Долары як фактар беларускай стабільнасці

«Нельга не прызнаць справядлівасць ісціны аб тым, што маленькія заробкі здольныя разбурыць нават самую моцную дзяржаву». Залатыя словы, пагадзіцеся. Прамоўленыя яны былі адзіным палітыкам (АП) 18 траўня 2001 года з трыбуны другога Усебеларускага народнага сходу і сваёй актуальнасці да гэтага часу не страцілі.

mikraskopas_3a_logo.gif


У верасні 2019 года сярэднестатыстычны беларус зарабіў 1108,5 рубля, што эквівалентна 538 доларам, ці 484 еўра. У параўнанні з заробкам сярэднестатыстычнага паляка, які атрымлівае каля 900 еўра, такія заробкі варта прызнаць маленькімі. Чым гэта пагражае моцным дзяржавам, сказана вышэй. Але ці можна лічыць такой Рэспубліку Беларусь, што прэтэндуе на званне донара еўрапейскай стабільнасці?

Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў мяне няма, але вернемся да прамовы 18 траўня 2001 года: «Мы па крупінках збіралі дзяржаву і разбураную краіну. Калі пасля развалу СССР мы засталіся “без штаноў”, дык спрабавалі іх пашыць ледзь не кожнаму, ды яшчэ змагаліся з “пятай” калонай унутры і дабрадзеямі звонку».

За васямнаццаць гадоў, якія прайшлі з дня другога агульнанароднага «веча», ад «пятай» калоны засталіся толькі разрозненыя гурткі па інтарэсах. Галоўная духоўная скрэпа «пятай» калоны — выбары «адзінага» — неяк незаўважна рассмакталася. А якая была ідэя! Колькі сілаў і часу яна паглынула!

Няма сёння праблемаў і са знешнімі «дабрадзеямі» на Захадзе. Што можам — прадаём. На што хапае сродкаў — купляем. Наконт спрашчэння візавага рэжыму амаль дамовіліся. Прыгажосць! Вось толькі на Усходзе не ўсё так складваецца, як хацелася б. Але мілыя сварацца, толькі цешацца. Дзвюм галінам аднаго народа высвятляць адносіны — справа звыклая.

Аднак адсутнасць «пятай» калоны не адмяніла фантомных боляў, якія засталіся ў спадчыну ад «ліхіх 90-х». Адсюль нявызначанасць з выбарамі — яны ці то свята, ці то «вакханалія». Магчыма, мы маем справу са святам электаральнай вакханаліі. Такое вось «два ў адным» з нацыянальным каларытам.

Словы «сіла» і «стабільнасць» не з’яўляюцца сінонімамі. Стабільнасць могілак сілы жывым не дадае. Не дадае стабільнасці і наяўнасць практычна ў кожнага беларуса штаноў. Дзяржава абяцала «іх пашыць ледзь не кожнаму» — і сваё абяцанне яна выканала. Ды што там штаны. Беларусам даўно ўжо не сорамна адзначаць Дзень аўтамабіліста і дарожніка. У гэтым годзе ён прыпаў на 27 кастрычніка. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі: колькасць легкавых аўтамабіляў у асабістай уласнасці грамадзян у 2018 года склала 3031 тысячу (2972,7 тысячы ў 2017 годзе), што дазволіла давесці забеспячэнне легкавымі аўтамабілямі на 1000 чалавек насельніцтва да 320 штук.

У 2018 годзе Беларусь імпартавала 86,9 тысячы легкавых аўтамабіляў (158,3% да 2017 года). Свет у цэлым скараціў куплю «жалезных коней» на 4%. Свет скараціў, а беларусы павялічылі, прычым павялічылі на непрыстойны працэнт для краіны, што выпрошвае крэдыты для рэфінансавання ранейшых крэдытаў. Якіх толькі парадоксаў жыццё не падкіне, калі на коне шосты тэрмін! А без яго нам ніяк. Нас 9 454,8 тысячы, але максіма «Калі не ён, дык хто ж?» не губляе сваёй актуальнасці.


Задача пастаўленая, мэта вызначаная

Крыху тэарэтычных ведаў: культура — пазабіялагічны спосаб вырашэння агульнабіялагічных праблемаў. Галоўнай жа праблемай для ўсяго жывога з’яўляецца выжыванне, і вырашаць гэту праблему ўсім біялагічным відам даводзіцца «ў поце твару свайго», г.зн. ва ўмовах «жэстачайшай» канкурэнцыі (прыметнік «жэстачайшы» ў слоўніку аўтара «Азбука паліталогіі» адсутнічае, таму яго давялося запазычыць са слоўніку АП).

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепш. Таму маленькія заробкі і здольныя разбурыць нават самыя моцныя дзяржавы. Зразумела, калі сіла дзяржаваў і дабрабыт грамадзян ніяк паміж сабой не звязаныя. Прыгадаем сумны лёс СССР з яго парытэтам з ЗША па колькасці ядзерных боегаловак, але з адсутнасцю парытэту па туалетнай паперы на адзін сярэднестатыстычны азадак.

Можна колькі заўгодна ўдасканальваць «беларускую мадэль» з дапамогай прапаганды, але права галасаваць нагамі нікому яшчэ адмяніць не атрымалася. Нічога незвычайнага ў гэтым няма. Іміграцыя — з’ява старая, як свет. Мінула каля 70 тысяч гадоў з таго часу, як прадстаўнікі віду Homo sapiens пакінулі Афрыку і за кароткі паводле гістарычных мерак час засялілі ўсе кантыненты, акрамя Антарктыды.

