Global Forum у Вроцлаве — падвядзенне вынікаў
Уручэннем узнагароды свабоды Паўночна-Атлантычай Рады завяршыўся Global Forum у Вроцлаве. Міністэрства замежных спраў Польшчы ў асобе міністра Радаслава Сікорскага пацвердзіла жаданне і далей быць патронам гэтага буйнога палітычнага мерапрыемства.
Сам жа міністр падкрэсліў патэнцыял краінаў Вышаградскай групы ў падтрымцы ідэяў аб’яднанай Еўропы. Ды перад узнагароджаннем заявіў, што за свабоду сёння змагаюцца па ўсім свеце.
— Мяне вельмі радуе тое, што з намі ў Вроцлаве ёсць лаўрэатка мінулагодняй узнагароды свабоды Эма Баніно. Здаецца гэта была добрая інвестыцыя, бо яна ў міжчасе стала міністрам замежных спраў Італіі. Ну і вярнулася. А сёння будзем узнагароджваць былога прэм'ера Тадэвуша Мазавецкага і іншыя заслужаныя арганізацыі.
Першы паслякамуністычны прэм’ер Польшчы Тадэвуш Мазавецкі, прымаючы ўзнагароду, сціпла адзначыў, што проста рабіў усё, што ад яго залежала, каб Польшча стала вольнай і дэмакратычнай:
— Мяне гісторыя паставіла ў такой сітуацыі, я стараўся рабіць тое, што было маім абавязкам, як у Польшчы, так і пасля ў Босніі. Думаю, што кожны іншы на маім месцы зрабіў бы тое самае.
Сёлета ўзнагарода таксама трапіла ў беларускі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Навучальная ўстанова была адзначана за выхаванне моладзі ў духу дэмакратыі.
* * *
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пасля заканчэння дыскусійнай часткі вроцлаўскага Global Forum адказаў на пытанні журналістаў. Беларускаму Радыё Рацыя ён пракаментаваў сітуацыю са старшынёй непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Мечыславам Яскевічам і старшынёй Таварыства жаўнераў Арміі Краёвай пры Саюзе палякаў Веранікі Себасцьяновіч, якіх беларускія ўлады вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
Радаслаў Сікорскі:
— Не ведаю падрабязнасцяў той справы, але з паведамленняў у СМІ чуў, што 82-гадовая асоба мае клопаты з гэтай нагоды. Але гэта не дадае надзею.
Радаслаў Сікорскі меў на ўвазе 82-гадовую Вераніку Себасцьяновіч. Яе разам з Мечыславам Яскевічам вінавацяць у недазволеным мерапрыемстве. Справа датычыць усталявання крыжа ў памяць пра загінулага жаўнера Арміі КраёвайАнатоля Радзівоніка. Міністэрства замежных спраў Польшчы зрабіла ў гэтай справе адмысловую заяву, у якой адзначаецца, што пераслед польскіх актывістаў у Беларусі «нагадвае рэпрэсіі змрочных часоў, якія Еўропа павінна ведаць толькі з гісторыі».
* * *
Добра, што да Беларусі з боку дэмакратычных краінаў назіраецца больш рэалістычны падыход. Яшчэ лепш, калі яны заангажаваныя ў справы Беларусі і нерасчараваныя развіццём падзей, адзначае лідар Руху “За свабоду”Аляксандр Мілінкевіч.
Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч прымае ўдзел у дыскусіі Вроцлаўскага Global Forum “Еўропа і ЗША — супрацоўніцтва ў развіцці дэмакратыі”:
— Вельмі добра, што прадстаўнікі Злучаных Штатаў і ўплывовых еўрапейскіх арганізацый разумеюць, што дэмакратыя — гэта не толькі дэмакратычныя выбары. Заўсёды марылі, што ў Беларусі будуць дэмакратычныя выбары, будзе дэмакратыя, але дэмакратыя — гэта тое, што ў галовах людзей. Калі няма дэмакратыі ў галовах, то і выбары не дапамогуць. Гэта не значыць, што мы не мусім змагацца за дэмакратычныя выбары, але не трэба думаць, што гэта вырашэнне ўсіх праблемаў. Сёння казалі, што дэмакратыя без эканомікі таксама не дасць вынікаў таму, што людзі думаюць не толькі пра тое, каб мець сваіх прадстаўнікоў ва ўладзе, а каб гэтая ўлада дала ім дабрабыт.
