Інтэграцыя па-расійску. Як прапаганда ўвесь год стварала вобраз «Саюзнай дзяржавы»

Блакітная мара расійскіх эліт і звычайных абывацеляў — «Вялікая Расія» — сёння ёсць пакуль што толькі ў наратывах прапаганды. Ці стане гэта рэальнасцю?

Архіўнае фота «НЧ»

Архіўнае фота «НЧ»

Пачатак 2023-га. Планы інтэграцыі — паводле версіі расСМІ

На пачатку года расСМІ акцэнтавалі ўвагу на перспектывах інтэграцыі Беларусі і РФ. Са спасылкай на беларускія крыніцы паведамлялася пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Пуціна 5 лютага, падчас якой абмяркоўваліся тры блокі пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Тады ж была дасягнута дамоўленасць наконт чарговай сустрэчы, дата якой не паведамлялася, але адзначалася, што яна будзе «найбліжэйшым часам».

Асаблівую ўвагу расСМІ надавалі імпартазамяшчэнню, перш за ўсё ў мікраэлектроніцы, станкабудаванні, фармацэўтычнай прамысловасці, навуковых і канструктарскіх даследаваннях, піша «MediaIQ».

Чакана не забывалі і пра ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і РФ, перш за ўсё — пастаўку тэхнікі і ўзбраенняў. Анансавалася пастаўка ў Беларусь расійскіх верталётаў Мі-35М, самалётаў Су-30СМ нібыта для «абароны... паветранай прасторы». Пры гэтым традыцыйна для расСМІ не ўдакладнялася, ад каго неабходна абараняць паветраную прастору Беларусі.

На пачатку 2023 года шмат гаварылася пра стварэнне сумеснай групоўкі войскаў Беларусі і РФ, пра што яшчэ ў кастрычніку 2022 года абвясціў Лукашэнка. У якасці прычыны стварэння групоўкі, у якую павінна ўвайсці ўся беларуская армія, колькасць якой складае каля 70 тысяч чалавек, і 9 тысяч вайскоўцаў з расійскага боку, называліся міфічныя «пагрозы з боку Захаду».


Глядзіце таксама

У сакавіку Пуцін заявіў, што РФ мае намер размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю, пра што ён нібыта дамовіўся з Лукашэнкам. Пры гэтым Мінску, як сцвярджала расійскае кіраўніцтва, не планавалася перадаваць кантроль над ядзернымі зарадамі. Падставай для такога рашэння Пуцін назваў «заяву намесніка міністра абароны Вялікабрытаніі, што яны збіраюцца пастаўляць снарады са збедненым уранам ва Украіну». Праўда, ёсць часавае несупадзенне, паколькі 10 беларускіх вайсковых самалётаў для ўжывання ядзернага ўзбраення ўжо былі перааснашчаны, падрыхтоўка іх экіпажаў запланавана раней, будаўніцтва сховішча ЯЗ у працэсе — прытым, што намер Вялікабрытаніі быў агучаны значна пазней. Неабходна адзначыць, што ў сваёй заяве Пуцін падкрэсліваў, а СМІ акцэнтавалі на гэтым увагу аўдыторыі, што размяшчэнне ТЯЗ – гэта не што іншае, як адказ на шматлікія звароты Лукашэнкі, які «даўно ставіць пытанне аб тым, каб размясціць на тэрыторыі Беларусі расійскую тактычную ядзерную зброю».

РасСМІ запэўнівалі, што на пачатку 2023 года ўрэшце было дасягнута пагадненне паміж Лукашэнкам і Пуціным наконт «асноўных параметраў цэнаўтварэння ў энергетыцы, у тым ліку па пастаўках газу». Толькі 3 лютага ў Мінэнерга паведамілі, што РФ будзе пастаўляць газ у Беларусь у 2023 годзе «па цэнах 2022-га — $128,5 за 1 тыс. м3».

У той жа час чаканні Лукашэнкі наконт паставак у Беларусь газу «па роўных з Расіяй цэнах» па ўмовах дамоўленасцей у рамках Саюзнай дзяржавы не знайшлі разумення ў расійскага боку. Крэмль запэўніў, што «пры існым узроўні інтэграцыі з сяброўскай, але незалежнай дзяржавай» пастаўкі з унутрырасійскімі цэнамі «немэтазгодныя».

