Ці хочуць расіяне далучэння Беларусі да Расіі?
Да пэўнай ступені адказ на гэтае пытанне даюць даныя апошняга апытання, якое правёў у Расіі Лявада-цэнтр у супрацы з Маскоўскім цэнтрам Карнэгі. Апытанне праводзілася па ўсерасійскай выбарцы 12-18 снежня летась, перадае Радыё Свабода.
Рэспандэнтам задавалася пытанне: «Сёмага снежня прайшлі перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Як, на вашую думку, павінныя будавацца адносіны Расіі і Беларусі?».
44% апытаных адказалі, што краіны мусяць больш актыўна супрацоўнічаць у эканамічнай сферы, 28% згодныя захаваць стасункі на ранейшым узроўні, 13% выказаліся за больш шчыльны саюз з адзіным кіраўніком на чале, а кожны дзясяты выказаў упэўненасць, што Беларусь павінная ўвайсці ў склад Расіі.
Гэтыя дадзеныя не падтрымліваюць распаўсюджанае меркаванне, што расіяне амаль пагалоўна мараць аб паглынанні іх краінай Беларусі.
10% сапраўды хацелі б гэтага. Але і толькі. А далей — пачынаюцца нюансы, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Саюз, на чале якога адзіны кіраўнік — гэта вельмі падобна таксама на адзіную дзяржаву. Але, фармальна кажучы, гэта не тое самае, што далучэнне Беларусі.
Але агулам выразна за больш глыбокую палітычную інтэграцыю — каля чвэрці.
І прыкладна столькі ж — за захаванне цяперашняга становішча, цяперашняга стану адносінаў.
Самая вялікая група рэспандэнтаў выказалася ўсяго за больш актыўную супрацу Беларусі і Расіі ў эканамічнай сферы.
Варта заўважыць — нават не за паглыбленне эканамічнай інтэграцыі, не за стварэнне супольных інстытутаў эканамічнай інтэграцыі, усяго за пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва.
Меркаванні гэтых 44% аказваюцца ключавымі для вызначэння пазіцыі большасці.
А ад чаго залежыць іх стаўленне да канкрэтных праектаў інтэграцыі? Падаецца, што не ў апошнюю чаргу — ад рэакцыі Беларусі і беларусаў.
І ў сэнсе працы з расійскай грамадскай думкай выглядаюць даволі пісьменнымі і гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ён не дапусціць паглынання Беларусі Расіяй, і галасы грамадзянскай супольнасці Беларусі, якая выступае супраць аншлюсу.
Дык а хіба з расійскага боку нехта накідае прапановы аб палітычнай інтэграцыі? Ну нехта і накідае, калі меркаваць па прызнаннях Лукашэнкі наконт таемнай 31-й «дарожнай карты» інтэграцыі. І пасланне, якое гучыць з Мінску і ад афіцыйнага боку, і ад яго апанентаў, адрасаванае тым 72% расіян, якія альбо не хочуць ніякага паглыблення інтэграцыі альбо выступаюць адно за пашырэнне эканамічнай супрацы: Крэмль накідае і нам, і вам тое, чаго не хочам ні вы, ні мы.
Гэтыя 72% расіян не зацыкленыя на пашырэнні Расіі — яны можа былі б і не супраць, але не насуперак волі тых, за кошт каго плануецца пашыраць, не за тое, каб сілай за кошт іх пашырыцца.
І калі з Мінску — і з урадавых палацаў і з плошчаў — гучыць: а мы не хочам, а мы супраць, дык гэтыя расіянеі думаюць — ну дык і не трэба, навошта сварыцца з братамі, нашто гвалціць іх?
Безумоўна, Расія — дзяржава аўтарытарная, палітыка там не будуецца ў адпаведнасці з народнымі меркаваннямі. Але ўсё ж і не тое, каб вялася зусім ужо насуперак ім.
Напэўна, у Крамлі ведаюць і падобныя апытанні, і настроі, якія яны адлюстроўваюць. 31-я карта з'явілася на свет таму што на гэтыя настроі можна да пэўнай ступені і не зважаць, яна трымаецца ў сакрэце, яе публічна не прапаноўваюць беларускаму боку таму што зважаць на расійскія масавыя настроі ўсё ж даводзіцца.
Наўпрост прапаноўваць палітычную інтэграцыю — гэта насуперак не толькі волі афіцыйнага Мінску і большасці беларусаў, гэта насуперак і волі большасці расіян.
Юрый Дракахруст, svaboda.org