ЦВК: Выбарчых участкаў за мяжой больш не будзе

Беларусь больш не будзе арганізоўваць участкі для галасавання за мяжой. Пра гэта заявіў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка. Ён пазначыў некалькі прычын, якія паўплывалі на падобныя навацыі ў Выбарчы кодэкс — каронавірус і скарачэнне дыппрадстаўніцтваў за мяжой, піша партал «Л*стэрка» са спасылкай на прапагандысцкі Sputnik.

uchastak.jpg

«Так, не будуць утварацца ўчасткі для галасавання за мяжой, што звязана з наяўным адмоўным вопытам правядзення выбарчых кампаній па прычыне неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, адсутнасці неабходных умоў для бяспекі работнікаў замежных устаноў і грамадзян, скарачэння колькасці работнікаў дыпламатычных службаў», — распавёў Карпенка.

Раней ён распавёў і пра іншыя запланаваныя змены ў Выбарчы кодэкс — у Беларусі прапануецца адмяніць парог яўкі на выбарах дэпутатаў, а назіральнікі павінны будуць акрэдытоўвацца на ўчастках для галасавання да пачатку датэрміновага галасавання.

Відавочна, ліквідацыя выбарчых участкаў за мяжой насамрэч выклікана тым, што ў эміграцыі зараз знаходзяцца сотні тысяч беларусаў, якія хочуць перамен у краіне. Таму фальсіфікаваць любыя выбары за мяжой нашмат складаней, чым унутры Беларусі. Таксама відавочна, што рашэнне аб скасаванні выбарчых участкаў за мяжой мае антыканстытуцыйны характар, бо парушае фундаментальныя правы чалавека.