Для ўдзелу ў міратворчай місіі на Данбасе АБСЕ можа звярнуцца да Беларусі
Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін тлумачыць, навошта ўзброеная місія АБСЕ на ўсходзе Украіны, і якім быў бы давер да беларускіх міратворцаў, калі б яны апынуліся на лініі фронту.
Нармандская чацвёрка падтрымала паліцэйскую місію АБСЕ на Данбасе. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі.
У сваю чаргу кіраўнік так званай «ДНР» даў зразумець, што сепаратысты не надта цешацца магчымаму зʼяўленню ўзброеных міратворцаў. Ці магчыма рэалізаваць ініцыятыву ў такіх умовах і як яна будзе выглядаць? Сітуацыю "Белсату" каментуе вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.
Аляксандр Алесін адзначыў:
— Увогуле я лічу, што гэта правільнае рашэнне. Уся справа ў тым, што бакі спрабуюць па лініі судакранання метадам «паўзучай агрэсіі» адваяваць адзін у аднаго статэгічна выгадныя пазіцыі. І, канешне, каб не даваць ім сутыкацца наўпрост, патрэбная разʼяднальная місія міжнароднай арганізацыі, якая мае мандат ААН.
То бок каб паміж імі былі сілы трэцяга боку, і каб адлегласць была такая, каб яны не маглі дасягаць пры дапамозе сярэдніх калібраў, улічваючы, што самая гадкая зброя, якая ўжываецца, — гэта мінамёт 120 мм. Місія патрэбная, каб была лінія разʼяднання хаця б на адлегласці 5–10 кіламетраў, і каб яна была запоўненая міратворцамі. Але тут вось што: патрэбная згода абодвух бакоў, і абодва бакі павінны выконваць рашэнне не дапускаць правакацыі супраць міратворцаў. А так гэта ідэя правільная, і ў свой час Лукашэнка прапаноўваў кантынгент увесці Беларусі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пры гэтым гаворка не вядзецца пра расійскі кантынгент, канешне.
— Вы кажаце, што патрэбная згода абодвух бакоў. І прадстаўнікі так званай ДНР ужо заявілі, што не хацелі б бачыць узброеных прадстаўнікоў АБСЕ. Ці рэальна ў такой сітуацыі рэалізаваць усе гэтыя планы?
— У такім выпадку трэба весці перамовы, калі не будзе згоды, то гэтая місія немагчымая.
— Калі паліцэйская місія АБСЕ ўсё ж будзе ўведзеная, якія ў яе тады будуць функцыі?
— Яны будуць павінныя назіраць за выкананнем пагаднення паразʼяднанні, каб у гэтую зону не траплялі вайскоўцы, узброеныя незаконныя фармаванні з абодвух бакоў. Каб там не было супрацьпраўнай дзейнасці, марадзёрства, рабаванняў і г.д., і каб абодва бакі адвялі цяжкае ўзбраенне ад лініі судакранання на вызначаныя месцы. То бок гэта назіральная місія, зброя толькі для самаабароны.
— А калі ў гісторыі яшчэ былі прыклады выкарыстання ўзброенай місіі АБСЕ?
— АБСЕ нячаста прыбягае да такой меры, гэта можа ледзь нават не першы такі выпадак. Я не магу ўзгадаць.
— Вы казалі пра заявы Лукашэнкі пра ўвядзенне беларускіх міратворцаў. Ці можна было б такое ўявіць, каб прадстаўнікі Беларусі са зброяй зʼявіліся ў зоне баявых дзеянняў? І ці быў бы да іх давер з боку абодвух бакоў? Альбо тыя словы — толькі папулізм кіраўніка нашай краіны?
— Я думаю, што да беларускіх міратворцаў, казахскіх быў бы найбольшы давер супрацьлеглых бакоў. Ну ці да міратворцаў з Цэнтральнай Азіі, з Узбекістану.
Вялікіх вайсковых сілаў яны, канешне, сабой не ўяўляюць, але гарантую, што давер да іх быў бы вялікі. Гэта дзякуючы ўзважанай пазіцыі і Беларусі, і Казахстану. Я не выключаю, што АБСЕ можа звярнуцца і да гэтых краінаў.
Яна падрыхтаваная па стандартах NATO, яны валодаюць ангельскай мовай, у іх ёсць адпаведнае аснашчэнне і абсталяванне, яны сумяшчальныя па ўпраўленні з кантынгентамі NATO. Таму яны могуць выконваць місіі ў межах партнёрства «Дзеля міру» і ў межах місіі па мандаце ААН. Гэта абсалютна беларуская міратворчая рота, якая не ўваходзіць у склад сілаў АДКБ.
— То бок яны маглі б выконваць місію і пад эгідай АБСЕ?
— Лёгка. То бок калі АБСЕ звернецца да Беларусі, і будзе згода, то гэтую роту можна выкарыстоўваць. Ёсць прававая база, людзі, абсталяванне і абмундзіраванне — усё ёсць.
Гутарыў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu