«Дэмакратыя — гэта ідэя, у якую палітычныя злачынцы не вераць...»

Палітолаг Павел Усаў у сваім блогу паразважаў аб дэмакратыі.

Фота: EPA

Фота: EPA

У сувязі з тым, што аўтарытарны рэжым цалкам ліквідуе элементы фасаднай дэмакратыі, «выбары» канчаткова ператварыліся ў максімальна спрошчаны механізм фальсіфікацый. Нават не фальсіфікацый, а хутчэй, у фільтр які прадухіляе «дэстабілізуючы» ўдзел у палітычным працэсе грамадзян.
Іншымі словамі, улада канчаткова аддзяляе «выбары» ад «насельніцтва».
Па-першае, у сувязі з новымі зменамі магчымасці «галасаваць» за мяжой не будзе. Наогул, беларусы, якія пакінулі краіну, паступова выводзяцца са стану грамадзянства, губляючы нават фармальныя, дэкларатыўныя правы. Беларуская палітычная дыяспара разглядаецца як пагроза.
З іншага боку ўлада пашырыла свае паўнамоцтвы для рэалізацыі завочных рэпрэсій у дачыненні да іх. Быў уведзены прынцып «незваротнасці пакарання», гэта значыць прысуды будуць выносіцца і выконвацца завочна. Галоўным чынам гэта будзе датычыцца арышту маёмасці.
Здзіўлены, чаму да гэтага часу такі ж механізм не распрацаваны (і не агучаны) апазіцыяй у дачыненні да тых, хто здзяйсняе службовыя і іншыя грамадзянскія злачынствы ў Беларусі па палітычных матывах.
Фактычна ўвесь кіруючы клас у Беларусі — гэта палітычныя і інфармацыйныя экстрэмісты.
Па-другое, «выбарчыя камісіі» лікава скарачаюцца і ператвараюцца ў «выбарчыя тройкі». Гэта робіцца перш за ўсё для больш эфектыўнага ўтойвання злачынстваў (фальсіфікацый), прадухілення ўцечкі інфармацыі, а таксама дадзеных фальсіфікатараў.
Па-трэцяе, гнаць на выбары ўлады ўжо, напэўна, не будуць, каб не ствараць сабе лішнія праблемы і напружанасць.
Максімальная закрытасць і спрошчанасць выбарчага працэсу застанецца такой, пакуль будзе існаваць рэжым Лукашэнкі.
«Выбары» не павінны ператварыцца ў крыніцу рэвалюцыі і нестабільнасці. Па ідэі іх увогуле не павінна быць.

vybary_2_5.jpg

На сённяшні дзень яны не маюць ніякай функцыі для стабілізацыі і легітымацыі сістэмы. Разам з тым для кіруючай групы вельмі важна захаваць ілюзію таго, што ў краіне ёсць «дэмакратыя», што ўлада не ўзурпіравана, хаця ўсе выбары — гэта адна суцэльная фальсіфікацыя.
Мяркую, што дэмакратыя, як абстрактная ідэя, выконвае хутчэй псіхалагічную (боскую функцыю), якая дазваляе тым хто, кіруе і сядзіць у крэслах дэпутатаў пераконваць сябе ў тым, што яны не злачынцы, якія захапілі ўладу.
Гэта ідэя, у якую палітычныя злачынцы не вераць, але выкарыстоўваюць як рытуал для індульгенцыі, а выбары — гэта, як для многіх паўвернікаў, свечка ў царкве.