Ці можа Лукашэнка здрадзіць Пуціну з Кітаем? Адказвае Юрый Дракахруст

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст распавёў «Филину» аб новай сітуацыі пасля «рэферэндумаў», пра магчымасці і выклікі для Беларусі і кіруючага рэжыму.

drakaxrust0310__1_.jpg

— На мінулым тыдні з'явіліся паведамленні, што «Беларуская чыгунка» нібыта рыхтуецца прыняць тысячы расійскіх вайскоўцаў. Калі гэта адбудзецца напраўду, то Беларусь фактычна вернецца ў сітуацыю лютага, калі з нашай тэрыторыі была атакавана Украіна. Для беларускага рэжыму сёння чарговае выдаванне тэрыторыі — меншае з ліх?

— Так, гэта таксама ліха. І я думаю, для Лукашэнкі гэта таксама ліха, ён разумее наступствы ўсяго гэтага. Але ў параўнанні з гэтым уцягванне ў вайну беларускай арміі — гэта самае горшае, што можна сабе ўявіць.

Бо ў гэтай сітуацыі і ўсе сацыяльныя наступствы кладуцца на Лукашэнку, з улікам таго, што беларусы ў большасці сваёй катэгарычна не хочуць удзельнічаць у вайне. Ну, і ўдары ў адказ з украінскага боку. Я думаю, калі Беларусь будзе ўцягнута ў вайну, яна не будзе абаронена ад такіх удараў, украінцы пра гэта папярэдзілі.

— Пасля правядзення «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны склалася новая сітуацыя. Некаторыя эксперты бачаць у гэтым узрослую небяспеку для Беларусі, для кіруючага ў ёй рэжыму. А ці ёсць у гэтай новай сітуацыі калі не акно магчымасцей, то хаця б шчыліна?

— Я сказаў бы, што гэтая шчыліна ўзнікае не з самога рашэння аб правядзенні «рэферэндумаў», а з яго ўскосных абставін. Гэта рашэнне суправаджалася абвяшчэннем у Расіі мабілізацыі.

Мы памятаем, што перад гэтым расійская армія сутыкнулася з велізарнай праблемай дэфіцыту жывой сілы. Не хапала людзей, і яны іх выдзіралі адкуль толькі можна: зэкаў з калоній, перакідвалі часткі міратворцаў, якія стаялі ў Карабаху, з іншых месцаў, наймалі за велізарныя грошы праз розныя ПВК. Жывой сілы, відавочна, не хапала.

І ў той сітуацыі ідэя прымусіць Лукашэнку паслаць на вайну беларусаў затыкаць дзіркі была актуальнай. Але цяпер яны абвясцілі мабілізацыю. Так, гэта непадрыхтаваныя людзі, але, думаю, іх падрыхтуюць. І на нейкі час пытанне жывой сілы яны вырашаць.

Адпаведна, неабходнасць у жывой сіле з Беларусі пакуль што знізілася. Захоўваецца палітычная неабходнасць і матывацыя. Але яна існавала з 24 лютага. І раз яна не актуалізавалася, то, не выключана, што і цяпер не актуалізуецца.

З іншага боку, гэты дзіўны на першы погляд візіт у Абхазію, я думаю, быў спробай адцягнуць час. Магчыма, напярэдадні анексіі ў Сочы была размова аб тым, што вы нас падтрымаеце, прызнаеце гэтыя тэрыторыі. А ў адказ, не выключана, прагучала: «Слухайце, а мы Абхазію прызнаем. Пачнём працэс прызнання. Так, мы доўга гэтага не рабілі, а цяпер пачнём. Але гэта ж працэс». Маўляў, Абхазія на чарзе. А далей астатнія рэгіёны.

Мне здаецца, раптоўнае прызнанне Абхазіі (а ніякія прычыны ва ўзаемаадносінах Беларусі і Грузіі, Беларусі і Абхазіі да гэтага не падштурхоўвалі) — гэта спроба засланіцца рэзанансным фактам, каб не прымаць цяпер рашэнні па іншых праблемах.

