«Хопіць ужо прыкідвацца, што ў беларускіх уладаў засталіся якія-небудзь замежныя справы, акрамя спраў у Расіі»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра саміт СНД. І пра тое, што сёй-той там аказаўся нікому не патрэбны. Нават старэйшаму саюзніку, які не знайшоў часу на сустрэчу.

Фота sputnik.by

Фота sputnik.by

Сёй-той у пятніцу з'ездзіў на саміт СНД. І аказалася, што нават на саміце СНД сёй-той нікому не патрэбны. Акрамя прэзідэнта Узбекістана ніхто з ім не захацеў сустракацца. Падазраю, што прэзідэнту Узбекістана ён таксама не асабліва быў патрэбны. Але санкцыі самі сабе не абыдуць. Таму прэзідэнт Узбекістана выдаткаваў на сяго-таго гадзіну свайго асабістага часу. А ў іншых на яго нават гадзіны вольнай не знайшлося.

Падазраю, што галоўным расчараваннем быў, вядома, старэйшы саюзнік. Сёй-той жа з такім натхненнем распавядаў, як ён сустрэнецца з Пуціным і павырашае з ім усе свае фінансавыя праблемы. Ужо, напэўна, усе грошы ў сябе ў розуме склаў, якія яму Пуцін павінен быў паабяцаць на развязанне ягоных лагістычных праблем.

І тут такая непрыемнасць. У Пуціна не знайшлося ў графіку вольнага часу на малодшага саюзніка. Вось на іншых жа знайшлося. На Кыргызстан знайшлося, на Таджыкістан знайшлося, на Азербайджан знайшлося. А на самага блізкага саюзніка — не знайшлося.

А не скажаш жа, што сёй-той дзеля Пуціна мала стараецца. Ну, гэта значыць, як ён там насамрэч стараецца, я не ведаю. Але вербальных інтэрвенцый жа не шкадуе. Вось у пятніцу зноў распавёў калегам з СНД, як ім добра было разам. А не разам будзе дрэнна. А разам — зноў добра.

Калегі, праўда, не вельмі натхніліся. Таму што калі сёй-той распавядае, як паасобку «нас парвуць», любы можа яму адказаць: «Не нас, прабачце, а вас». Але сёй-той жа не дзеля іх стараўся. Не дзеля гэтых прыземленых людцаў, пазбаўленых пачуцця геапалітычнай велічы. Сёй-той здзяйсняе вербальныя інтэрвенцыі дзеля старэйшага саюзніка. І вядома, сёй-той спадзяецца, што яго вербальныя інтэрвенцыі будуць канвертаваныя ў фінансавыя. Па выгадным курсе. Ці хаця б па якім-небудзь курсе.

Таму што гэта раней можна было абмяркоўваць, як канкрэтна беларускія ўлады залежаць ад Расіі. А цяпер ужо і абмяркоўваць няма чаго.

Тут якраз пасол Беларусі ў Расіі ўчора сказаў, што пасольства Беларусі ў Расіі збіраецца адкрыць тры новыя генеральныя консульствы Беларусі ў Расіі. І што трэба, каб навокал пасольства Беларусі ў Расіі было не менш за дваццаць аддзяленняў пасольства Беларусі ў Расіі.

Дык я вось думаю — а да чаго гэтыя паўмеры? Консульствы, аддзяленні, пасольствы. Трэба проста адразу адкрыць Міністэрства спраў Беларусі ў Расіі. Можна нават замест міністэрства быццам бы замежных спраў. Вось будзе Міністэрства Беларусі ў Расіі, а пры ім пасольствы. Пасольства Беларусі ў Калінінградскай вобласці, пасольства Беларусі ў Краснаярскім краі, Калмыкіі. Хопіць ужо прыкідвацца, што ў беларускіх уладаў засталіся якія-небудзь іншыя замежныя справы, акрамя спраў у Расіі.

P. S. З таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу, замежных спраў у Беларусі заставалася ўсё менш.