«Спісы апазіцыі»: рэальнасць і фантастыка

Фактычна тыдзень застаўся да старту кампаніі па выбарах дэпутатаў парламента. Апазіцыя падыходзіць да гэтай падзеі ва ўжо звыклым для сабе стане драбнення. А можа, у гэтым ёсць глыбінны сэнс?

vybarczy_uczastak__use_na_vybary.jpg


 

Ёсць розныя меркаванні наконт таго, як апазіцыі трэба падыходзіць да чарговай электаральнай кампаніі. Большасць палітычных структур ужо заявілі, што будуць у ёй удзельнічаць: з рознымі мэтамі і з надзеяй на розныя вынікі. Хтосьці будзе змагацца за мандаты ўсур’ёз, а хтосьці па-ранейшаму разглядае кампанію як мабілізацыйна-прапагандысцкае мерапрыемства.

 

Гэта выклікала крытыку і развагі ў стане саміх дэмакратаў. Што лепей: стварыць «адзіны спіс» дэмакратычных кандыдатаў альбо весці кампанію паасобку?

 

Адзінства — заўсёды добра?

 

За «адзіны дэмакратычны спіс» кандыдатаў на парламенцкіх выбарах выступаюць Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя арганізатары Кангрэсу дэмакратычных сіл, які прайшоў 15 мая ў скверы Янкі Купалы.


Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык

Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык


 

«Выбараў няма, але ў нас чамусьці ўжо шэсць ці сем спісаў ад апазіцыі, — абгрунтоўваў сваю пазіцыю Мікалай Статкевіч. — У нас выбары ў адзін тур па мажарытарнай сістэме, і ад улады будзе толькі адзін кандыдат на кожным участку. Мы прапанавалі схему, як паменшыць шкоду ад гэтага. Адна справа, калі ў нас забіраюць перамогу, і ўсе гэта бачаць. Іншая справа, калі самі крадзем перамогу ў сябе. Мы прапануем выбраць аднаго кандыдата на акругу».

 

Ва ўмовах, калі большасць партый не пагаджаюцца на стварэнне адзінага спісу кандыдатаў, Статкевіч прапануе нават «валюнтарысцкае» вызначэнне: «Калі мы да жніўня не выйдзем на адзіны спіс, мы проста возьмем спіс зарэгістраваных кандыдатаў і пачнём выбіраць з іх «адзіных», — казаў ён пасля кангрэсу.

 

Відаць, так і прыйдзецца зрабіць.

 

Без «левага спісу»

 

Пры існаванні стала дзеючай кааліцыі левых партыяў і рухаў, праца якой разлічана аж да 2020 года, левыя на гэтыя парламенцкія выбары нават агульны спіс кандыдатаў не стваралі.


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

 

Як патлумачыў лідар партыі левых «Справядлівы свет»Сяргей Калякін: «Ва ўмовах, калі выбараў няма, і «паход за мандатамі» — гэта больш фантазія, чым рэальнасць, то наяўнасць большай колькасці кандыдатаў дазваляе вырашаць так званыя «паралельныя» задачы, не звязаныя з заваёваю мандатаў. Гэта прасоўванне вядомасці партый і тых ідэй, якія яны нясуць, атрыманне большай магчымасці для агітацыі і прапаганды, скарыстанне дзяржаўных СМІ, якія пакуль прадстаўляюцца кандыдатам і гэтак далей».

 

На сёння ў спісах «Справядлівага свету» 65 патэнцыйных кандыдатаў.

 

Асобны БНФ

 

Партыя БНФ таксама стаіць паасобку. Падаецца, ёй проста надакучыла быць рэсурсам для іншых «саюзнікаў». Аляксей Янукевіч патлумачыў, што Партыя БНФ апошнія 20 гадоў «заўсёды дэманстравала гатоўнасць ісці на саступкі, наступаючы на свае інтарэсы на карысць агульных». Аднак у сённяшняй сітуацыі, лічыць Янукевіч, розным дэмакратычным структурам няма сэнсу фармаваць агульнае пасланне на парламенцкія выбары, бо яно стане «больш расплывістым» у параўнанні з дакументамі, якія распрацоўваюць канкрэтныя суб’екты.


Аляксей Янукевіч. Фота "Наша Ніва"

Аляксей Янукевіч. Фота "Наша Ніва"


 

«Кааліцыі ствараюцца і развальваюцца. Прапановы аб'яднацца — незразумела, хто з кім і навошта — з'яўляюцца марнаваннем высілкаў і даверу грамадства. Трэба працаваць самім, сваімі сіламі. Тыя ініцыятывы, што цяпер агучваюцца ў якасці прапаноў аб’яднання апазіцыі, відавочна з’яўляюцца недзеяздольнымі», — сказаў ён.

 

Прадстаўляць Партыю БНФ на выбарах будуць больш за 50 кандыдатаў. З’езд партыі па іх вылучэнні павінен адбыцца 23 ліпеня. Прычым, прыярытэтам для кандыдатаў будзе не барацьба за мандаты, а ўмацаванні незалежніцкіх, нацыянальна-арыентаваных настрояў у беларускім грамадстве.

 

Самастойная «ГП»

 

Кампанія «Гавары праўду» пасля прэзідэнцкіх выбараў таксама стаіць паасобку. Яе не клічуць у блокі ды аб’яднанні. Але, калі нават паклікалі б, то ніхто б і не пагадзіўся, тлумачыць лідар «ГП» Таццяна Караткевіч.


