Фрыдман: Джыхадысты асаблівай розніцы паміж Расіяй і Беларуссю не робяць
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Филину» разважае пра асаблівасці дачыненняў беларускага і крамлёўскага рэжымаў на фоне тэрарыстычнай пагрозы.
— Вы ад самага пачатку, калі яшчэ не было афіцыйных заяваў Крамля наконт тэракта пад Масквой, казалі пра магчымасць рэзкай эскалацыі. Якой вам бачыцца цяпер магчымая траекторыя развіцця падзей?
— Эскалацыя ўжо ідзе. Мы гэта назіраем і з расійскага боку — тыя ўдары, што наносіліся па тэрыторыі Украіны, што адбываюцца і будуць працягвацца.
Але ж і ўкраінскі бок на гэта таксама адказвае. Што тычыцца Белгарадскай вобласці, то там цяпер адносна ціха. Але працягваюцца атакі на расійскія НПЗ, таксама быў чарговы ўдар па Чарнаморскім флоце.
Так што эскалацыя ідзе. Але пакуль што галоўны момант, напэўна, будзе звязаны з афіцыйнай расійскай версіяй наконт таго, што адбылося пад Масквой.
Пакуль жа там ідуць вельмі агульныя заявы, нейкія размовы пра магчымы след з Украіны. Нейкага канкрэтнага афіцыйнага абвінавачання не было. А тое, што мы назіралі, было заявамі прапагандыстаў. І зразумела, што яны рабіліся, каб адцягуць увагу ад здарэння.
Калі яны ўсё ж высунуць версію, а я б гэтага не выключаў, што адказнасць за тэракт нібыта нясе Украіна, тады нас можа чакаць рэзкая эскалацыя і ў плане якасці ўдараў. Гэта можа быць яшчэ больш моцны ракетны ўдар, ці нават больш жахлівыя рэчы, якія сабе можна ўявіць.
Але паколькі час ідзе, а такіх канкрэтных абвінавачанняў па-ранейшаму няма, пакуль не выглядае, што эскалацыя можа быць звышрадыкальнай. Тым не менш новыя і больш магутныя ракетныя ўдары могуць быць.
— Тэракт у Падмаскоўі не сыходзіць з першых палосаў заходняй прэсы. Якія высновы можна зрабіць з гэтых публікацый? Ці ўдаецца Маскве навязаць сваё бачанне падзей?
— Гэта не проста тэракт, я б яго назваў мегатэрактам. Такіх акцый з боку «Ісламскай дзяржавы» ўжо даўно не было. І пагрозы з боку менавіта гэтай групоўкі, гэтага адгалінавання былі і на адрас еўрапейскіх краінаў.
І цэлы шэраг тэрактаў быў прадухілены ў Германіі ды Аўстрыі. А зараз абвешчаная небяспека тэрарыстычнай пагрозы ў Францыі. Так што гэтая гісторыя з ісламісцкімі тэрактамі, з радыкальнымі дзеяннямі цалкам зразумелая для Еўропы. Таму нічога надзвычайнага ў тым, што так пішуць пра Расію, няма.
Канечне, калі параўноўваць з апошнім «паспяховым» тэрактам «Ісламскай дзяржавы» ў Іране, то пра яго таксама пісалі, але тэма паступов знікла. Усё ж Іран для Захаду больш далёкі, чым тая ж Расія.
Я б не сказаў, што ў Масквы атрымалася навязаць свае наратывы. Каб у гэтым пераканавацца, варта вывучыць расійскія публікацыі. Бо як яны робяць? Калі расійская прапаганда высоўвае нейкую тэзу, то яна пачынае шукаць пацверджанне сваёй тэорыі ў розных незалежных крыніцах. Нейкія публікацыі ў заходняй прэсе, дзе падзяляюць іх думку.
Але нічога такога няма. Яны знайшлі хіба толькі дробныя публікацыі пра тое, што заходнія журналісты, якія працуюць у Расіі, пацвярджаюць: сярод расійскага насельніцтва прысутнічае думка пра датычнасць Украіны да тэракта.
Што тычыцца заходняй грамадскай думкі, таго, што тут друкуецца, то тут усё досыць зразумела. Лічыцца, што гэта зрабіла «Ісламская дзяржава», асноўны фокус на ёй. Што пасля тэракту ў Маскве тэрарыстычная пагроза можа ўзнікнуць у Еўропе.
Наадварот, тое, што расійскі бок паспрабаваў зараз адвесці ўвагу ад уласных праблемаў і не жадае прызнаць, што гэта былі ісламісты, што расійскія спецслужбы не справіліся са сваімі задачамі і імкнуцца зваліць усё на Украіну, на гэта рэакцыя, безумоўна, адмоўная.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае амаральнасць дзеянняў Крамля. Вось што акцэнтуецца ў прэсе. Я думаю, што ў такой сітуацыі ў Расіі няма шанцаў навязаць свае наратывы. Тым больш, што даверу да афіцыйнай пазіцыі Крамля, канечне, няма.
Тут яшчэ раз трэба адкрэсліць, што час ідзе, а нейкіх доказаў датычнасці да гэтага Украіны яны не прадставілі. Нават калі мы возьмем такі момант: падазраваных яны схапілі яшчэ ў суботу, прайшло больш за 48 гадзін з моманту, як гэтыя людзі знаходзяцца пад кантролем расійскіх уладаў. І што? Нейкія доказы ўжо былі?
Я думаю, калі б яны маглі штосьці з гэтых людзей выціснуць і тым самым даказаць сваю тэзу пра «ўкраінскі след», яны б гэта ўжо зрабілі. А яны гэтага пакуль не зрабілі. Тое ж, што цяпер ідзе з расійскага боку, гэта агульныя словы, на якія ўжо даўно ніхто не звяртае ўвагу.
