Франак Вячорка: Сярод міністраў Еўрасаюза ёсць згода дарабіць пяты пакет санкцый да канца лістапада

18 кастрычніка міністры замежных спраў Еўрасаюза правялі пасяджаэнне, на якім важнае месца заняло абмеркаванне беларускай сітуацыі. Офіс Святланы Ціханоўскай перадаў міністрам пакет рэкамендацый з 40 пунктаў.

Франак Вячорка

Франак Вячорка


На пасяджэнні абмяркоўвалася праблема мігрантаў з Усходу на мяжы з Беларуссю і магчымыя санкцыі ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі.
«Ёсць кансэнсус сярод усіх міністраў, што гэта зрэжысаваная спецаперацыя, гібрыдная атака, як яны фармулююць, супраць Еўрасаюза ў цэлым, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Найбольш рашуча выступілі міністры Польшчы, Літвы, Славаччыны і сам вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Калі казаць пра канкрэтыку, то абмяркоўваліся санкцыі супраць "Белавіі", у прыватнасці, спыненне лізінгу і продажу "Белавіі" любых самалётаў, а таксама недапушчэнне абслугоўвання гэтых самалётаў. Бо самалёты выкарыстоўваюцца для перакідвання мігрантаў. Некаторыя міністры прапанавалі ўвесці абмежаванні супраць авіякампаній тых краін, якія лётаюць у Беларусь і прывозяць мігрантаў».
Яшчэ адной важнай тэмай абмеркавання стала пашырэнне санкцый.
«Тут мы маем найменшы ўплыў, але ёсць папярэдняя згода міністраў дарабіць санкцыйны пакет да канца лістапада, — кажа дарадца Ціханоўскай. — Калі гэты пакет будзе дароблены, туды ўвойдуць найперш кампаніі і асобы, ангажаваныя ў стварэнне міграцыйнага крызісу. Магчымае пашырэнне эканамічных сектаральных санкцый».
Офіс Ціханоўскай перадаў міністрам пакет рэкамендацый з 40 пунктаў. Рэкамендацыі датычаць дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежным журналістам, пашырэння пакету макрадапамогі пасля перамен.
«Увогуле, тэма правоў чалавека — скразная, — кажа Вячорка. — Мы звяртаем увагу міністраў Еўрасаюза і на міжнародныя суды, следства супраць Лукашэнкі за парушэнне канвенцыі пра катаванні і захоп самалёта. І многія з гэтых пунктаў ужо рэалізоўваюцца. Наша задача — зрабіць так, каб міністры размаўлялі і пра падтрымку беларусам, а не толькі пра тое, як пакараць Лукашэнку».
У прыватнасці, зазначае Вячорка, міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч прапанаваў павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, журналістам, актывістам, а таксама ўзмацніць санкцыі, у тым ліку супраць «Белавіі». Яго падтрымаў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. Ірландскі міністр Сайман Коўвэні таксама сказаў, што Ірландыя падтрымлівае новы раўнд санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, што трэба спыніць любыя кантракты на пастаўкі і абслугоўванне самалётаў, паколькі яны выкарыстоўваюцца для перакідвання мігрантаў.