Сяргей Навумчык — у Беларусі пасля 20 гадоў палітычнай эміграцыі
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык прыляцеў у Мінск пасля 20 гадоў палітычнай эміграцыі. Адразу з аэрапорту ён паедзе да магілы Васіля Быкава.
— Сяргей, ты ўпершыню ў Менску праз дваццаць год пасля вымушанага ад’езду, які адбыўся ў выніку хвалі палітычных рэпрэсіяў вясны 1996 году. Як цяпер ацэньваеш той крок?
— Гэты быў вымушаны крок. Не буду тут узгадваць усю гісторыю, скажу толькі, што, даўшы тады палітычны прытулак Зянону Пазьняку і мне (а для Вашынгтону гэта быў момант выбару, бо Еўропа ўжо была гатовая прызнаць палітыку афіцыйнага Менску дэмакратычнай), — ЗША фактычна далі адназначную ацэнку курсу, на які павярнуў рэжым у Беларусі. Наступныя трагічныя падзеі са зніклымі асобамі пацвердзілі слушнасць такога рашэння.
— Першым ты вырашыў наведаць месца апошняга спачыну Быкава...
— Для мяне Васіль Уладзімеравіч вельмі шмат значыў. У асабістым плане ён папросту памяняў мой лёс. Добрыя з ім адносіны я лічу Божым падарункам. Заўсёды адчуваў яго падтрымку. Думаю, што такія словы — пра падтрымку, у шырокім сэнсе — могуць сказаць усе, хто спрычыніўся да апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння. Я не мог прыехаць на пахаванне — але цяпер магу пакласці кветкі на магілу. Тут пахаваны і мой аднакурснік, калега па апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Ігар Гермянчук, таксама Генадзь Карпенка, Генадзь Бураўкін...
— Чаму ты не абвясціў публічна пра свой прыезд?
— Для блізкіх гэта не было сакрэтам, але рабіць публічны розгалас не бачыў патрэбы. Паездка выкліканая прыватнымі прычынамі. Мае бацькі ў пажылым узросце, у іх не самае лепшае здароўе, апошнім часам ім ужо цяжэй прыязджаць у Прагу. І калі яны выказалі жаданне нас пабачыць — мы паехалі. Мы прыляцелі ўтрох: я, жонка і дачка, якая нарадзілася ў Амерыцы і за свае чатырнаццаць гадоў увогуле ніколі не была ў Беларусі. У амбасадзе Беларусі ў Празе афіцыйна пацвердзілі яе беларускае грамадзянства, і для нас гэта вельмі важна: дачка заўсёды ўсім кажа, што яна беларуска, хоць і з амерыканскім пашпартам. Цяпер ужо — і з беларускім. У нас шмат сямейных спраў, але, спадзяюся, за гэтыя некалькі дзён дачка на ўласныя вочы пераканаецца ў тым, пра што мы ёй увесь час казалі: яе гістарычная радзіма — еўрапейская краіна са славутай еўрапейскай гісторыяй і багатай еўрапейскай культурай.
— Раней ты не лічыў свой прыезд бяспечным.
— Па звестках, сітуацыя з маёй бяспекай змянілася. Хаця я разумею, што ніхто ні ад чаго тут не застрахаваны. На жаль, Беларусь яшчэ вельмі далёкая ад таго, каб сапраўды быць дэмакратычнай, прававой дзяржавай.
— Вы з'язджалі разам з Зянонам Пазьняком, таму лагічнае пытанне: ці варта чакаць ягонага прыезду?
— Я ніколі не параўноўваў сябе з Пазьняком што да маштабу асобаў. Летась у верасні ў цэнтры Менску прайшла прэзентацыя маёй кнігі пра рэферэндум 1995 году, сабралася больш за трыста чалавек, імпрэза прайшла без якіх-небудзь перашкодаў з боку ўладаў. Нядаўна "Радыё Свабода" паведамляла пра арышт на мяжы кнігі Пазьняка — не пра палітыку, пра мастацтва фатаграфіі. Лагічная выснова з такога стаўлення да яго напрошваецца сама сабой.
Сяргей Навумчык — журналіст. У 1990–1996 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, каардынатарам парламенцкай апазіцыі БНФ, уваходзіў у склад Канстытуцыйнай камісіі і парламенцкай камісіі па пытаннях СМІ і правах чалавека. У красавіку 1995 г. удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якая праводзілася ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савету на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У ноч на 12 красавіка 1995 году ўдзельнікі галадоўкі былі збітыя спецпадраздзяленнем КДБ і выкінутыя на вуліцу.У канцы красавіка 1996 года Сяргей Навумчык разам з лідарам БНФ Зянонам Пазьняком таемна выехаў з Беларусі ва Украіну, а потым эміграваў у ЗША. Незалежная газета "Свабода" ў траўні 1996 года паведаміла аб распараджэнні камандуючага памежнымі войскамі Беларусі затрымаць іх у выпадку ўезду на тэрыторыю краіны. У жніўні 1996 Навумчык і Пазьняк атрымалі палітычны прытулак у Злучаных Штатах.
Сяргей Навумчык жыве і працуе ў Празе.