Трэба мець адказы на простыя пытанні грамадства: “Што трэба змяніць у Беларусі?”, “Ці ёсць людзі, якія гэта зробяць?”.
Калі грамадства будзе верыць у тое, што менавіта мы тая сіла, якая гэта зробіць, тады ёсць шанс на тое, што Беларусь стане дэмакратычнай, падкрэслівае Аляксандр Мілінкевіч.
* * *
Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі прапануе падтрымаць беларускія недзяржаўныя СМІ. Ён выступіў з прапановай унесці змены ў даклад Юстаса Палецкіса.
Сярод іншага Яцэк Сарыюш-Вольскі лічыць неабходным аказаць падтрымку і Беларускаму Радыё Рацыя:
— Чарговая мая прапанова папраўкі ў тэксце рэзалюцыі — гэта ўзмацненне палітычнай і фінансавай падтрымкі незалежных медыя, такіх, як тэлебачанне Белсат, Радыё Рацыя, а таксама Хартыя’97. Іх штодзённая праца прадастаўляе беларускім грамадзянам доступ да свабодных медыяў, якія рэкламуюць дэмакратычныя каштоўнасці. Гэта мае папраўкі, якія я ўнёс у даклад Палецкіса, будзем старацца за іх прагаласаваць.
Паводле Яцэка Сарыюша-Вольскага, трэба змяніць у дакладзе Юстаса Палецкіса тэкст у пункце, дзе ўздымаецца пытанне ўдзелу неўязднога ў краіны Еўразвяза міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў Віленскім саміце “Усходняга партнёрства”.
* * *
Як дзейнічаць Еўропе ў сферы дэмакратыі, фінансаў, бяспекі, стратэгія супрацоўніцтва з Усходам і ЗША — гэтыя ды іншыя пытанні ўздымаюцца на Global Forum, з Вроцлава перадае наш карэспандэнт Антон Размуоўскі:
— У Вроцлаўскім кангрэс-цэнтры працягваецца Global Forum, які прадстаўляе дыскусійную пляцоўку самым уплывовым палітыкам Польшчы і замежжа. На працягу двух дзён абмяркоўваюцца праблемныя пытанні еўрапейскага і амерыканскага супрацоўніцтва ў галіне дэмакратыі, палітыкі Еўропы ў адносінах да нееўрапейскіх краінаў, у тым ліку адносіны з Расіяй. Шмат пытанняў было да міністра еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Грузіі Алексія Петрыашвілі ў справе далучэння яго краіны да Паўночнаатлантычнага альянсу, гэтае рашэнне, па словах самога міністра, падтрымалі каля 77% грузінскіх грамадзян. У гэтыя хвіліны на Global Forum абмяркоўваецца глабальная стратэгія, палітыкі сышліся ў меркаванні, што Еўропа пакуль не набыла статус сапраўды аб’яднанай. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаўся па пытанні палітыкі адносінаў з Расіяй у сферы энергетычнай бяспекі. Расія павінна адчуваць канкурэнцыю ў сферы паставак энергіі, Еўропе трэба зрабіць пэўныя крокі, каб не адчуваць залежнасці ад Масквы, падкрэсліў Сікорскі. Яшчэ сёння на Global Forum адбудзецца ўручэнне прэстыжных “узнагародаў свабоды” Паўночнаатлантычнай рады, у ліку лаўрэатаў беларускі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
* * *
Другі дзень Вроцлаўскага Global Forum пачаўся з дыскусіі пра магчымасці пашырэння Паўночна-Атлантычнага альянсу.
Міністр еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Грузіі Алексія Петрыашвілі выказаў упэўненасць, што Расіі не падабаюцца заходнія памкненні Грузіі, яна павінна ўлічваць суверэнныя інтарэсы іншай краіны.
