Імітацыя кіпучай дзейнасці

Хутка ў Беларусі можа быць змененае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі — у чарговы раз. Падстава для змянення — «у адпаведнасці з выклікамі часу». Пра гэта ў эфіры «Радыё-Мінск» заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька.

Генадзь Давыдзька

Генадзь Давыдзька


Па яго словах, ужо ў аўторак пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ збярэцца, каб пачаць абмяркоўваць гэтыя змены.

Давыдзьку відавочна не задавальняе «вольніца», якая з’явілася ў перыяд інтэрнэту. Раней, са скрухай казаў ён, журналісцкія матэрыялы павінны былі прайсці праз «рэдакцыйныя саветы». А зараз, маўляў, «любы прыдурак можа ў адну секунду выкінуць у інтэрнэце, у сацыяльных сетках, яшчэ кудысьці... нейкую інфармацыю. Чым яна будзе горш, чым больш да яе будуць прыроблены крылы народнай думкі... Усё! І яно разыйдзецца, таму што... і першакрыніца будзе невядомая, але думка пайшла ... І ён будзе ціха радавацца... гэтаму. Таму тут трэба спыняць!»

Дзіўна, што пры гэтым Давыдзька неяк не пашкадаваў пра адсутнасць у Беларусі савецкай цэнзуры. Вось дзе былі «рэдакцыйныя саветы», што забаранялі Уладзіміра Высоцкага, Іосіфа Бродскага, ставілі палкі ў колы Васілю Быкаву, Святлане Алексіевіч і братам Стругацкім. Але, на шкадаванне не толькі Давыдзькі, але і шмат якіх іншых чыноўнікаў, цэнзура ў Беларусі забароненая на ўзроўні Канстытуцыі.

Таму спадар дэпутат мае намер «безумоўна змяняць заканадаўства». «Будзем ініцыяваць змяненні ў закон аб сродках масавай інфармацыі, як мінімум падганяючы да найбольш перадавых заканадаўстваў у гэтай сферы. Гэта заканадаўства Расійскай Федэрацыі, гэта заканадаўства германскае, і яшчэ ёсць шэраг», — сказаў ён.

«Шэраг», безумоўна, ёсць. Але ў словах Давыдзькі адразу бачныя вынікі нелегітымнасці ўсяго беларускага парламента. Калі б парламент быў легітымным, то Генадзь Давыдзька, можа быць, з’ездзіў бы з «працоўным візітам» да дэпутатаў Бундэстагу для вывучэння германскага заканадаўства аб СМІ. І дэпутаты Бундэстагу патлумачылі бы яму, што такога заканадаўства ў Германіі проста НЕ ІСНУЕ. У Германіі свабода прэсы замацаваная артыкулам 5 Асноўнага закона, ёсць агульны Кодэкс Савета па справах прэсы і законы аб прэсе федэральных земляў — свой у кожнай зямлі.

Але, паколькі парламент у нас не абраны, а прызначаны, то еўрапейскія дэпутаты іншым разам нават сустракацца з такімі «парламентарамі», як Давыдзька, лічаць ніжэй за свой гонар.

Адно з новаўвядзенняў, якое прапанаваў Давыдзька: «напрыклад, калі ў цябе ў сацсетках ёсць 500 падпісчыкаў — ты абвяшчаешся СМІ».

Большай бязглуздзіцы, падаецца, прыдумаць цяжка. Пэўна, Генадзю Давыдзьку не даюць спакою лаўры былой міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч, якая направа і налева раздавала папярэджанні тым СМІ, якія ёй не падпарадкоўваюцца, і зусім не інфармацыйным сайтам.

Ініцыятывы Генадзя Давыдзькі ўжо выклікалі кпіны — нават не ў інтэрнэце

Ініцыятывы Генадзя Давыдзькі ўжо выклікалі кпіны — нават не ў інтэрнэце

Найперш, пытанне: а калі чалавек, у якога 500 падпісчыкаў, не хоча лічыцца журналістам, то што? Генадзь Давыдзька прымусіць яго атрымаць пасведчанне? Ці на ланцугу зацягне ў дзяржаўны Саюз журналістаў? І так ён будзе бегаць за кожным, хто мае «больш за 500» у Facebook?

Другое: як будуць вызначацца гэтыя «500 падпісчыкаў»? У мяне ў сябрах, напрыклад, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і былы вязень нашай турмы брытанец Алан Сміт. Яны будуць улічвацца ў якасці маёй аўдыторыі, альбо 500 фрэндаў у мяне павінны быць выключна з Беларусі?

Трэцяе: калі ў мяне ёсць акаўнты ў Facebook, Instagram, «Одноклассниках», «ВКонтакте», — маіх сяброў палічаць паўсюль, ці трэба «па 500» у адной сацсетцы?

Чацьвёртае: калі ў мяне ў сябрах «тэлекамунікацыйная кампанія А1», «Міжпакаёвыя дзверы» і «Газета Слонімская» — яны будуць лічыцца за аднаго сябра, ці спадар Давыдзька залічыць да маёй аўдыторыі ўсіх, хто працуе ў гэтых фірмах?

Такіх пытанняў можна задаць мільён. І ўцямныя адказы на іх мы наўрад ці атрымаем.

У прынцыпе, зразумела, для чаго Давыдзька прапануе такія захады. Ніхто не будзе праводзіць «усеагульны перапіс інтэрнэту» і лічыць, колькі сяброў мае кожны грамадзянін краіны — на гэта не хопіць ані сіл, ані сродкаў, нават калі пасадзіць за такі падлік усіх ідэолагаў краіны. Проста ўлада будзе адсочваць «нязручных» для сябе блогераў, і караць іх па заканадаўстве аб СМІ.

Але чым гэта адрозніваецца ад «палявання на вядзьмарак»? І што ў нашай краіне будзе ў такім выпадку з базавым прынцыпам «роўнасці ўсіх перад законам»?

Адзінае, што суцяшае — наўрад ці ў спадара Давыдзькі нешта атрымаецца. Ужо былі спробы — у часы той жа Ананіч, — блакаваць «нячэсныя» сайты. І нічога, апроч падвышэння кампутарнай пісьменнасці насельніцтва, з гэтага не атрымалася. Людзі проста навучыліся карыстацца VPN і проксі-серверамі.