Беларусь і Нарвегія абмяркоўваюць спрашчэнне візавага рэжыму

Учора Осла наведаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які прыняў удзел у чарговым раўндзе кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Нарвегіі.

sunrise-travel.by

sunrise-travel.by

Нарвежскую дэлегацыю на перамовах узначаліў Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Аўдун Халварсен.
Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, у рамках кансультацый працягнуты дыялог па актуальных пытаннях беларуска-нарвежскіх адносінаў, уключаючы стан і перспектывы развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, фарміравання дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, у першую чаргу, ў АБСЕ і ААН.
З улікам нядаўняга падпісання пагадненняў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі было вырашана ў максімальна сціснутыя тэрміны падрыхтаваць аналагічныя дакументы паміж Беларуссю і Нарвегіяй. Бакі таксама віталі мэтанакіраваныя намаганні профільных ведамстваў дзвюх краін па ўзгадненні праекта пагаднення аб узаемадзеянні паміж нацыянальнымі органамі па ядзернай бяспецы.
Тым часам паведамляецца, што на наваполацкім «Нафтане» ўжо пачалі перапрацоўваць нарвежскую нафту. Адзначаецца, што нарвежскі гатунак нафты Johan Sverdrup выйшаў на рынак толькі ў чацвёртым квартале 2019 года, але ўжо мае ўсе шанцы стаць сур'ёзным канкурэнтам расійскай Urals.
Нагадаем, Беларусь і Расія не змаглі дамовіцца пра кошты на нафту на 2020 год, таму з 1 студзеня пастаўкі расійскай сыравіны ў нашую краіну спыніліся. Беларусь накіравала прапановы аб імпарце нафты краінам Балтыі, Польшчы, Украіны, Казахстана і Азербайджану. Акрамя таго, перамовы аб пастаўках нафты вядуцца таксама з ЗША, Саудаўскай Аравіяй і ААЭ.