Даклад SIPRI: Гонка ядзерных узбраенняў пачынаецца зноў

Новае даследаванне навукоўцаў са Стакгольма паказвае на небяспечную тэндэнцыю і пацвярджае прагноз пра змену эпох у сусветнай палітыцы. Асаблівую трывогу гэта выклікае на фоне вайны ў Украіне.

61087193_303.jpeg


У найбліжэйшае дзесяцігоддзе свет чакае новы віток гонкі ядзерных узбраенняў. Такая галоўная выснова даклада, падрыхтаванага Стакгольмскім міжнародным інстытутам даследавання праблем міру (SIPRI) і апублікаванага 13 чэрвеня. Як адзначаюць эксперты, усе 9 дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, — Расія, ЗША, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія, Пакістан, Індыя, Ізраіль і Паўночная Карэя, — пачынаюць актыўна мадэрнізаваць свой арсенал.

Ядзерны арсенал і агрэсіўная рыторыка

Агульная колькасць ядзерных боегаловак, паводле даных SIPRI, на студзень 2022 года склала 12 705 штук, з іх 9440 — актыўныя і патэнцыйна гатовыя да выкарыстання ў ваенных мэтах. У параўнанні з мінулым годам гэтая колькасць крыху знізілася: у студзені 2021 года налічвалася 13 080 боегаловак. Аднак, як падкрэсліваюць эксперты, змяншэнне тлумачыцца не раззбраеннем, а зняццем з узбраення Злучанымі Штатамі і Расіяй састарэлых сістэм, што было запланавана яшчэ некалькі гадоў таму. Колькасць жа актыўных боегаловак за год практычна не змянілася.
Больш за тое, у SIPRI бачаць змену сусветнай тэндэнцыі. «Маюцца выразныя прыкметы таго, што змяншэнне ядзерных арсеналаў, якое мела месца пасля заканчэння халоднай вайны, завяршылася», — кажа Ханс Крыстэнсэн, вядучы эксперт SIPRI па ядзернай зброі.
З ім згодны і дырэктар праграмы SIPRI па зброі масавага знішчэння Вільфрэд Ван: «Усе ядзерныя дзяржавы зараз пашыраюць або мадэрнізуюць свой арсенал — а большасць з іх яшчэ і пераходзяць да больш агрэсіўнай рыторыкі датычна прымянення атамнай зброі і яе ролі ў іх ваеннай стратэгіі». Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя, канстатуе эксперт.


Ядзерны парытэт і падводныя лодкі

На Расію і ЗША сукупна прыходзіцца цяпер больш за 90% сусветнага ядзернага арсенала. Аналітыкі SIPRI асабліва адзначаюць, што на пачатак гэтага года, паводле іх падлікаў, РФ — у дадатак да стратэгічных ядзерных узбраенняў — мела 1912 зарадаў тактычнай ядзернай зброі.
Эксперты са Стакгольмскага інстытута агаворваюцца пры гэтым, што сярод спецыялістаў няма адзінства з нагоды таго, што ж адносіць да тактычнага ядзернага ўзбраення. У цэлым, расійскія нестратэгічныя ядзерныя сілы, на іх думку, маюць на мэце нівеліраваць слабасць канвенцыйнай часткі ўзбраенняў войска РФ — і выраўнаваць ядзерны парытэт РФ з ЗША.

Колькасць ядзернай зброі ў свеце. Інфаграфіка: dw.com

Колькасць ядзернай зброі ў свеце. Інфаграфіка: dw.com


Інтэнсіўна развіваецца ў апошнія месяцы ядзерная праграма Кітая: згодна са спадарожнікавымі здымкамі, КНР цяпер вядзе будаўніцтва каля 300 новых пускавых шахт для ракет. Мяркуецца таксама, што за мінулы год атамнай зброяй была абсталяваная і новая кітайская падлодка.
Пра пашырэнне свайго ядзернага арсенала за мінулы год паведаміла і Вялікабрытанія, што стала адмовай ад палітыкі раззбраення, якой краіна прытрымлівалася апошнія дзесяцігоддзі. Раней Лондан неаднаразова крытыкаваў Расію і Кітай за нежаданне публікаваць поўную статыстыку пра іх ядзерныя праграмы, аднак цяпер Вялікабрытанія сама заявіла, што засакрэціць звесткі пра ўласнае атамнае ўзбраенне.
Францыя ў мінулым годзе абвясціла пра старт распрацоўкі падводных лодак новага, трэцяга пакалення — з ядзернай зброяй на борце. Розныя праграмы мадэрнізацыі рэалізуюць цяпер таксама Індыя, Пакістан і Ізраіль, прычым ізраільскі бок афіцыйна не пацвярджае, але і не абвяргае наяўнасць у сябе ядзернай зброі.
Паўночная Карэя за мінулы год усё больш паслядоўна ставіла ядзернае ўзбраенне ў цэнтр уласнай дактрыны нацыянальнай бяспекі. І хоць за апошнія 12 месяцаў Пхеньян не праводзіў ядзерных выпрабаванняў, эксперты SIPRI ацэньваюць ядзерны патэнцыял краіны прыблізна ў 20 боегаловак — пры наяўнасці зыходных матэрыялаў для стварэння яшчэ 20-25 атамных зарадаў.


Вынікі штогадовага дакладу SIPRI

«Нягледзячы на некаторыя поспехі ў мінулым годзе ў сферы ядзернага раззбраення і кантролю, даводзіцца канстатаваць, што рызыка прымянення атамнай зброі цяпер вышэйшая, чым калі б там ні было з часу заканчэння халоднай вайны», — падвёў высновы кіраўнік Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру Дэн Сміт.
Цяперашняе даследаванне пра ядзерную зброю і праблемы нераспаўсюджвання з'яўляецца часткай штогадовага — ужо 53-га па ліку — зводнага дакладу SIPRI. Даклад таксама ўключае ў сябе ўжо апублікаваныя раней часткі, прысвечаныя абаронным выдаткам дзяржаў, рэгіянальным канфліктам, сувязі палітыкі бяспекі і змены клімату і шэрагу іншых тэм.
Паводле dw.com.