Аўдыторыі расійскіх медыя адкрыта паведамілі, што прэтэнзіі Лукашэнкі неабгрунтаваныя, пакуль Беларусь — незалежная дзяржава.

Расійскія ўлады робяць незвычайныя намаганні па пераходзе да аб'яднанага рынку прыроднага газу Саюзнай дзяржавы.

Пуцін і перспектывы старту праекта «СССР 2.0»

У лютым 2023 года на фоне расійскіх абстрэлаў украінскай крытычнай інфраструктуры і чаканняў новай хвалі эскалацыі вайны расСМІ настойліва загаварылі пра перспектывы аб'яднання Беларусі і РФ.

Напярэдадні паслання Пуціна да Федэральнага сходу 21 лютага і меркаванага візіту Лукашэнкі ў РФ прапаганда сфармулявала тэзіс пра блізкую «поўную інтэграцыю з Беларуссю». Сцвярджалася, што пра гэта і павінен паведаміць Пуцін у звароце і што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на папярэдняй імпрэзе сустрэчы двух «калег».

Расійскія медыя актыўна цытавалі развагі чыноўнікаў пра найбліжэйшыя перспектывы «запуску інтэграцыйных працэсаў на поўную магутнасць». У Крамлі пачалі сцвярджаць, што жаданае ператварэнне «Саюзнай дзяржавы... у проста адзінае» не за гарамі.

Член камітэта Дзярждумы па абароне Дзмітрый Кузняцоў напісаў у сябе ў Telegram-канале: «Хачу спадзявацца, што 21-га лютага вырашыцца менавіта гэта. Ужо 25 гадоў спадзяюся». Больш за тое, ён выказаў здагадку, што «ёсць яшчэ Паўднёвая Асеція і Абхазія», і выставіў версію пра «запуск наогул СССР 2.0».

З чыноўнікам згодны палітолаг, кіраўнік расійскай Рады ў міжнародных справах Андрэй Кортунаў, які запэўнівае аўдыторыю расСМІ, што «перадумовы да максімальна шчыльнага ўзроўню інтэграцыі ў дзвюх дзяржаў ёсць». У якасці пацвярджэння верагоднасці такога развіцця падзей ён згадвае прынятыя ў 2022 годзе папраўкі ў беларускую Канстытуцыю, якія ліквідавалі бяз'ядзерны статус дзяржавы.


Глядзіце таксама

Палітолаг Дзмітрый Аграноўскі прапанаваў у выпадку аб'яднання Беларусі і РФ узяць за аснову кітайскую мадэль: «адна краіна, дзве сістэмы».

Так транслюецца базавы наратыў крамлёўскай прапаганды аб тым, што пасля аб'яднання гэта «будзе тая гістарычная Расія, якую больш за тысячу гадоў запар будавалі нашы генеральныя сакратары, цары і князі», і заклікае «пераходзіць да практычных крокаў».

Паведамляючы пра маючы адбыцца «лёсавызначальны» лютаўскі візіт Лукашэнкі да Пуціна, расСМІ сцвярджалі, што акрамя інтэграцыі на парадку дня – «наступ на Кіеў». Гэтая тэма дазваляла трансляваць найважнейшы прапагандысцкі наратыў пра ненадзейнасць трымальніка беларускай улады. Некаторыя СМІ на гэта толькі намякалі, а хтосьці заяўляў адкрытым тэкстам. «Маскоўскі камсамолец» падкрэсліваў, што з боку Лукашэнкі, які «ледзь не зляцеў з пасады ў выніку ўнутраных хваляванняў» у 2020 годзе і ўтрымаў уладу толькі «дзякуючы прамой і ўскоснай дапамозе Расіі, ёсць толькі ўніклівыя заявы. Уразлівы... Бацька, які востра адчувае сваю ўразлівасць, хоча і паўдзельнічаць у СВА, і застацца з краю». Аўдыторыя не павінна сумнявацца, што Лукашэнка «адчайна манеўруе» і гатовы падтрымаць РФ «не столькі рашучымі дзеяннямі, колькі рашучай рыторыкай». Паралельна рэсурс не забываў нагадаць пра варожых не толькі да РФ, але і да Беларусі «калектыўны Захад» і Украіну, нібыта гатовых у любы момант напасці на Беларусь. І ў гэтым выпадку Маскве давядзецца «выдзяляць дадатковыя сілы на прыкрыццё расійскай-беларускай мяжы і дапамогу Мінску на яго ўласнай тэрыторыі», бо ўласных сіл Беларусі, войска якой складае «менш за 100 тысяч чалавек», на гэта, як сцвярджае крамлёўская прапаганда, не хопіць.

