Брытанскае МЗС: Масква хоча прывесці да ўлады ва Украіне прарасійскага лідара
У Расіі ўжо назвалі гэта дэзінфармацыяй.
У Крамлі хацелі б усталяваць у Кіеве ўладу прарасійскага кіраўніцтва і вывучаюць пытанне аб уварванні і акупацыі Украіны, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у суботу, 22 студзеня, на сайце міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі. Удакладняецца, што «ў якасці патэнцыйнага кандыдата разглядаецца былы ўкраінскі дэпутат Яўген Мураеў», піша Deutsche Welle.
Спецслужбы РФ кантактуюць з украінскімі палітыкамі
Акрамя таго, брытанская дыпламатыя мае інфармацыю, што расійскія спецслужбы маюць кантакты з былымі ўкраінскімі палітыкамі, сярод якіх экс-першы віцэ-прэм'ер Сяргей Арбузаў, экс-першы віцэ-прэм'ер Андрэй Клюеў, экс-намеснік сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Уладзімір Сіўковіч і экс-прэм'ер Мікалай Азараў.
Некаторыя з гэтых палітыкаў кантактуюць менавіта з тымі супрацоўнікамі спецслужбаў РФ, «якія ў цяперашні час уцягнутыя ў складанне планаў нападу на Украіну», сцвярджаецца ў дакуменце.
Кіраўнік брытанскага МЗС перасцерагае РФ ад атакі на Украіну
Па словах кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі Ліз Трас, апублікаваныя даныя «праліваюць святло на маштабы расійскай падрыўной дзейнасці супраць Украіны, а таксама даюць уяўленне аб тым, як думаюць у Крамлі».
«Любое расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну будзе сур'ёзнай стратэгічнай памылкай, якая цягне істотныя выдаткі», — падкрэслівае Трас, заклікаючы ўлады РФ перайсці на шлях дыпламатыі.
МЗС РФ назваў паведамленне дэзінфармацыяй
Як стала вядома ў ноч на 23 студзеня, у МЗС РФ назвалі апублікаваныя ў Лондане даныя «дэзінфармацыяй і правакацыйнай дзейнасцю», абвінаваціўшы ў эскалацыі напружанасці вакол Украіны «краіны НАТА на чале з англа-саксамі».
У Вашынгтоне занепакоеныя
Інфармацыя брытанскага МЗС выклікае глыбокую заклапочанасць у Вашынгтоне. «Украінскі народ мае суверэннае права вызначаць сваю будучыню», — у той жа дзень заявіла прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі (СНБ) пры Белым доме Эмілі Хорн, запэўніўшы, што ЗША стаяць «на баку дэмакратычна абраных партнёраў ва Украіне».