Тамара Сяргей аштрафавана на 40 базавых велічынь

Суддзя суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыя Шабуня 20 траўня аштрафавала на 40 базавых велічынь (8 млн. 400 тыс.руб.) актывістку Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыстку Тамару Сяргей.

zanczyny_sjarhej_sud_20.5.16_logo.jpg

Яна пакараная штрафам за ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на плошчы Свабоды ладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзян. 

 

Падтрымаць праваабаронцу ў судзе прыйшлі яе сябры з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

 

Напярэдадні судовага пасяджэння юрыстка накіравала скаргу начальніку ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандру Барсукову на незаконныя дзеянні ягоных падначаленых з АМАП Мінгарвыканкаму — камандзіра аддзялення Алеся Сакольчыка і камандзіра ўзводу Змітра Лабкова, а таксама з Цэнтральнага РУУС — яго начальніка Артура Шахлая і ўчастковага інспектара Антона Зубцова.

 

Судовае пасяджэнне  цягнулася каля двух гадзін. Супраць Тамары Сяргей сведчылі Алесь Сакольчык, Зміцер Лабкоў і Антон Зубцоў.

 

У каментары НЧ Тамара Сяргей  адзначыла: “Супрацоўнікі праваахоўных органаў Алесь Сакольчык, Зміцер Лабкоў і Антон Зубцоў парушылі закон аб органах унутраных спраў,  які абавязвае іх прыпыняць любыя злачынствы і правапарушэнні. Аднак міліцыянты атрымалі загад рабіць відаэздымкі акцыі і таму не выканалі закон. Я лічу, што суддзя Вікторыя Шабуня таксама выконвала загад — пакараць мяне максімальным штрафам, а не правасуддзе. Вось чаму я буду абскарджваць гэтае незаконнае рашэнне”. 

 

Нагадаем, што 22 красавіка актывістка ініцыятывы з Бабруйску (Магілёўская вобласць) Валянціна Каваленка за ўдзел у пікетаванні 31 сакавіка на сталічным Пляцы Волі была аштрафаваная суддзёй суду Цэнтральнага раёна Валерам Есьманам на 20 базавых велічынь (4 млн.200 тыс.руб). На 20 траўня суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла рагзляд яшчэ адной адміністрацыйнай справы супраць 78-гадовага інваліда-ардэнаносца, ветэрана працы з Крупак (Мінская вобласць) Барыса Бабка. Аднак разгляд гэтай справы адкладзены з прычыны шпіталізацыі мужчыны пасля таго, як ён 16 траўня наведаў суд Цэнтральнага раёна.