Чаму так і не адбылася інтэграцыя інтэграцый
Марыць не шкодна, у тым ліку і разважаць пра магчымасць працаваць паводле аднолькавых правілаў на рынку ад Атлантыкі да Ціхага акіяну
Як добра, што памыйка (інтэрнэт) не пакутуе на амнезію. Набіраю ў пошукавіку «інтэграцыя інтэграцый» — і адразу ж знаходжу артыкул адзінага палітыка (АП) «Аб лёсах нашай інтэграцыі», апублікаваны ў газеце «Известия» 17 кастрычніка 2011 года.
Добрыя былі часы! У той год кожнаму ахвочаму зазірнуць за гарызонт зусім не было патрэбы караскацца на вяршыню гіганцкай секвоі. Можна было абысціся хвояй ці хаця б бярозкай. Не патрэбны быў і марскі бінокль — хапіла б і тэатральнага, каб, разгойдваючыся на галінцы, па складах і з выразам прачытаць, напрыклад, наступны фрагмент артыкула АП: «Грандыёзны, але цалкам рэалістычны праект стварэння Еўразійскага саюза тоіць вялізныя выгады для ўсяго кантынента. Магчымасць працы паводле аднолькавых правілаў на рынку ад Атлантыкі да Ціхага акіяна ўмацуе экспартны патэнцыял нашых прадпрыемстваў і прывабнасць нашых эканомік для замежнага бізнесу».
Спалучэнне грандыёзнасці з рэалістычнасцю на стадыі распрацоўкі праекта — гэта наша ўсё. Яго ніхто ў нас не забярэ. Мяркую, па той жа прычыне, па якой не злавілі «Няўлоўнага Джо» (якога — калі хто забыўся — ніхто і не спрабаваў злавіць).
Тым не менш падстава для хваляванняў ёсць, таму прапаную паглядзець афіцыйную статыстыку. Але каб не марнаваць час на гартанне даведнікаў, я звярнуся па дапамогу да расійскага эканаміста Ігара Нікалаева, які істотную частку руціннай працы ўжо зрабіў: «Калі ў 2000 годзе доля Расіі ў беларускім экспарце складала 84,3%, то ў 2018 годзе — толькі 38,5%, у Казахстане вага Расіі за мінулыя гады знізілася з 19,5% да 8,5%, ва Украіне — з 34,5% да 7,7% (ну, Украіна наогул асаблівы выпадак). З імпартам з Расіі за гэтыя гады адбывалася тое ж самае. У Беларусі яго доля знізілася з 92,3% да 59,2%, у Казахстане — з 48,7% да 38,1%. Ва Украіне — з 26,2% да 14,2%».
А ці быў хлопчык?
Дынаміка імпарту-экспарту — гэта для спецыялістаў. Простага чалавека такія лічбы не цікавяць. Але меў рацыю, тройчы меў рацыю АП, які знайшоў патрэбныя словы ў адказ на русафобскія стогны «пятай калоны»: «Людзям трэба на справе паказаць, што канкрэтна ім дасць гэты новы саюз. Даказаць, што інтэграцыйныя памкненні — не палітычныя ігрышчы, а рэальныя перадумовы далейшага паляпшэння дабрабыту чалавека».
АП, калі працаваў над тэкстам артыкула для газеты «Известия» ў 2011 годзе, натуральна, быў вымушаны пісаць у будучым часе. Але мне сёння ніхто не перашкаджае казаць не пра перспектывы, а пра дасягненні.
У лютым сярэдні беларускі працаўнік зарабіў 977,6 рубля, або 466 у доларавым эквіваленце. Да запаветных 500 долараў («святой лічбы»), упершыню паабяцаных яшчэ ў снежні 2009 года, дацягнуць так і не атрымалася. Дзесяць гадоў — два прэзідэнцкія тэрміны — праляцелі як адзін дзень! Але праляцелі яны нездарма, бо іх палёт суправаджаўся бесперапыннай дэманстрацыяй пераваг інтэграцыі інтэграцый. Ёсць што прыгадаць. Ёсць што расказаць дзецям і ўнукам.
За дзесяць гадоў «тлустыя нулявыя» ў Беларусі плаўна змяніліся «худымі дзясятымі» — і тое, што ўстойліва расло, гэтак жа ўстойліва пачало зніжацца. У Расіі — тая ж карціна. Праблемы ў яе эканоміцы выразна выявіліся ў канцы 2012 года, г.зн. яшчэ да «крымнаша» з яго санкцыямі і контрсанкцыямі.
Чаму ж «вестка аб фармаванні новага магутнага адзінага рынку з надзвычай сур’ёзным вытворчым, рэсурсным, інтэлектуальным патэнцыялам», якая, на думку АП, не выклікала ў знешніх цэнтраў энтузіязму, так і не ўвасобілася ў жыццё?
Тут самы час, як герой рамана пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага «Жыццё Кліма Самгіна», выгукнуць: «А ці быў хлопчык?». У нашай сітуацыі гэта азначае сумнеў у наяўнасці згаданых вышэй рэсурсаў і патэнцыялу.
Пра эканамічны патэнцыял любой краіны ў наш час прасцей за ўсё меркаваць па структуры яе экспарту. Вось якім ён быў у 2018 годзе ў Расіі — найбуйнейшай дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза:
мінеральныя прадукты — 64,79%;
металы і вырабы з іх — 9,88%;
прадукцыя хімічнай прамысловасці — 6,09%;
харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна — 5,53%;
машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі — 5,13%;
драўніна і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 3,10%;
каштоўныя металы і камяні — 2,24%.
Пытанні ёсць? Пытанняў няма. 5% машын, абсталявання і транспартных сродкаў — такія лічбы ў каментарах не маюць патрэбы.
