Гісторык: Пуцін будзе падтрымліваць Лукашэнку, відаць, да канца
Аляксандр Пашкевіч — пра першыя высновы з падзеяў у Казахстане.
У першыя дні студзеня ў Казахстане ўспыхнулі масавыя пратэсты. Тое, што пачыналася як стыхійны рух супраць падвышэння цэнаў, вылілася ў палітычны крызіс. Акрамя таго, у краіну на просьбу яе ўладаў уведзены вайсковы кантынгент АДКБ, у тым ліку і беларускія міратворцы.
Пра тое, якія ўрокі з казахстанскіх падзей атрымала
Беларусь, «Салідарнасць» пагутарыла з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.
Ці магчымая перамога без лідараў і плана
— Вядома, што арганізаванасць і наяўнасць плану даюць лепшы
вынік. Лідары патрэбныя для фармулявання патрабаванняў, іх рэалізацыі.
Іншае пытанне, наколькі ўсё магло быць лепш арганізавана ва
ўмовах беларускага ці казахстанскага рэжыму, дзе ўсё было зачышчана, любая
палітычная актыўнасць зведзеная калі не да нуля, то да нейкіх нязначных
велічынь.
Магчыма, ва ўмовах Беларусі ці Казахстана адзіны верагодны
варыянт — гэта народны пратэст, а не нейкая наменклатурная гульня. Іншая
справа, што ў Казахстане пэўныя элементы расколу эліт назіраліся: Назарбаеў
страціў пасаду, Такаеў усё больш улады засяроджвае ва ўласных руках.
І ўсё ж народныя пратэсты ў Казахстане сталі хутчэй пэўным
інструментам для здзяйснення перастановак у элітах, а не самастойным суб’ектам,
з якім мусяць лічыцца і які можа ўплываць на прыняцце рашэнняў.
Мірны ці гвалтоўны пратэст — кропка ў спрэчцы?
— Гэта пытанне вечнае. Такія спрэчкі так ці іначай будуць
ісці, бо тут аргументацыя грунтуецца на гіпатэтычных справах.
Але, натуральна, цяпер у прыхільнікаў мірных пратэстаў, якія
казалі пра разбуральнасць сілавых дзеянняў, што могуць прывесці зусім да іншых
наступстваў, з’явіліся дадатковыя аргументы на карысць уласнай пазіцыі.
Бо мы бачым, якія наступствы мае альтэрнатыўны варыянт, і ён
не натхняе. Ён натхняў, можа, у першыя дні, але цяпер не выглядае бясспрэчна
правільным. Зрэшты, падзеі да канца яшчэ не скончаныя.
Як адрэагаваў на падзеі ў Казахстане Лукашэнка
— Лукашэнка заўсёды трымаўся думкі, што любым
пасягальніцтвам на аўтарытарную ўладу трэба адразу ж даваць адпор. У прынцыпе,
ён і раней не асабліва быў задаволены, калі АДКБ не рэагавала на рэвалюцыі ў
некаторых краінах. Гэтая сітуацыя яму найбольш баліць. Таму ён, натуральна, не
мае нічога супраць, каб уводзіць войскі і дапамагаць казахстанскаму кіраўніцтву
трымацца пры ўладзе. Бо для яго ўлада сама па сабе сакральная.
Ці павялічылася залежнасць Мінска ад Масквы
— Ад увядзення войскаў не ўхіліўся ніхто з членаў АДКБ. Свае
кантынгенты ўводзяць і Таджыкістан, і Арменія, і нават Кыргызстан, які трошкі
вагаўся, таксама ўвёў. Таму тут нельга сказаць, што адзін Лукашэнка прагнуўся
пад Маскву.
Ці атрымалі беларускія ўлады нагоду апраўдаць рэпрэсіі
— Пытанне — перад кім Лукашэнка будзе апраўдваць свае
дзеянні. Перад беларускім грамадствам? Рана тут казаць, што некага пераканае
такая аргументацыя. Людзі не сляпыя, яны бачылі, што ў нас адбывалася, самі ў
гэтым удзельнічалі.
Пераконваць у нечым Пуціна? Ён і так перакананы ў тым, што
будзе падтрымліваць Лукашэнку. І будзе падтрымліваць, відаць, да канца.
Хіба што большую прыхільнасць сённяшнія беларускія ўлады
атрымаюць з боку уладаў Казахстана, іншых аўтарытарных лідараў на постсавецкай
тэрыторыі. Калі нехта з іх раней і думаў, што не варта рабіць так, як
Лукашэнка, што трэба дзейнічаць мякчэй, цяпер яны прызнаюць ягоную рацыю. І для
яго асабіста гэта можа стаць пэўным дасягненнем.
Ці адменяць улады рэферэндум
— Не думаю, што Лукашэнка на гэта пойдзе. Іншая справа, калі
б падзеі ў Казахстане адбыліся да таго, як у нас быў агучаны праект
Канстытуцыі, які праўладныя эксперты нахвальваюць і падаюць як прыклад
дзяржаўнай мудрасці. Фактычна, працэс запусцілі. І калі ў гэты момант сказаць,
што рэферэндума не будзе, усё згарнуць, то Лукашэнка апынецца ў дурной
сітуацыі, страціць твар і насамрэч пакажа, што нечага баіцца.
Рэферэндум адбудзецца, але вельмі верагодна, што ў часе
абмеркавання з праекта «па просьбах народа» выкінуць небяспечныя для Лукашэнкі
пункты. Ды яшчэ і прадэманструюць плюралізм: маўляў, улічваем народныя
пажаданні. Гэта першае.
Па-другое, прапанаваны праектам механізм транзіта ўлады
вельмі размыты. Там не прапісана, што старшыня Усебеларускага народнага сходу і
прэзідэнт павінны быць рознымі асобамі. Гэта можа быць і адзін чалавек. І я
думаю, што ў рэшце рэшт Лукашэнка зойме абедзьве гэтыя пасады. Не выключана,
што ён будзе цягнуць з увядзеннем новай Канстытуцыі ці адкладзе яго да 2025-га.
Лукашэнка дакладна не наважыцца зрабіць, як зрабіў Назарбаеў.