Беларусь ці «Белоруссия»

Расійскія медыя сістэмна ствараюць упэўненасць у сваёй аўдыторыі, што распад СССР — гэта памылка, наступствы якой сёння імкнуцца выправіць расійскія ўлады.

Працягваючы настойліва называць Беларусь неактуальнай савецкай назвай «Белоруссия», крамлёўская прапаганда фарміруе ўспрыманне не суверэннай дзяржавы, а часткі «Вялікай Расіі», праекта «СССР 2.0».

Найменне «Белоруссия» ўяўляе сабой такі ж важны элемент «глыбокай інтэграцыі», як пашырэнне расійскай ваеннай, культурнай, адукацыйнай і навуковай прысутнасці ў Беларусі з акцэнтам на дзяцей і моладзь, забеспячэння дамінавання рускай мовы над беларускай.


Глядзіце таксама

Расійскія журналісты як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных медыя, размяшчаючы матэрыялы пра Беларусь, у большасці сваёй дэманстратыўна ігнаруюць як уласны агульнарасійскі класіфікатар краін свету, так і рэкамендацыі Аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і РФ. Крамлёўская прапаганда вітае выкарыстанне назвы «Белоруссия» ў сюжэтах тэлеканалаў і матэрыялах СМІ, абапіраючыся на меркаванне тых расійскіх філолагаў, якія лічаць, што слова «Беларусь» «моцна супярэчыць рускай арфаграфіі». 

Рэзюмэ

Якім бы ні было рэальнае становішча спраў у пытанні беларуска-расійскай інтэграцыі, для расійскага абывацеля ствараецца дакладнае ўяўленне пра Беларусь як пра своеасаблівы, але суб'ект РФ. Нягледзячы на запэўніванні з боку расійскай улады ў павазе суверэнітэту беларускай дзяржавы, крамлёўская прапаганда і СМІ ствараюць у свайго атрымальніка інфармацыі ўпэўненасць у існаванні не толькі агульных інтарэсаў, мэт, ворагаў, гісторыі, замежнай палітыкі, але і Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ, якая найбліжэйшым часам ператворыцца «проста ў адзіную». Прычым пытанне такога ператварэння — чыста тэхнічнае.

Крэмль упэўнена транслюе сфарміраваны раней для РФ імідж клапатлівага партнёра ў дачыненні да Беларусі, у якой няма шанцаў захаваць дазволены суверэнітэт без пастаяннай падтрымкі «старэйшага брата». Пры гэтым Беларусь паўстае як просьбіт, бок, зацікаўлены ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў, а расійскі проста ідзе насустрач свайму партнёру.

Медыя настойліва транслююць тэзіс прэзідэнта Казахстана, які трансфармаваўся ў базавы наратыў прапаганды, пра тое, што Саюзная дзяржава — гэта «дзве краіны — адна дзяржава» з «адным народам».

Для аўдыторыі расСМІ актыўна ствараецца альтэрнатыўная інфармацыйная рэальнасць, у якой дэманструюцца поспехі РФ і асабіста «асноўнага кандыдата» ў прэзідэнты Пуціна ў «збіранні зямель» і рэалізацыі ідэі «вялікай Расіі». Прычым галоўны хаўруснік Лукашэнкі на фоне Пуціна выглядае бледна і непрывабна. Выбаршчык павінен бачыць у ім ненадзейнага балбатуна, а не перспектыўнага канкурэнта «правадыру».

Да сакавіцкіх расійскіх прэзідэнцкіх выбараў тэма «глыбокай» інтэграцыі будзе рэгулярна эксплуатавацца Крамлём.

Цалкам прачытаць артыкул MediaIQ можна тут.