Дэмакратычныя сілы агучылі супольную пазіцыю наконт правядзення выбараў
Дэмакратычныя сілы Беларусі выступілі з супольнай заявай адносна парламенцкай кампаніі 2016 года. Прадстаўляем вашай увазе тэкст гэтай заявы.
Супольная пазіцыя дэмакратычных сілаў па ўмовах правядзення
парламенцкай кампаніі ў Беларусі
Улады вымушаныя
дэманстраваць жаданне ўлічваць рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ. Змененая тактыка
паводзінаў уладаў — ад заяваў пра дасканаласць і дэмакратычнасць выбарчага
працэсу ў Беларусі ды поўнага непрыняцця рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ да
дэманстрацыі нібыта добрай волі і размоваў пра магчымыя змены — ёсць пэўным
крокам наперад.
Аднак рэальныя
крокі і абяцаныя змены ідуць у разрэз з духам і літарай рэкамендацыяў
міжнароднай супольнасці і дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.
Галоўная і самая
відавочная хіба выбарчага працэсу ў Беларусі — гэта непразрысты падлік галасоў. Ва ўмовах Беларусі празрыстасць падліку
гарантуецца толькі:
• прыярытэтным
ўключэннем прадстаўнікоў палітычных партыяў і ўсіх кандыдатаў ў склад найперш
УВК, а таксама і вышэйстаячых камісіяў з роўнымі правамі для ўсіх;
• публічнага
абвяшчэння выбару асобна па кожным выбарчым бюлетэні;
• рэальнай
магчымасці для назіральнікаў, міжнародных і нацыянальных у роўнай ступені,
назіраць за ўсімi аспектамi выбарчага працэсу на ўсім яго працягу, за галасаваннем,
падлікам і падвядзеннем вынікаў.
Абяцаная нібыта
«адкрытасць» аднаго боку стала на якім праводзіцца падлік галасоў не з’яўляецца
вырашэннем праблемы.
Наступная
агульнапрызнаная хіба выбараў — гэта маніпуляцыі
ўладамі са спісамі выбарцаў. Нішто не перашкаджае стварыць
агульнанацыянальны публічны рэестр выбарцаў з падзелам на акругі, зрабіць яго
даступным у інтэрнэце і публічна вывешваць спісы выбарцаў на кожным выбарчым
участку да поўнага сканчэння галасавання. Назіральнікі павінны мець права азнаёміцца
са зместам спісаў выбаршчыкаў і атрымаць завераную копію пратаколу аб выніках.
Трэцяя найбольш
відавочная загана выбарчага працэсу ў Беларусі — гэта злоўжыванне працэдурайдатэрміновага
галасавання, якое павінна быць абмежаваным і насіць вынятковы характар
толькі па адпаведным пісьмовым запыце.
Пералічаныя крокі —
гэта толькі самыя пільныя і толькі неадкладныя захады, якія павінны
забяспечваць празрыстасць, справядлівасць і дэмакратычнасць выбараў у Беларусі.
Іх прыняцце магчымае праз адпаведныя інструкцыі ад ЦВК у бліжэйшыя дні.
Прывядзенне ўсяго выбарчага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з
міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі павінна быць зробленым з шырокім публічным
удзелам АБСЕ/БДІПЧ, Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, а таксама і найперш дэмакратычных
палітычных партыяў і НДА цягам бліжэйшых 12 месяцаў.
Існуе небяспека,
што ўлады адхіліўшы прапановы АБСЕ/БДІПЧ і не зрабіўшы рэальных крокаў па
дэмакратызацыі і падвышэнні празрыстасці выбарчага працэсу, назначаць
дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за
прадстаўнікоў апазіцыі. Для нас падобны падыход з’яўляецца абсалютна
непрымальным, які толькі закансервуе сітуацыю адсутнасці рэальных выбараў у
Беларусі.