню ў Расіі на паток была пастаўлена фальсіфікацыя гісторыі. Так і беларуская палітыка, і, у тым ліку міжнародная, разрываецца паміж жаданнем «здавацца» і нежаданнем «быць».

08el5dxmbeb922nbl6hc0pb6lgtapznb.jpg

Інтэрв'ю міністра замежных спраў Сяргей Алейніка, дадзенае на мінулым тыдні агенцтву AP, трэба ацэньваць, відавочна, у такім жа ключы, піша ў «Белнавінах»Генадзь Лук’яновіч. Агучыўшы прапагандысцкія тэзісы накшталт таго, што Мінск нібыта падтрымліваў і падтрымлівае мір у суседняй краіне, а за правал мінскіх перамоваў нібыта адказныя Украіна і Захад, які пастаўляе ёй зброю, Алейнік раптам загаварыў пра тое, што не ўяўляе сітуацыі, пры якой бы беларускія войскі ўступілі ў вайну супраць Украіны.

«Мой адказ — не», — сказаў Алейнік, дадаўшы, што не можа ўявіць сітуацыю, калі Расія аддасць беларусам загад ужыць тактычную ядзерную зброю, меркавана размешчаную ў Беларусі. «Я не бачу такога варыянту, таму што гэта перш за ўсё інструмент абароны», — адказаў міністр (нібы расійцы збіраюцца пытацца ў беларускага дыктатара ягонае меркаванне).

Вядома, любы чалавек, які знаёмы з беларускай рэальнасцю, не будзе здзяйсняць грубую памылку, разглядаючы гэтыя заявы як прыкмету раптам прачнуўшайся разважлівасці. На самай справе да жадання Лукашэнкі «здавацца» міратворцам, Сяргей Алейнік, як і належыць яму па пасадзе, дадаў «жаданне» здавацца прадстаўніком суверэннай краіны. Як быццам бы яна можа камандаваць на сваёй тэрыторыі якім заўгодна расійскім кантынгентам: хоць «Вагнерам», хоць рэгулярнымі сіламі, хоць тактычнай ядзернай зброяй.

На жаль, каля Алейніка не знайшлося чалавека, здольнага спытаць, якія ў беларускіх уладаў ёсць рычагі ціску на Крэмль у выпадку, калі той пачне, напрыклад, аперацыю па захопу ўлады ў краіне ці раптам вырашыць кудысьці ўдарыць тактычнымі ядзернымі боегалоўкамі. Урэшце, Лукашэнка да гэта часу запэўнівае, што яму невядома, як расійскія жаўнеры, размешчаныя ў Беларусі, апынуліся раптам ва Украіне: «Задайце Зяленскаму гэтае пытанне», — вось і ўвесь яго не вельмі зразумелы адказ.

Але нават з гэтага адказу зразумела, наколькі мізэрныя рэальныя магчымасці Лукашэнкі ўплываць на палітычныя рашэнні Пуціна ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь.

Калектыўнае жаданне беларускіх уладаў дэманстраваць сваю прававую суб'ектнасць унутры дзяржавы ўжо даўно перакрэслена нежаданнем існаваць у такой рэальнасці. Адсюль і расійскія войскі на тэрыторыі краіны, і саўдзел ва ўзброеным канфлікце, і санкцыі як следства гэтага саўдзелу.

Глядзіце таксама

Жаданне «падавацца» міратворцам перакрэсліваецца процілеглым жаданнем «быць» сябрам сепаратыстаў Пушыліна з Аксёнавым, і нават абмяркоўваць з Асланам Бжаніяй перспектывы ўступлення Абхазіі ў «саюзную дзяржаву». Абхазія, дарэчы, выглядае на міжнароднай арэне нават больш смелай, чым Беларусь — напрыклад, калі сакратар іх Рады бяспекі ставіць на месца Дзмітрыя Мядзведзева з ідэяй уключаць Сухумі ў склад РФ.

Разыходжанне паміж «здавацца» і «быць» уласцівае не толькі рэжыму Лукашэнкі. Яго калегу Уладзіміру Пуціну таксама хочацца «здавацца» кіраўніком Сусвету, але здавольвацца даводзіцца самітам «Расія — Афрыка» і Асадам. Але дзеля таго, каб Пуцін «здаваўся» вялікім геапалітыкам працуе велізарны штат прапагандыстаў, ствараючы віртуальную рэальнасць з мультфільмамі пра суперзброю, у якой і жыве расійскі прэзідэнт.

Вядомае яшчэ старажытным рымлянам правіла еѕѕе quam videri, гэта значыць «быць — важней, чым здавацца», не працуе ў Расіі. Тут нават ключавыя дзяржаўныя рашэнні прымаюцца, зыходзячы з фантастычных уяўленняў аб рэальнасці. Добры прыклад — леташняе патрабаванне ад еўрапейскіх партнёраў плаціць за расійскі газ рублямі, пасля якога Расія засталася без еўрапейскіх партнёраў.

Але для міністра Сяргея Алейніка непатрэбная нават віртуальная рэальнасць. Ён проста прагаворвае рэчы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, не затлумляючыся пры гэтым пытаннем, хто будзе яму верыць. Язык — ён, як вядома, без костак. Аднак у выніку і давер да заяваў беларускіх чыноўнікаў у свеце такі ж, як да людзей, якія ўвесь час абяцаюць нешта прама супрацьлеглае таму, што яны робяць напраўду.