Былога начальніка ўпраўлення Мінабароны прысудзілі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 3 красавіка прысудзіў былога начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны 44-гадовага палкоўніка Аляксея Яськова да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўлення воінскага звання і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (12,7 тыс. рублёў).
Справа Яськова слухалася ў судзе Фрунзенскага раёна з 6 сакавіка. Яськова прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і ў злоўжыванні ўладай. Пракурор Юрый Шарснёў запытваў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на дзевяць гадоў.
Паводле абвінавачання, Яськоў у некалькі этапаў атрымаў ад намесніка дырэктара фірмы «Геол-М» Аляксандра Семенюка не менш за 18 тысяч долараў за спрыянне прасоўванню прадукцыі арганізацыі.
«Геол-М» ужо некалькі разоў фігуравала ў працэсах па справах аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Заснавальнік і дырэктар «Геол-М» Уладзімір Ладуцька як хабарадавальнік даваў паказанні ў працэсах супраць былога начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака, былога галоўнага ўрача 12-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска Уладзіміра Краўчонка, былога кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргея Карыцька.
Былы начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны віну не прызнаў. Яськоў займаў пасаду начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны з красавіка 2015 года да моманту яго затрымання. Адказваў за забеспячэнне медыцынскім абсталяваннем падведамасных міністэрству ўстаноў аховы здароўя, разглядаў камерцыйныя прапановы, рыхтаваў прапановы па размеркаванні фінансавых сродкаў.
naviny.by