— У гэтую гісторыю так ці іначай была ўцягнутая Беларусь. Ці ёсць верагоднасць таго, што падобныя тэракты могуць здарыцца ў беларускіх гарадах? Найперш з-за таго, што беларускі рэжым з’яўляецца бліжэйшым саюзнікам Крамля.
— Я б тут падкрэсліў некалькі беларускіх аспектаў, якія, дарэчы, паказваюць сітуацыю ў Беларусі і ступень яе залежнасці ад Масквы, спецыфіку адносінаў Лукашэнкі і Пуціна.
Першы момант звязаны з тым, што гэты тэракт у Беларусі ўспрымаецца фактычна як свой. Тут і прыспушчаныя сцягі, і афіцыйная рыторыка. Калі шчыра, гэта мала адрозніваецца ад успрымання гэтай сітуацыі недзе ў расійскім рэгіёне.
Пры ўсёй чаканай у такіх абставінах эмпатыі, сам факт, як гэта ўспрымаецца, гаворыць пра пазіцыянаванне сябе фактычна як расійскага рэгіёна. І хоць Лукашэнка казаў пра «саюзную дзяржаву», выглядае ўсё менавіта так.
Другі момант звязаны з Лукашэнкам і ягонымі адносінамі з Пуціным. Яны зусім своеасаблівыя і вельмі блізкія. У Пуціна знайшоўся час паразмаўляць з Лукашэнкам да таго, як ён звярнуўся да расійскай аўдыторыі.
І Лукашэнка быў першы, з кім ён размаўляў. То бок, гэта насамрэч вельмі блізкія адносіны, для Пуціна ён адзін з галоўных партнёраў і саюзнікаў.
Тое, што ў гісторыі з «вагнераўцамі» да вырашэння праблемы падключылі Лукашэнку цяпер не выглядае выпадковасцю. Былі ж размовы, што ён тады выпадкова падвярнуўся пад руку. Але маем ужо другі раз, і гэта не выпадковасць, гэта сістэма.
Дарэчы, гэта фактычна здымае апошнія пытанні наконт таго, ці пойдзе ў наступным годзе Лукашэнка на выбары. Бо Расіі ён відавочна патрэбны. Пуцін застаецца, а таму, калі Лукашэнка і захоча пакінуць пасаду кіраўніка краіны, то ці дазволіць ён яму гэта ў сённяшнія часы, калі ён Пуціну настолькі патрэбны?
Цяпер, што тычыцца магчымасці тэрактаў на тэрыторыі Беларусі. Для гэтага трэба паразважаць пра логіку ісламістаў з «ІД-Харасан». Ім важна было прадэманстраваць, што яны ўплывовыя джыхадысты, што яны ў стане ладзіць «сур’ёзныя» тэракты. Бо ў іх было шмат спробаў і нічога з гэтага не атрымлівалася.
А тут у іх атрымаўся буйны тэракт у фактычна еўрапейскай краіне і, акрамя таго, у ядзернай дзяржаве. Гэта падвысіла іх рэйтынг сярод іншых тэрарыстычных груповак. А гэта азначае і дадатковую падтрымку, і дадатковыя грошы.
І, канечне, яны зацікаўленыя ў працягу. Тым больш, што Расія сёння фактычна не хоча прызнаваць іх поспех. Яна ігнаруе, не выказваецца і не дзейнічае супраць іх. Гэтым і тлумачыцца сённяшняя новая пагроза на адрас Расіі і Пуціна пра новыя тэракты.
Я думаю, у гэтым і ёсць іх логіка. І як піша шмат хто з аналітыкаў, у Расіі спрыяльныя для новых тэрарыстычных акцый умовы. Маецца сур’ёзная, вялікая таджыцкая дыяспара, сувязі з Сярэдняй Азіяй, адкуль гэтая групоўка пераважна і рэкрутуе новых баевікоў.
Цяпер да Беларусі. Паколькі яна разглядаецца фактычна часткай Расіі, а джыхадысты, я думаю, асаблівай розніцы дакладна не робяць, паколькі яна падтрымлівае шчыльныя адносіны з ворагамі «Ісламскай дзяржавы» — Расіяй ды Іранам — то магчымасці тэрактаў выключаць нельга.
Іншая справа, што яны зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць гэта ў такой краіне, каб гэта дазволіла гучна заявіць пра сябе. У Беларусі, канечне, такога гучнага эфекту не будзе.
Але калі ў іх мэта проста паказваць, што яны ў стане сістэматычна нешта рабіць, а вось зараз яны пагражаюць Расіі новым тэрактам, то ў гэтым сэнсе гэтая хваля можа закрануць і Беларусь. Таму гэта ўсё трэба, безумоўна, успрымаць вельмі сур’ёзна.
— То-бок, калі падсумаваць, хоць тэрарысты і ўзнялі планку нападам на Маскву, беларусам расслабляцца ўсё адно не варта?
— Я думаю, што яны б хацелі, канечне, падвышаць планку. І галоўнай мэтай у іх, напэўна, быў бы тэракт недзе ў Еўропе. Каб паказаць, што яны ў стане гэта яшчэ і там здзейсніць. А з іншага боку ім важна паказаць, што гэта была не разавая акцыя, што яны здольныя да сістэматычнай дзейнасці.
Каб прадэманстраваць, што яны новая «Ісламская
дзяржава». Спачатку была Аль-Каіда. Потым з’явілая «Ісламская дзяржава» ў Сірыі
ды Іраку. А вось зараз мы прыйшлі на гэтае месца. Падаецца, што такія там
амбіцыі.