Чатыры пратаколы за 2 акцыі

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў па пошце копіі пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга»14 траўня і ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса 15 траўня.

Леанід Кулакоў на акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга"

Леанід Кулакоў на акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга"


Прычым склалі на актывіста адразу па два пратаколы: па арт. 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства» і 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі». Суд прызначаны на 25 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска на 9 гадзін раніцы.

 

Леанід Кулакоў абураецца дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі:

 

— Я ўжо баюся адкрываць паштовую скрыню! Кожны дзень пратаколы і позвы прыходзяць. Пратаколы ўжо пачалі «оптам» складаць — адразу па некалькіх артыкулах, каб можна было штраф большы прысудзіць. Яны нават не турбуюцца аб фармулёўках абвінавачвання. Вось учора я атрымаў новую порцыю такіх лістоў. У пратаколе напісана, што я «ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пры гэтым трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг». З якіх гэта часоў трымаць у руках бел-чырвона-белы сцяг — злачынства? Сцяг занесены ў рэестр нематэрыяльнай гістарычнай спадчыны. Але ім усё роўна, задача міліцыі скласці як мага больш пратаколаў, а суддзям — прысудзіць штрафы.

 

14 траўня ў 12.00 распачалася мірная акцыя «Праспект нацыянальнага сцяга» на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Прыблізна пасля 15 хвілін ад пачатку мерапрыемства міліцыя склала каля двух дзясяткаў пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі.

 

Аналагічныя пратаколы былі складзеныя таксама і на Аляксандра Мартысевіча. Яго чакае суд, прызначаны на 1 чэрвеня.

 

Два пратаколы супрацоўнікі міліцыі склалі і на Дзмітрыя Дашкевіча: па арт. 23.34 і 17.1 «Дробнае хуліганства», за тое, што павесіў сцяг на слуп.

 

Пакуль не прызначаныя даты судоў над Мікалаем Аўтуховічам, Зміцерам Захарэвічам, Нінай Багінскай, Сяргеем Пальчэўскім.

 


spring96.org