Хто ў Беларусі падобны да Маргарэт Тэтчэр?
8 красавіка пайшла з жыцця адна з самых уплывовых жанчын свету, экс-прэм’ер Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар. Ці ёсць у Беларусі асобы, хоць нечым падобныя да славутай брытанкі?
З гэтым пытаннем карэспандэнт “Новага часу” звярнуўся да некаторых вядомых экспертаў.
Аналітык-международнік Андрэй Фёдараў:
— Асобаў такога маштабу ўвогуле за ўсю найноўшую гісторыю можна пералічыць па пальцах, іх адзінкі. Менавіта дзеячаў, якія б так цвёрда праводзілі сваю палітыку і ў выніку не апынуліся ў пройгрышы. Я маю на ўвазе таксама і іх краіну. Чалавек мог памяняць свае падыходы, змяніць свой пункт погляду, калі бачыў, што сітуацыя мяняецца. Напрыклад, менавіта Маргарэт Тэтчэр была першай, хто заўважыла Гарбачова і для сябе зрабіла выснову, а таксама падказала іншым сваім партнёрам на Захадзе, што з ім можна мець справу. Хаця з пункту гледжання сваёй “жалезнасці” яна яўна была настроеная не на карысць Савецкага Саюза. То бок, пры ўсёй сур’ёзнасць ёй была ўласціва пэўная гнуткасць, пры гэтым яна валодала розумам, які дазваляў зразумець, калі гэтую гнуткасць можна прымяняць. На жаль, у Беларусі я такіх асобаў не бачу.
Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі:
— Мне падаецца, што параўнацца з Маргарэт Тэтчэр у Беларусі не мог ніхто ў прынцыпе. Паколькі ў нас, з аднаго боку, зусім іншыя рэаліі, а з іншага боку, Тэтчэр была адначасова кансерватыўным і даволі харызматычным дзеячам. Яна мяняла сітуацыю эканомікі ў Вялікабрытаніі ў бок прыватызацыі пасля пэўнай нацыяналізацыі, якую правялі да яе, яна ішла на шэраг вельмі непапулярных захадаў і, у прынцыпе, гэта тое, што ў Беларусі зараз не адважыўся б рабіць, верагодна, ніхто, у тым ліку і правы палітык, калі б ён прыйшоў да ўлады ў нашай краіне дэмакратычным шляхам. Ці нават не зусім дэмакратычным, напрыклад, калі б гэта быў прызначаны прэм’ер-міністр, які б меў выразна правыя погляды. Ён быў бы вымушаны праводзіць больш кампрамісную палітыку, і, хутчэй за ўсё, гэтая кампрамісная палітыка не давала б такога эфекту, не была б відавочнай уся перавага рынкавай эканомікі, як тое магла адстойваць Маргарэт Тэтчэр.
Гісторык, старшыня Таварыства беларускае мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў:
— У гісторыі Беларусі такія асобы ёсць. Гэта, напрыклад, Магдалена Радзівіл. Гэтая магнатка фінансавала беларушчыну, дзякуючы ёй выйшаў зборнік Максіма Багдановіча і маса іншых рэчаў. Яна была фундатаркай беларускае справы, вельмі багатай жанчынай, якая валодала велізарнымі землямі ў Беларусі. Свой “Вянок” без яе Багдановіч дакладна не надрукаваў бы. Да таго ж, яна загадала ў сваіх маёнтках перакласці на беларускую мову ўсю дакументацыю.
З нашых сучасніц я б назваў Галіну Сямдзянаву, якая, на жаль, нядаўна памёрла. Яна нават і знешне была крыху падобная на Тэтчэр, і па характару.