«Недастаткова сказаць, што рэжым вінаваты — важна памятаць пра яго помслівасць»
За кожны крок апанентаў рэжым помсціць, і забарона на абмен пашпартоў за мяжой — яскравае гэтаму сведчанне.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Ужо досыць доўгі час у Літве і іншых краінах Балтыі актыўна выкарыстоўваецца тэрмін «гібрыдны», калі гаворка заходзіць пра агрэсіўныя дзеянні пуцінскага рэжыму ў дачыненні да суседніх дзяржаў. Дадзенае азначэнне знаходзіць адлюстраванне і ў афіцыйных дакументах. Падобным чынам ацэньваецца дзейнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пра які пойдзе гаворка ў дадзеным тэксце, піша Кірыл Касцян для «Delfi».
Пра дзеянні шматгадовай нязменнай мінскай адміністрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і на пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 года напісана ўжо дастаткова. Аднак новыя «вынаходкі» рэжыму Лукашэнкі ў прававым полі не дазваляюць гэтай тэме страціць сваю актуальнасць. У якасці прыкладу варта згадаць указ ад 4 верасня 2023 года №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў», які «аптымізуе» дзейнасць беларускіх дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў. Галоўным вынікам такой «аптымізацыі» стала немагчымасць абмену пашпартоў грамадзянамі Беларусі ў замежных прадстаўніцтвах краіны.
Глядзіце таксама

Іншым прыкладам з'яўляецца ўзбуджэнне крымінальных спраў па факце нібыта «экстрэмісцкай» дзейнасці Рады БНР, пра якія было абвешчана на пачатку кастрычніка 2023 года. У дадзеным выпадку выкарыстоўваецца цалкам стандартны набор клішэ пра «рэабілітацыю нацызму», «экстрэмісцкую дзейнасць», «распальванне нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці», а таксама «падбухторванні грамадзян Беларусі да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных фарміраваннях аднаго з супрацьлеглых бакоў».
Наўрад ці мае сэнс разбіраць, чаму прадстаўнікі адміністрацыі Лукашэнкі выкарыстоўваюць дадзеную юрыдычную эквілібрыстыку супраць сваіх рэальных, патэнцыйных і нават прыдуманых апанентаў. Аднак варта звярнуць увагу на шэраг іншых праблем, звязаных з гэтым, паколькі яны патэнцыйна закранаюць тыя сегменты беларускага грамадства (чытай: яго большую частку), якія не згодныя з дзеяннямі мінскага рэжыму.
Эксплуатацыя ўразлівасці і беспакаранасці
Чытаючы каментары з нагоды аднаго з маіх папярэдніх тэкстаў на «Delfi», мне кінулася ў вочы фраза пра тое, што, выходзячы на пратэсты ў 2020 годзе, многія беларусы былі не гатовыя да таго, што праз невялікі прамежак часу для тысяч людзей гэта прывядзе да рэальных турэмных тэрмінаў. Такая пастаноўка пытання ўключае ў сябе сутыкненне двух крайнасцей. З аднаго боку, лібералізацыя рэжыму, пра якую шмат гаварылася пасля 2015 года, магчыма, ускосна згуляла з многімі людзьмі злы жарт. Чалавечая памяць выбарчая, а многія свядома хочуць памятаць толькі нешта станоўчае альбо адштурхоўваюць непрыемныя думкі да таго часу, пакуль гэта наўпрост не закране іх саміх або іх блізкіх. А хтосьці сапраўды не верыў, што рэжым Лукашэнкі пойдзе на крайнасці ў мэтах захавання ўласнай улады. З іншага боку, рэжым існуе з 1994 года, і менавіта яго адаптыўнасць і выкрутлівасць дазволілі яму ўтрымацца і эвалюцыянаваць у тое, чым ён з'яўляецца цяпер.
Глядзіце таксама