Маўляў, мы іх пазней будзем разглядаць, асэнсоўваць.

Тут трэба разумець, што вайна можа скончыцца альбо паражэннем Украіны, альбо катастрафічным паражэннем Расіі. Калі ўспомніць войны, у якіх прайгравала Расія ці СССР, то ў выпадку з руска-японскай вайной ці з Афганістанам гаворка ішла пра страту чагосьці далёкага, але не пра страту тэрыторыі.

Зараз жа гаворка ідзе аб тым, што Расія страціць тэрыторыі, якія яна далучыла да сабе, замацавала ў Канстытуцыі. І гэта, безумоўна, для Беларусі стварае вострую сітуацыю, Лукашэнка аказваецца ў вельмі вузкім калідоры.

— Кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў сцвярджае, што Беларусь у значнай меры залежыць цяпер ад пазіцыі Пекіна. Працытую: «Яны будуць азірацца выключна на Кітай. У бліжэйшы час, напэўна, і Расію перастануць пытацца аб чымсьці. Кітай, у адрозненне ад Расіі, цяпер сапраўды ўплывовая дзяржава». Ці ёсць у Лукашэнкі прама цяпер прычыны або ўмовы для такой радыкальнай ракіроўкі?

— Я так не думаю. Безумоўна, пазіцыя Кітая мае значэнне. Магчыма, яго роля будзе ўзрастаць. Але, скажам так, не наўпрост. Усё ж, калі браць гандаль, то тавараабарот з Кітаем значна меншы, чым з Расіяй.

Што тычыцца вайсковай інтэграцыі, то з Расіяй яна знаходзіцца на найвышэйшым узроўні. Акрамя таго, што расійцы проста прыязджаюць у Беларусь, страляюць з яе тэрыторыі, робяць, што хочуць. Пытаюцца яны пры гэтым у Лукашэнкі? Можа, і пытаюцца, а можа і не.

А Кітай? Найбліжэйшы да Беларусі кітайскі салдат знаходзіцца ў Кітаі. Так, быў у нас праект па стварэнні «Паланэзаў». Але гэта адзін праект, ды і калі гэта было? Ёсць кітайскія інвестыцыі, але яны несувымерныя з расійскімі.

Так, Пекін можа неяк паўплываць на Маскву, параіць не вельмі ціснуць на Беларусь. Але казаць, што ён стане новым «старэйшым братам», альтэрнатывай для Расіі, улічваючы два вышэйпералічаныя фактары, не даводзіцца.

— І ўсё ж, наўрад ці Кірыл Буданаў не ведае аб нашай татальнай залежнасці ад Расіі ў эканоміцы і ў ваеннай сферы. Для чаго спатрэбілася гэта заява? Каб паспрабаваць убіць клін паміж Мінскам і Масквой?

— Я не выключаю, што гэта спроба неяк паўплываць, магчыма, спроба ўбіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Прыстрашыць Крэмль тым, што ў Беларусі ёсць свае выхады, свае альтэрнатывы.

У прынцыпе, гэта пасланне самога Лукашэнкі. Тое, што ён паехаў на саміт ШАС, як ён там сябе паводзіў, дарэчы. Для мяне тое, што ён на саміце надзеў маску, ды яшчэ і з сімвалам Кітая — гэта не сігнал таварышу Сі, а сігнал таварышу Пуціну: маўляў, у нас тут ёсць альтэрнатыўныя варыянты. А ў Кіеве зразумелі, што меў на ўвазе Лукашэнка.

Іншая справа, што аб'ектыўны аналіз паказвае: у якасці гульні гэта магчыма, але ўявіць у рэальнасці, што таварыш Сі скажа Пуціну не чапаць Беларусь, не прымушаць яе да лішніх рухаў цела — не факт.