Адпаведную сацыялогію ў інтэрнэце я не сустрэў, аднак упэўнены, што сярод першых перасяленцаў пераважалі маладыя і прадпрымальныя. Як гэта адбілася на эканамічным развіцці Афрыкі — здагадацца нескладана. Для гэтага дастаткова звярнуцца да беларускага досведу. Тут напрошваецца прамая аналогія.

Праблема адтоку кадраў упершыню была ўсвядомленая кіраўніцтвам краіны яшчэ ў 2008 годзе, што лёгка пацвердзіць цытатай з паслання АП за адпаведны год: «На канец пяцігодкі (2010 год. — Заўвага рэд.) нам трэба заработную плату давесці, баюся казаць, але да 700 долараў, нікуды не падзенемся. 500 долараў будзе мала. Трэба 700 — сярэдні заробак па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасць у нашым грамадстве».

Задача па дасягненні 700 долараў нарадзілася не на пустым месцы. АП ішоў «ад жыцця» — ад жыцця ў Расіі, у якой, згодна з паведамленнямі Мінстата, у сакавіку 2008 года заработная плата склала 688 долараў.

Задача пастаўленая, мэта вызначаная. Ва ўрадзе пстрыкнулі абцасамі і ўзялі пад казырок. 20 траўня на пасяджэнні прэзідыума Саўміна намеснік міністра фінансаў Андрэй Харкавец запэўніў, што да канца 2009 года сярэдні заробак складзе 550, а да канца 2010 года — 700 долараў! Калі ўлічыць, што стартаваць даводзілася з адзнакі ў 390 «зялёных», то па ўзроўню аптымізму беларускі ўрад мог смела прэтэндаваць на траплянне ў «Кнігу рэкордаў Гінеса».

Вынік шчоўкання абцасамі вядомы: індэкс спажывецкіх цэнаў у апошні год пяцігодкі (снежань 2011 года да снежня 2010-га) склаў 208,7%, а беларускі рубель да долара патаннеў у тры разы.


Лекары ў медыцыне — не галоўнае

Заснавальнікі савецкай дзяржавы спрабавалі «дагнаць і перагнаць» заходні свет па вытворчасці чыгуну і сталі на душу насельніцтва — і мелі ў гэтым поспехі. Але гэты паказчык выйшаў з моды яшчэ пры дарагім Леаніду Іллічу Брэжневу. Як ні стараліся штатныя прапагандысты, але прытармазіць бесперапынны рост матэрыяльных і духоўных патрэбаў савецкага чалавека ім было не дадзена.

Іх ідэалагічныя нашчадкі сутыкаюцца з аналагічнай праблемай. Аднак адмяніць «жэстачайшую» канкурэнцыю культур яны не ў стане. Дамарослай духоўнасці практычна няма чаго супрацьпаставіць заходняй бездухоўнасці. У другой палове XIX стагоддзя ў аналагічным становішчы апынулася духоўнасць «ідыятызму вясковага жыцця» (Карл Маркс) перад нізкапробнымі спакусамі горада.

Пэўная выснова з сумнага досведу 2010–2011 гадоў у Беларусі зробленая, таму пра пачатак масавага павышэння сярэдняга заробку гаворкі сёння не ідзе, што не адмяняе размоваў пра павышэнні кропкавыя. Адна з такіх гаворак адбылася 30 кастрычніка падчас наведвання АП Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

Падчас размовы з журналістамі было згадана пра нядаўняе рашэнне Польшчы ўвесці новыя правілы для лекараў з-за межаў Еўрасаюза, якія адмяняюць, у прыватнасці, абавязковае пацверджанне дыпломаў. Адказ АП цытую паводле прэс-рэлізу: «Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністр гаворыць, што на працягу двух гадоў наогул гэту праблему (недахопу ўрачоў у медустановах. — Заўвага рэд.) здымем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, недзе чамусьці падвучыўся. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся назад і дапамагаў ёй».

Лекарам АП паабяцаў да 2025 года падвойныя заробкі. Але лекары ў медыцыне — не галоўнае. Галоўнае — наяўнасць сучаснага абсталявання. «Трэба так зрабіць, каб наш лекар быў абсталяваны, як замежны», — падкрэсліў АП.

Зводзіць мадэрнізацыю да завозу новага абсталявання — гэта не ў Беларусі прыдумалі. Яшчэ пры цару Гароху было заўважана, што абсталяванне ніякіх патрабаванняў да якасці дзяржаўных інстытутаў не прад’яўляе. Абсталяванню глыбока абыякава, дапускаюць кандыдатаў ад апазіцыі да выбараў або здымаюць паводле надуманых прычынаў. Яно гатовае пакорліва гадамі стаяць у скрынях нераспакаваным, і пры гэтым ціхенька маральна састарэць.

З жывымі людзьмі складаней. Маўчаць (гадамі стаяць у скрынях нераспакаванымі) згаджаецца шмат хто, але далёка не ўсе. У гэтым і палягае галоўная праблема ўлады, якая ўзяла на сябе абавязак пашыць ледзь не кожнаму беларусу штаны.