Гісторыя з пашпартамі, згаданая вышэй, ілюструе тое, што рэжым часта выкарыстоўвае тактыку адлюстроўвання ў адказ на тыя ці іншыя дзеянні сваіх апанентаў. У дадзеным выпадку такая «аптымізацыя» дзейнасці замежных беларускіх прадстаўніцтваў падаецца мерай у адказ на публічную дыскусію пра альтэрнатыўныя пашпарты. А калі вярнуцца да выбараў 2020 года, то многія згадаюць, як сэксісцкі тэзіс Лукашэнкі пра тое, што жанчына не можа быць прэзідэнтам, ператварыўся ў лозунг «Каханую не аддаюць».
Такая сітуацыя паказвае гібрыдную палітыку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага грамадства. Аператыўна рэагуючы на канкрэтныя выклікі і надзённыя пытанні парадку дня, рэжым упіваецца ўласнай беспакаранасцю на кантрасце ўразлівасці апанентаў. Пры цяперашніх раскладах гэта, па вялікім рахунку, гульня ў адны вароты. Па сутнасці, рэжым Лукашэнкі мае дастаткова рычагоў, каб асіметрычна і па бязмежжы адказваць на ініцыятывы сваіх апанентаў, пры гэтым асабліва не турбуючыся за ўласнае рэнамэ (ці, хутчэй, яго поўную адсутнасць). А апазіцыйным сілам нічога не застаецца, акрамя як працягваць збіраць і пратакаляваць доказы бязмежжа рэжыму супраць уласных грамадзян.
Знешнія фактары і элементы крэатыву
Па сутнасці, рэжым Лукашэнкі абсалютна не стрымлівае сябе нейкімі правіламі прыстойнасці, кіруючыся ўласнымі інтарэсамі (у меру свайго разумення такіх) і не звяртаючы ўвагі на якую-небудзь крытыку звонку. Таму яго юрыдычныя экзерсісы па абмежаванні правоў уласных грамадзян, загорнутыя ў абгортку «аптымізацый» і «барацьбы з экстрэмізмам» (а таксама іншымі «-ізмамі»), у прынамсі кароткатэрміновай перспектыве прадказальна гуляюць супраць яго апанентаў, для якіх ствараюцца дадатковыя цяжкасці. Для іх вырашэння неабходны час, крэатыў і рэсурсы, што пакідае рэжыму магчымасць для далейшага маніторынгу і вынаходкі наступных «інавацый». Усё гэта выклікае іншае пытанне. А наколькі эфектыўнымі былі тыя рэцэпты па барацьбе з рэжымам, якія многія яго апаненты транслявалі знешніх гульцам?
Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі нагадвае закрытую бутэльку з адбітым дном. З аднаго боку, у яе прысутнічае корак у выглядзе санкцый дэмакратычных краін. З іншага ж — адбітае дно, праз якое ажыццяўляюцца кантакты з Расіяй, Кітаем, а таксама значнай часткай постсавецкай прасторы і так званага «глабальнага Поўдня». Інакш кажучы, санкцыі не дасягаюць эфекту вакууму і толькі яшчэ больш штурхаюць Беларусь у абдымкі пуцінскага рэжыму. Але галоўная праблема заключаецца нават не ў гэтым.
Глядзіце таксама

Калі на розныя міжнародныя пляцоўкі выносіцца пытанне аб адказнасці рэжыму Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне ці гібрыднага міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС, то многія замежныя гульцы з тых ці іншых прычын успрымаюць гэтую праблему занадта даслоўна і па-за кантэкстам. З гэтай оперы, напрыклад, спробы зраўнаваць абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі. Безумоўна, падобныя рашэнні — самыя хуткія і простыя. І тут варта задацца пытаннем: а які пасыл падаецца гэтым самым замежным гульцам з боку беларускіх дэмакратычных сіл? Прасцей кажучы, ім недастаткова проста сказаць толькі пра тое, што рэжым Лукашэнкі вінаваты ў тым ці іншым выпадку, і заклікаць да чарговых персанальных або сектаральных санкцый. Важна памятаць пра помслівасць рэжыму ў дачыненні да ўласных суграмадзян, якія відавочна або ўтойліва выступаюць супраць яго. Тыя абмежаванні, з якімі на працягу пэўнага часу сутыкаюцца беларускія грамадзяне ў краінах ЕС, хутчэй сведчаць пра тое, што кампанента аб уразлівасці беларусаў перад калектыўнай помстай з боку рэжыму часцяком застаецца альбо неданесенай да адказных за прыняцця рашэнняў палітыкаў, альбо не да канца пачутай і зразуметай апошнімі.
Глядзіце таксама

Чакаць, што гэтыя абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі ў бліжэйшай перспектыве прывядуць да таго, што яны масава паўстануць супраць рэжыму, прынамсі, наіўна, хоць наўрад ці хтосьці рэальна ў гэта верыць. І гэтыя людзі не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Абсалютна не. Справа ў эканамічнай сістэме і працоўным заканадаўстве, якое абслугоўвае яе, створаных і вывастраных за доўгія гады існавання рэжыму. А вось гісторыя са спыненнем абмену пашпартоў з'яўляецца выдатным сведчаннем такой помсты з боку рэжыму, а таксама крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці лабіравання беларускіх інтарэсаў дэмакратычнымі сіламі. Гатоўнасць рэжыму да чарговай порцыі юрыдычнага «крэатыву», накіраванага на ўмацаванне ўласнай улады і самасцвярджэнне на фоне апанентаў, зразумелая ўсім. Але на гэта ім варта адказваць уласным гібрыдным крэатывам, каб паставіць у тупік апанента, які дзейнічае з пазіцыі сілы, які грае без правілаў і не выбірае сродкаў для дасягнення сваіх мэт.