Юрыстка Тамара Сяргей звярнулася ў суд на Міністэрства ўнутраных справаў

Актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, праваабаронца Тамара Сяргей абскардзіла ў судзе неправамерныя дзеянні Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

zanczyny_pravakacyja_7_logo.jpg


Нагадаем, што 6 лістапада 2015 году ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі юрыстка была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска пад час сустрэчы з актывістамі ініцыятывы, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала ў гэтай жанчыны 300 даляраў ЗША.  
Юрыстку абшукалі, яе апытаў аперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, капітан Мікалай Жылін. На спадарыню Тамару быў складзены пратакол затрымання, а затым пасля ўсіх адпаведных працэдураў была вынесеная пастанова аб вызваленні юрысткі, якая была зняволеная каля чатырох гадзінаў.      
Згодна Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, цягам 10 дзён павінна было вырашыцца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да юрысткі, альбо ў адмове ва ўзбуджэнні гэтай справы. Аднак аніякай пастановы наконт такіх захадаў спадарыня Тамара не атрымала да гэтай пары.  
У сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў Мінскага АУС на транспарце, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.  
У выніку праверкі па гэтым скаргам, што праводзілі тыя самыя супрацоўнікі Мінскага АУС на транспарце, на каго паскардзілася праваабаронца, міліцыянты прыйшлі да высновы, што (на мове арыгіналу – М.Г.) “нарушений законодательства в действиях сотрудников Минского ОВД на транспорте, а также в действиях Тарасовой Т.Н. не установлено”.
Засталіся безвыніковымі ўсе далейшыя спробы юрысткі атрымаць адказы на свае шматлікія пытанні наконт затрымання. А пасля таго, як жанчыну прыняў намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Мельчанка, з ёй было спынена ліставанне і адмоўлена ў сустрэчы з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам.      
Вось чаму праваабаронца накіравала ў суд Цэнтральнага раёна Мінска скаргу на Міністэрства ўнутраных справаў. Тамара Сяргей просіць суд абавязаць МУС правесці праверку законнасці яе затрымання падпалкоўнікам Сяргеям Гаркавым і старшым прапаршчыкам Сяргеям Махначом, а таксама даць адказы на свае пытанні.
Апроч таго, правабаронца просіць суд абавязаць МУС краіны пазнаёміць яе з матэрыяламі праверкі  па заяве грамадзянкі Тарасавай.
У каментары НЧ Тамара Сяргей падкрэсліла, што паколькі згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе грамадзяне краіны роўныя перад законам, міліцыянты таксама павінны адказваць перад законам і суайчыннікамі за свае незаконныя дзеянні.