Шчучын: 19 чэрвеня будуць судзіць кіраўніка і сябра Саюзу палякаў

19 чэрвеня ў Шчучынскім раённым судзе маюць адбыцца адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да кіраўніка незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Мечыслава Яськевіча і сябры гэтай арганізацыі са Скідзеля Веранікі Себасьцяновіч.



jaskevich_mechyslau.jpg

Мечыслаў Яськевіч

Разгляд справаў прызначаны на 10-ю гадзіну. Нагадаем, што на абодвух былі складзены пратаколы нібыта за парушэнне дзеючага заканадаўства — правядзенне несанкцыянаванага мітынгу.

12 траўня сябры Саюзу палякаў усталявалі ў вёсцы Рачкаўшчына (Шчучынскі раён) крыж у памяць апошняга кіраўніка спалучаных узброеных сілаў Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які загінуў у гэтай мясцовасці ў 1949 годзе.

 У суд таксама выкліканы некаторыя сябра СПБ як сведкі.

Справу каментуе гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў: “У гэтай сітуацыі мы бачым працяг палітыкі дзяржаўнай улады ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці. Выразна бачна, што ўлада “заціскае” ўсіх, хто праяўляе грамадскую актыўнасць: ці то гэта прадстаўнікі тытульнай нацыі — беларусы, ці прадстаўнікі недзяржаўнай арганізацыі нацыянальнай меншасці, як у гэтым разе. Калі разглядаць юрыдычны бок справы, то складзеныя пратаколы выглядаюць проста абсурдна, яны пазбаўлены чалавечай логікі і здаровага сэнсу”.

spring96.org