Рада БНР: За падтрымку Пуціна Лукашэнка расплачваецца лёсам беларускага народа
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай наконт размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.
У сваёй заяве Рада БНР канстатуе, што «ўваход на тэрыторыю Беларусі расійскіх вайсковых фармаванняў, іх размяшчэнне на мяжы з Украінай і гатоўнасць Лукашэнкі падтрымаць агрэсіўныя авантурныя планы Пуціна ствараюць пагрозу як для беларускага народа, гэтак і для еўрапейскай бяспекі.
Палітыка вайсковага збліжэння з Расіяй, якую праводзіць нелегітымны дзейны кіраўнік Беларусі, цалкам супярэчыць дэклараванаму ў дзейнай Канстытуцыі курсу на імкненне зрабіць тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай (Артыкул 18).
Дапусціўшы на тэрыторыю краіны вялікі кантынгент расійскіх войскаў, Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Пуціна лёсам беларускага народа і гатовы заплаціць жыццямі людзей.
Упершыню ў гісторыі Беларусь успрымаецца ў свеце ў якасці патэнцыйнага агрэсара».
Рада БНР нагадвае, што «Лукашэнка не з'яўляецца легітымна абраным кіраўніком дзяржавы, на ягоным сумленні — смерці мірных людзей, тысячы палітычных вязняў, ён не мае ніякага ні юрыдычнага, ні маральнага права прымаць якія б тое ні было дзяржаўныя рашэнні і распараджацца жыццямі людзей».
У сваёй заяве Рада БНР адзначае, што «расійскія войскі мусяць быць неадкладна выведзеныя з тэрыторыі Беларусі. У краіне павінны адбыцца свабодныя выбары пад міжнародным назіраннем.
Рада БНР звяртаецца да грамадства Беларусі і здаровых патрыятычных сілаў на дзяржаўнай і вайсковай службе Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да дзеянняў у нацыянальных інтарэсах, калі кіраўніцтва Лукашэнкі размесціць расійскія войскі на сталай аснове, ядзерную зброю ў Беларусі ці зацягне Беларусь у вайну на баку дзяржавы-агрэсара.
Рада БНР перакананая, што ўсе дэмакратычныя і незалежніцкія сілы Беларусі, усе, каму дарагі лёс Бацькаўшчыны, павінны адназначна заявіць пра свой геапалітычны выбар, і заяўляе, што бачыць яго не на ўсходзе, а на захадзе, не з імперскай Расіяй, а з дэмакратычным Захадам».
Таксама Рада БНР адзначае, што разлічвае на падтрымку ад краінаў Еўразвязу, ад Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады.