Дракахруст: Усе заклікі Лукашэнкі да яднання на звычайную мову перакладаюцца проста: «Дайце грошай»
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахурст пракаментаваў «Филину» антураж перамоў у Сочы і з’яўленне Валерыя Сахашчыка на полі боя.
— Чарговы прыезд Лукашэнкі ў Сочы выглядаў спектаклем. Размовы за сталом то пра ядзерную зброю, якую нібыта завязуць у Беларусь акурат пад адкрыццё саміту НАТА ў Вільні, то пра пачатак уборкі азімых. А таксама «нечаканыя» выхады палюбавацца морам пад камеры прэсы. Навошта ўсё так ускладняць, калі можна было проста абвесціць пра тую ж зброю паведамленнем у прэсе?
— Тут цяжка нешта сказаць па сутнасці, бо агучаныя рашэнні былі не вельмі змястоўныя. Але мая гіпотэза палягае ў тым, што, па-першае, Маскве хацелася зрабіць такі жэст у адрас Лукашэнкі. Каб ён не выглядаў ужо зусім васалам, у якога размясцілі ядзерную зброю, а ён пра гэта даведаўся па факце па вяртанні дамоў.
Гэта такі спосаб зрабіць рэспект Лукашэнку, агучыўшы чарговы крок па размяшчэнні зброі ў яго прысутнасці, з ягоным удзелам. Зразумела, абвяшчаў пра гэта Пуцін, але пры гэтым прысутнічаў Лукашэнка. Зроблена гэта было, каб ён не выглядаў простым расійскім губернатарам, якога ставяць перад фактам. Думаю, гэта была адна з мэт.
А другая, я не выключаю, была ў тым, каб замыліць хвалю чутак пра ягоны стан здароўя. Што яму нібыта рабілі аперацыю, што нібыта ён ледзь не пры смерці быў. Ну і вось цяпер яны сядзяць на беразе мора, абедаюць, Лукашэнка выглядае дужым, здаровым.
Я думаю, гэта таксама такая паслуга Крамля. Прынамсі, гэта тое, што можа быць бачна на паверхні. Магчыма, пры гэтым яны дамаўляліся пра нейкія рэчы. Не выключана, што гаворка ішла пра моманты, звязаныя з сітуацыяй на фронце. Але пра гэта мы, магчыма, даведаемся пазней.
— Падчас гэтай сустрэчы Лукашэнка, як і нядаўна ў Маскве,
казаў пра неабходнасць арыентавацца на ўласныя сілы. Маўляў, няма чаго
спадзявацца на адмену санкцый, а нашы партнёры акурат і падцягнуцца, калі
пабачаць поспехі так званай «Саюзнай дзяржавы». Ці не азначае гэта, што і Лукашэнка, і Пуцін пачынаюць
разумець, што суседзі і калегі па постсавецкай прасторы паціху дыстанцыююцца ад іх?
— Усе заклікі і прапановы Лукашэнкі наконт таго, што, маўляў, давайце паглыбляцца, станавіцца плячом у плячо, трымацца нязломна, на звычайную мову перакладаюцца проста: «Дайце грошай».
Гэта не азначае просьбы наўпрост выдаць мех грошай. Гэта азначае: дайце паслабленні, дайце ільготы і доступ да вашага рынку. У любым выпадку, гаворка пра пэўныя крокі Расіі да таго, каб палепшыць становішча эканомікі Беларусі.
Ён у гэтым зацікаўлены, і такія ў яго асаблівасці мовы. Не можа ж ён проста сказаць: «Уладзімір Уладзіміравіч, дай грошай». Ён гаворыць вось так. І я думаю, што Уладзімір Уладзіміравіч прачытвае, пра што менавіта ідзе размова.
Што тычыцца саюзнікаў, то ў прынцыпе яны бачаць, хто куды і як глядзіць. Але я думаю, яны абодва добра ведаюць псіхалогію сваіх партнёраў. І разумеюць, што калі ў іх справы пойдуць добра, у Пуціна і Лукашэнкі, то партнёры стаяць на сваім дыстанцыянаванні не будуць.
Там людзі такія, яны глядзяць на тое, хто перамагае. Калі будзе перамагаць Украіна, будзе перамагаць Захад, то, зразумела, яны будуць працягваць сваю лінію. Тую, якую так красамоўна абазначыў спадар Такаеў на эканамічным форуме ў Маскве. Калі ваеннае шчасце павернецца ў другі бок, ці, прынамсі, усё будзе складана, то за партнёрамі не заіржавее.
Бо мы памятаем, як гераічны сёння Такаеў не так даўно чужыя войскі да сябе запрашаў. Нават у Лукашэнкі да такога не дайшло, а ў Такаева дайшло. І таму кіраўнікі Расіі і Беларусі спадзяюцца, што калі раптам ім пашанцуе, або не пашанцуе Украіне, то па-рознаму могуць павесці сябе ўсе — і Казахстан, і Арменія, і Кітай.
— У студзені Валерый Сахашчык заявіў пра стварэнне новага
вайсковага фарміравання ва Украіне, якое будзе складацца з беларусаў. Вы тады
выказалі меркаванне, што тая заява накладае на яго вялікую адказнасць, якую
можна пацвердзіць толькі новай рэальнасцю. І вось мы маем фота Сахашчыка ў ваеннай форме і навіну пра новую
беларускую роту, што дзейнічае недзе пад Данецкам. Якія ў вас думкі на гэты
конт?
— Дваістае ўражанне. З аднаго боку, Сахашчык рэалізаваў тое, пра што гаварыў. Гаварыў, што стварае падраздзяленне, якое будзе дзейнічаць у полі, а не на паперы ці дзесьці ў кабінетах, і зрабіў гэта. У пэўным сэнсе гэта яму ідзе ў плюс. Мужык сказаў — мужык зрабіў, што называецца.
З іншага боку, да апошняга часу Сахашчык быў міністрам абароны Кабінета, пры ўсёй умоўнасці гэтай пасады. Цяпер жа, я не ведаю, магчыма, ён у баявой форме толькі з’явіўся на фота, а пасля заняўся іншымі справамі.
Але калі Сахашчык рэальна стаў ваяваць… Міністры абароны звычайна самі не ваююць. Я не выключаю, што гэты новы вобраз, гэтае з’яўленне сведчыць пра тое, што ўсе гэтыя размовы, палітыка па вялікім рахунку — гэта не ягонае.
Маўляў, давайце я лепей справамі буду займацца. Тым, што я ведаю, бо гэта маё, мяне гэтаму вучылі. Я салдат, таму я ваюю. А ўжо палітыка…
Адзначу тут характэрны момант. Нядаўна пра Сахашчыка выказаўся Зянон Пазняк, які адзначыў, што расчараваўся ў ім, бо чакаў іншага. Магчыма, не толькі Пазняк расчараваўся, але і сам Сахашчык. І таму мы маем такі вось жэст: «Я — салдат».
А можа, я і памыляюся. Можа, Сахашчык будзе заставацца ў некалькіх ролях адначасова. Тым больш што ён жа бачыць досвед палка К*ліноўскага, які на сваім ваенным аўтарытэце будуе пэўную палітычную сістэму. Вось і з Ціханоўскай нешта абмяркоўваюць.
Зразумела, што палітычны аўтарытэт Сахашчыка падымае той факт, што ён ваюе. Як чалавека, які штосьці робіць сваімі рукамі. Але я не ведаю, наколькі гэта можна сумяшчаць.