Шуневіч: МУС правярае інфармацыю аб удзеле беларускіх падлеткаў у ваенізаваных лагерах у Расіі

МУС правярае інфармацыю аб удзеле беларускіх падлеткаў у ваенізаваных лагерах на тэрыторыі Расіі. Пра гэта паведаміў 25 мая журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

russkij_nacionalizm.jpg


16 мая газета «Наша ніва» апублікавала на сваім сайце артыкул, у якім паведамлялася аб тым, што расійскія неанацысты, якія маюць досвед баявых дзеянняў у складзе незаконных узброеных фарміраванняў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, праводзілі заняткі з падлеткамі з Беларусі. Тэкст суправаджаўся фотаматэрыяламі.

«Інфармацыя правяраецца. Пра вынікі пакуль рана гаварыць», — сказаў міністр.

На пытанне, як будзе рэагаваць МУС у выпадку, калі расейскія нацыяналісты захочуць правесці ў Беларусі свой злёт, Шуневіч адказаў: «Аператыўнай інфармацыі, якая магла б сведчыць аб такім намеры, мы не атрымалі. Калі хтосьці будзе праводзіць любое мерапрыемства з парушэннем дзеючага закона, мы будзем на гэта рэагаваць. Ёсць закон аб масавых мерапрыемствах, ён распаўсюджваецца на ўсіх. Калі такія мерапрыемствы будуць несанкцыянавана праходзіць, парушаючы наша заканадаўства ўнутранае, безумоўна, органы ўнутраных спраў будуць рэагаваць ».

Адказваючы на пытанне, ці можа быць затрыманы ў Беларусі расійскі грамадзянін, які ваяваў ва Украіне на баку так званай ДНР, міністр заявіў: «Могуць затрымаць пры наяўнасці прававых падстаў».

БелаПАН