Чалы: Пуцін — фраер з «пушкай». Якому страшна, але які думае, што з гэтай «пушкай» ён моцны

Аналітык Сяргей Чалы — пра сігналы дыктатара Беларусі заходнім краінам у кантэксце вайны Расіі супраць Украіны.

Фота getty images

Фота getty images

— Адна з метатэм Лукашэнкі, якая перыядычна ўзнікае, — калі ён звяртаецца да свету і кажа: ратуйце мяне ад гэтага вар'ята. Ад Пуціна, —  цытуе Чалага «Салідарнасць»са спасылкай на эфір «Еўрарадыё». — Гэта некалькі разоў было (з боку Лукашэнкі).

На адной з прэс-канферэнцый сэнс слоў Лукашэнкі быў такі: ён жа шалёны, ён націсне на кнопку, ратуйце мяне ад яго. І сябе Лукашэнка прапаноўваў у якасці таго чалавека, які з'яўляецца адзіным, які ведае, як з Пуціным размаўляць.

Што насамрэч праўда. 24 гады яны з ім разам.

Чым цяпер Лукашэнка займаецца? Ён кажа астатнім: глядзіце, як я ўтрымліваю гэтую частку тэрыторыі (ад вайны). Так, тады (24 лютага 2022 года) так атрымалася, я саўдзельнік. Але вось цяпер бачыце што. І зразумела, што Расіі не падабаецца гэтая пазіцыя.

Лукашэнка кажа: хлопцы, глядзіце, у гэтага чувака план зноў праз маю тэрыторыю справакаваць Украіну на зваротны ўдар з тым, каб мяне ў баявыя дзеянні ўцягнуць.

Пры гэтым Лукашэнка ўсё выдатна разумее пра свае ўзброеныя сілы. Адсюль размовы «а давайце старых знойдзем і ўзброім», падключым паляўнічых і рыбаловаў Шуневіча і г.д. Лукашэнка насамрэч у жаху.

І я, дарэчы, думаю, што Пуцін у астрале і даўно зжыўся з думкай пра ўжыванне ядзернай зброі. Адзінае, што яго стрымлівае: што яна можа пукнуть.

Пуцін — гэта фраер з «пушкай». Якому страшна, але які думае, што з гэтай «пушкай» ён моцны. І ўсё, яна яго ўжо вядзе. Яна яму ляжку паліць.

А з іншага боку: калі заціснуты ў кут фраер дастане пісталет, а там асечка — тут яму і канец. Таму ёсць яшчэ невялікі люфт (у прыняцці рашэння Пуціным).

Адказваючы на пытанне пра верагоднасць захопу Беларусі Расіяй у выпадку, калі на змену Лукашэнкі прыйдзе не пажаданы для яе чалавек, Чалы заўважыў: «Якія войскі? Яны ў сваім Курску ўвесці нічога не могуць».


Глядзіце таксама

На думку Чалага, піша «Наша Ніва», уплыў Расіі на Беларусь з Лукашэнкам моцна перабольшаны, і ён не ўпэўнены ў наяўнасці нейкіх механізмаў, з дапамогай якіх у Масквы атрымлівалася ціснуць на беларускага дыктатара.

Чалы заўважае, што Лукашэнка ўвесь час прадаваў Пуціну ілюзію імперскай велічы, якую ён называе «анестэзіяй фантомных імперскіх боляў». Пасля 2014 года, калі пачалася вайна на Данбасе, Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць рыторыку пра Беларусь як частку «рускага свету»:

«Мы ж самі рускі свет, мы ж такія ж, проста са знакам якасці». Гэта абарончы механізм. Але ён яму пастаянна гаворыць, што ў выпадку чаго, «ты ж ведаеш, мы за цябе».

На погляд Чалага, Зянон Пазняк, калі гаворыць пра тое, што Лукашэнка — адзіны гарант незалежнасці Беларусі, разумее пад ёй тое ж, што і беларускі дыктатар.

«У іх спецыфічнае разуменне суверэнітэту. Гэта не суверэнітэт народа. Гэта не суверэнітэт у сучасным яго паліталагічным сэнсе. Гэта суверэнітэт манарха, (…) сэнс якога заключаецца ў тым, што я на сваёй тэрыторыі маю права рабіць усё, што заўгодна, і вы са сваім міжнародным правам не павінны ўмешвацца ў маё ўнутранае бяспраўе. (…)

Гэта суверэнітэт яго, калі ён гаворыць пра Беларусь. «Я магу сабе дазволіць тут рабіць усё, што заўгодна. Не цягніце мяне ў Гаагу». (…) Гэтае познесярэднявечнае разуменне суверэнітэту. (…) У пэўны момант гэты суверэнітэт манарха ўваходзіць у супярэчнасць з суверэнітэтам народа», — кажа Чалы.