Таццяна Караткевіч 

Таццяна Караткевіч 


 

На пытанне пра ўваходжанне ў гіпатэтычны «адзіны спіс» Таццяна Караткевіч адзначыла: «Гэта немагчыма». «Заўсёды ёсць пытанні, ці зарэгіструюць іх, ці збяруць яны подпісы, ці будуць яны праводзіць паўнавартасную кампанію», — кажа яна. А менавіта на паўнавартасны ўдзел у выбарах і барацьбу за мандаты настроеная «ГП».

 

«Людзям цікава паслухаць розныя думкі аб эканоміцы і падатках, аб адукацыі і медыцыне. Ім не хапае рознагалосся! Таму, хутчэй, на месцах мы будзем каардынавацца з дэмакратычнымі прэтэндэнтамі, каб разам праводзіць мерапрыемствы, якія выклічуць большую цікавасць у насельніцтва. Можа быць, сумесна арганізаваць назіранне на ўчастках», — заўважае Караткевіч.

 

«Мы не ставім задачы штучнага аб’яднання. Сёння мала сказаць, што мы левая кааліцыя альбо правая. Гэта трэба пацвярджаць агульнай стратэгіяй, зразумелай для людзей. Мы будзем кааперавацца з усімі дэмакратычнымі палітычнымі партыямі і рухамі, калі ў іх ёсць такое жаданне, на аснове нейкіх альтэрнатыўных ідэй. Такая кааперацыя — найбольш эфектыўная», — лічыць яна.

 

Каля 40 сябраў «ГП» гатовыя пазмагацца за дэпутацкія мандаты.

 

Права руля!

 

Найбольш прадстаўніча выглядае зараз правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні БХД. Яны плануюць вылучыць 93 кандыдаты ў дэпутаты. То бок, закрыць фактычна ўсю краіну.


Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч


 

Прадстаўнік кааліцыі, намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч патлумачыў, што дзеянні правацэнтрысцкай кааліцыі, як і іншых палітсілаў, зараз узгадняюцца ў межах стала дзеючай кансультацыйнай нарады дэмакратычных партый і арганізацый. І ён не хвалюецца за «размыванне дэмакратычнага электарату».

 

«Мы дамовіліся, што кожная арганізацыя — удзельнік гэтай нарады, прадставіць свае спісы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Мы дамовіліся надалей узгадняць гэтыя спісы, недзе, мажліва, вызначым найбольш «перспектыўных» кандыдатаў, менш перспектыўныя здымуцца на іх карысць. Там, дзе моцных кандыдатаў будзе некалькі, мы дамаўляемся пра каардынацыю дзеянняў: супольна праводзіць збор подпісаў і агітацыю, супольна падаваць заяўкі на дэбаты, супольна праводзіць пікеты», — паведаміў Губарэвіч.

 

Толькі арыфметыка

 

Калі палічыць заяўленую колькасць магчымых апазіцыйных кандыдатаў, то іх, па папярэдніх падліках, атрымліваецца каля 250 чалавек на 110 месцаў у парламенце. Як паведаміў той жа Губарэвіч, у папярэдне прадстаўленых для ўзгаднення спісах патэнцыйных кандыдатаў у Каардынацыйную раду дэмарганізацый, агулам налічваецца 273 патэнцыйных кандыдата ў дэпутаты.

 

З далейшай «карэкцыяй спісаў» атрымаецца ў сярэднім два дэмакратычных кандыдаты на акругу. Лічыце, што адзін кандыдат і адзін «дублёр» на выпадак, калі першага не зарэгіструюць. І яшчэ пэўная колькасць — ад 30 да 50 чалавек — «для падстрахоўкі».

 

Улічым яшчэ і тое, што па ўмовах збору подпісаў (лета, спёка, адпачынкі) парламенцкая кампанія няшмат у чым будзе адрознівацца ад мінулагодняй прэзідэнцкай. Таму, нягледзячы на значна ніжэйшую «квоту па подпісах» за кандыдатаў у парламент, праца па іх вылучэнні будзе такой жа складанай, як і год таму. Колькі прэтэндэнтаў адсеюцца на гэтым этапе?

 

Канешне, многія пойдуць простым шляхам: вылучаць кандыдатаў на партыйных з’ездах. Але, дзеля большай эфектыўнасці, варта было б і на першым этапе пахадзіць па кватэрах і пастаяць у пікетах. Хаця б так, каб выбарцы заўважылі альтэрнатыву. І больш разумелі, у чым яна.

 

Такім чынам, насамрэч, «шэсць ці сем разнастайных апазіцыйных спісаў» выліваюцца ў вельмі нешматлікае прадстаўніцтва дэмсіл на выбарах. Шляхам «адсеву» падчас збору подпісаў і рэгістрацыі можа стацца так, як у прэзідэнцкай кампаніі: калі мы атрымаем дэ-факта аднаго дэмакрата на акругу.

 

Дык ці варта спрачацца, ёсць «адзіны спіс» у апазіцыі ці яго няма? А можа, пры такой колькасці жадаючых пазмагацца на парламенцкіх выбарах і не варта яго фармаваць, ён сам сабой зробіцца? Асабліва з улікам таго, што шмат хто дэкларуе: гэтая кампанія для іх таксама будзе больш «мабілізацыйна-прапагандысцкай», чым выбарчай.

 

І сапраўды, практыка прэзідэнцкіх выбараў паказала, што народ чакае альтэрнатывы. Ён чакае прапаноў — добрых і розных. І адначасова тыя ж выбары канстатавалі: калі апазіцыя, замест таго, каб заняцца справаю, загразае ў міжсабойных спрэчках, у яе не атрымліваецца ні выбарчай, ні прапагандысцкай, ні піяраўскай кампаніі.