Чым пагражае Беларусі патрабаванне Масквой ад Захаду «гарантыяў бяспекі»
«Заходнімі палітыкамі не вымаўлена ніводнага слова пра тое, што расійскія войскі павінны пакінуць Беларусь. Пра Украіну — сказана. Пра Беларусь — не». Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае ў сваім тэлеграме пра тое, што беларусам ад патрабаванняў «гарантый бяспекі» Расіі з боку NАТO.
Пасля сустрэчы дзяржсакратара ЗША Блінкена і кіраўніка МЗС Расіі Лаўрова
больш дакладна акрэсліўся перыметр «гарантыяў бяспекі», які патрабуе Масква. Ён
стаў значна большы, чым уяўлялася спачатку.
Калі раней гаворка ішла ў асноўным пра Украіну, дык цяпер узнікла тэма вываду войскаў NАТO з Балгарыі і Румыніі. Але наперадзе мінімум яшчэ адна сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх дзяржаваў, і хто ведае, ці ў патэнцыйную «сферу інтарэсаў» Крамля не дададуцца іншыя краіны?
Напрыклад, Польшча, ці Літва, ці Латвія, ці Эстонія. Або – усе чатыры разам.
А якія ўвогуле перспектывы для Беларусі нясе гэтае патрабаванне «гарантыяў бяспекі»?
Мы ўжо бачым нарошчванне, прычым імклівае (дзясяткамі эшалонаў штодня) прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі і іх размяшчэнне на мяжы з Украінай. Пра магчымы вынік у нядаўнім інтэрв’ю «Свабодзе» выказаўся кіеўскі вайсковы эксперт: калі з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны пачнуцца ракетныя абстрэлы, украінскае войска будзе страляць у адказ.
Гэта азначае, што, як калісьці ў Афганістане, беларусы будуць гінуць за чужыя інтарэсы — толькі цяпер не за вызначаную Крамлём «дапамогу афганскаму народу ў пабудове сацыялізму», а за «гарантыі бяспекі Расіі» (сфармуляваныя пад тымі ж крамлёўскімі вежамі).
І гэта самая дарагая плата — чалавечыя жыцці.
Але ёсць і доўгатэрміновыя наступствы, якія могуць надысці нават у тым выпадку, калі ніякіх баявых дзеянняў не будзе. Тэрмін іх дзеяння можа быць акрэслены не гадамі, а дзесяцігоддзямі.
Магу памыліцца, але, хутчэй за ўсё, адмова Масквы ад пачатку вайсковага наступу на Украіну адбудзецца тады, калі Захад сапраўды дасць пэўныя гарантыі.
Прычым, магчыма, зусім не звязаныя з NАТO і ўвогуле з вайсковым аспектам непасрэдна.
Я маю на ўвазе дамоўленасць пра сферы палітычнага ўплыву. Гэтыя дамоўленасці могуць быць і не аформленыя юрыдычна і не абвешчаныя публічна.
Прыгадаем, што ў 1945 годзе ў Ялце кіраўнікі краінаў-пераможцаў (Вялікабрытаніі, ЗША, СССР) не вызначалі канкрэтна, якія менавіта дывізіі паставіць Сталін у Чэхаславаччыне ці ў Польшчы, колькі брытанскіх ці амерыканскіх крэйсераў і якіх зойдзе ў парты Італіі. Гэта было даручана вайскоўцам. Палітычныя лідары дамовіліся пра зоны ўплыву (скажам, Польшча — зона інтарэсаў СССР, а Грэцыя — Вялікабрытаніі).
Беларусь не гучыць у кантэксце абмеркавання «гарантыяў бяспекі». Так, выказваецца вялікая засцярога уводам расійскіх войскаў, але — толькі ў кантэксце небяспекі для Украіны і краінаў NАТO (Польшчы, Літвы і Латвіі). Заходнімі палітыкамі не вымаўлена ніводнага слова пра тое, што расійскія войскі павінны пакінуць Беларусь, бо беларускі народ мае права сам рабіць геапалітычны выбар (праз свабодныя выбары, якіх не было).
Пра Украіну — сказана. Пра Беларусь — не.
Выглядае, па факце Захад можа прызнаць (альбо ўжо маўкліва прызнаў), што Беларусь уваходзіць у зону палітычных інтарэсаў Расіі.
Далей можна доўга разважаць пра перспектывы — але дастаткова проста паглядзець на поспехі ўсходняй суседкі ў эканоміцы, навуцы, адукацыі, аховы здароўя, у ахове навакольнага асяроддзя. Не кажучы ўжо пра дэмакратыю і правы чалавека.
Адзіная сфера, дзе вынікі сапраўды ўражваюць — вайсковая. Войска ў Расіі за два дзесяцігоддзі Пуціна, трэба прызнаць, умацавалася.
Цяпер гэтае войска прыбывае ў Беларусь. І падаецца, што яно дрэнна будзе сумяшчацца з паняццем «свабодныя і справядлівыя выбары».