Расія Ірландыі не супернік
Здавалася б, такая структура экспарту «нашай Расіі» павінна нас толькі радаваць — лепшай магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу «былога зборачнага цэха СССР», мабыць, і не знайсці.
Чаму ж тады доля Расіі ў беларускім экспарце скарацілася за няпоўныя 20 гадоў з 84,3%, да 38,5%? Чаму, замахнуўшыся на інтэграцыю інтэграцый, мы сталі такімі неэфектыўнымі ў эканамічнай інтэграцыі з культурна блізкімі нам?
Расія перапоўненая нафтадоларамі. Яна можа набыць усё, што толькі пажадае. Яна і набывае, але не ў нас. Яна купляе там, дзе ўмеюць вырабляць не толькі традыцыйныя тавары больш танна і якасна, але і там, дзе наладжаны выпуск унікальных тавараў. А што ўнікальнага можа прапанаваць краіна, якая штогод падае не больш за дзясятак заявак на атрыманне міжнародных патэнтаў?
Тым не менш у Расіі і Беларусі на пачатку 1990-х гадоў быў шанц стаць эканамічнымі партнёрамі Захаду, без чаго немагчымая рэальная інтэграцыя інтэграцый.
Вось як гэту магчымасць тлумачыць расійскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў: «Аграмадныя рэсурсы, якія на ўнутраным рынку былі ў разы танней, чым на сусветным, і маглі ў гэтай сітуацыі адыграць такую ж ролю ў развіцці зборачнай вытворчасці, якую ў Кітаі адыграла танная рабочая сіла; кваліфікаваны персанал, яшчэ не сапсаваны сучаснай «адукацыяй» і не занадта патрабавальны да высокіх даходаў; адносна ліберальная падатковая сістэма, якая магла заставацца такой яшчэ доўгія гады, калі б урад сцішыў свае аўтарытарныя і геапалітычныя амбіцыі, — усё гэта магло зрабіць Расію (і Беларусь. — рэд.) ідэальным месцам для еўрапейскіх інвестыцый».
Магло, але не зрабіла. Расійская і беларуская мадэлі сваімі сацыяльнымі і палітычнымі складнікамі не прываблівалі сур’ёзных інвестараў. А з апорай на ўласныя сілы ні адной з «краін, якія даганяюць», яшчэ не атрымалася здзейсніць пераходу з трэцяга свету ў першы. Такі адзін з урокаў гісторыі. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова прааналізаваць вопыт азіяцкіх «тыграў».
Зноў звярнуся па дапамогу да статыстыкі. У Топ-5 інвестыцыйна прывабных дзяржаў у 2017 годзе ўвайшлі (у мільярдах долараў): Кітай — 144, Ганконг — 85, Нідэрланды — 68; Ірландыя — 66 і Аўстралія — 60. Расія з 31 не трапіла і ў дзясятку. Прычым, калі параўноўваць паказчыкі, неабходна памятаць пра колькасць насельніцтва. У Ірландыі, напрыклад, у 2006 годзе пражывалі 4,2 мільёна чалавек.
Дзе блат, там і карупцыя
Ад эканамічнай статыстыкі пяройдзем да азбукавых паліталагічных ісцін. Аўтары бестселера «Гвалт і сацыяльныя парадкі» нобелеўскі лаўрэат эканаміст Дуглас Норт і яго калегі Бары Вайнгаст і Джон Уолес выдзелілі два прынцыпова адрозных тыпы сацыяльнага парадку: натуральныя дзяржавы (НД) або парадак абмежаванага доступу і парадак адкрытага доступу (ПАД).
Калі адкінуць імітацыйную мішуру, дык варта прызнаць колькасную перавагу натуральных дзяржаў у сучасным свеце. У такіх дзяржавах, «абмяжоўваючы доступ да прывілеяў толькі чальцамі пануючай кааліцыі, эліты ствараюць надзейныя стымулы супрацоўнічаць, а не змагацца адзін з адным». Як гэта ажыццяўляецца на практыцы, кожны беларус мае магчымасць адчуць на ўласным досведзе, калі падасць дакументы на рэгістрацыю палітычнай партыі ці грамадска-палітычнай газеты.
Пры ПАД доступ да асноўных палітычных і эканамічных рэсурсаў з’яўляецца роўным і адкрытым. Атрыбутамі такога ладу робяцца незалежныя ад дзяржавы структуры прыватнага бізнесу і арганізацый грамадзянскай супольнасці, вяршэнства закона, надзейная сістэма прававых гарантый і свабодаў. Да пачатку XXI стагоддзя не больш за 25–30 дзяржаў здолелі падтрымаць развіццё такога парадку.
У НД пераважаюць асабістыя адносіны. Адна з найбольш папулярных формаў такіх адносін — блат. А дзе блат, там і карупцыя. Спробы барацьбы з карупцыяй у натуральнай дзяржаве чымсьці нагадваюць спробы пілаваць галіну, на якой трымаюцца ўсе НД. Такія дзяржавы не вызначаюцца стабільнасцю і не здольныя да ўстойлівага эканамічнага росту.
Таму за апошнія 15 гадоў не было ніводнага паслання АП, у якім бы не ўздымалася пытанне пра захаванне стабільнасці. Не стане выключэннем і новае чарговае пасланне, прызначанае на 19 красавіка.
* * *
Нескладана заўважыць, што ў межах тэорыі трох амерыканскіх эканамістаў любыя спробы ажыццявіць інтэграцыю інтэграцый раўнасільныя спробам атрымання гібрыду вожыка і вужа, гібрыду натуральнай дзяржавы і парадку адкрытага доступу.