У інтэрв'ю для нашага радыё грузінскі міністр Алексія Петрыашвілі таксама падкрэсліў, што нягледзячы на розныя знешнепалітычныя памкненні Беларусі і Грузіі, гэта не перашкаджае мець краінам добрыя адносіны:
— У нас добрыя, сяброўскія двухбаковыя адносіны з Беларуссю, паміж народамі Грузіі і Беларусі, паміж МЗС і кіраўніцтвам Грузіі і Беларусі ў нас таксама вельмі шчыльныя кантакты. Я б адзначыў, што гэта нармальна, калі суверэнныя краіны прымаюць рашэнні пра вызначэнне тых арганізацый, у якіх яны хацелі б удзельнічаць ці сябрамі якіх з’яўляюцца, і нягледзячы на розніцу ў знешнепалітычных прыярытэтах наладжваюць, развіваюць двухбаковыя адносіны.
Вроцлаўскі Global Forum працягваецца дыскусіяй пра супрацоўніцтва Еўразвяза і ЗША ў галіне дэмакратыі.
* * *
Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі крытыкаваў даклад літоўскага дэпутата Юстаса Палецкіса ў справе Беларусі. Разам з тым ён прапанаваў унесці змены ў некаторыя фармулёўкі.
У прыватнасці, неабходна змяніць фразу пра тое, што ў Беларусі палепшылася сітуацыя з правамі чалавека, сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі ў інтэрв’ю пасля першага дня Вроцлаўскага Global Forum:
— Я і не толькі, крытыкавалі сцверджанне, што ў Беларусі выправілася сітуацыя са стандартамі правоў чалавека і дэмакратыі. Прапаную выкрасліць фармулёўку: “Беручы пад увагу, што ў 2012 годзе было адзначана выпраўленне сітуацыі з правамі чалавека”. Я прапаную замяніць яе наступнай фармулёўкай: “Беручы пад увагу адсутнасць зрухаў у справе шанавання правоў чалавека, а таксама бесперапыннае пагаршэнне ўмоваў існавання грамадзянскай супольнасці, палітычных дзеячаў — гэта абуральна. Беручы пад увагу абыякавасць беларускіх уладаў да зваротаў міжнароднай супольнасці, што спрычынілася да далейшага пагаршэння адносінаў з Еўразвязам і паступовай самаізаляцыі Беларусі”.
Таксама у даклад літоўскага калегі Сарыюш-Вольскі прапануе ўнесці прапановы аб падтрымцы беларускіх недзяржаўных СМІ, у тым ліку Беларускага Радыё Рацыя.
* * *
Завяршыўся першы дзень Вроцлаўскага Global Forum, арганізаваным польскім інстутытам замежных спраў. На ім сустракаюцца сусветныя палітычныя эліты, каб падыскутаваць аб дэмакратыі, гаспадарцы, адносінах паміж трансатлантычнымі партнёрамі ды іншых пытаннях.
Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі прыняў удзел у дыскусіі на тэму будучыні эканамічнай інтэграцыі ў Еўразвязе. Карысныя парады з дыскусіі, на думку еўрадэпутата, магла б вынесці і Беларусь:
— Тая логіка дыскусіі на тэму трансатлантычнага рынку таксама павінна быць навукай для Беларусі, пераконваць у тым, што адкрыццё гаспадаркі, межаў, знішчэнне перашкодаў для гандлю — гэта крыніца дабрабыту, гаспадарчага росту, гэта новыя месцы працы, гэта карысць для грамадзянаў Беларусі.
Таксама на думку Яцэка Сарыюша-Вольскага, Беларусь вельмі залежная ад дастаўкі энергіі з Расіі. Таму другая навука ў тым, што цяжка мець незалежную гаспадарку, калі не можаш стаць незалежным у энергетычным сэнсе.
Трэцяе на што Беларусі, якая жыве ва ўмовах сацыялізму з элементамі рынку, трэба звярнуць увагу — гэта недаацэнка моцнай банкаўскай сістэмы. Бо калі банкі “хворыя”, то “хворая і гаспадарка”, падкрэслівае еўрадэпутат.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара