ISW: На мяжы з Фінляндыяй Расія стварае такі ж міграцыйны крызіс, як і Лукашэнка на мяжы з ЕС

Расія на фінскай мяжы паўтарае сцэнар міграцыйнага крызісу паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Ілюстрацыйнае фота: vyborg.tv

Ілюстрацыйнае фота: vyborg.tv

На думку спецыялістаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), Расія прымяняе тактыку гібрыднай вайны на фінскай мяжы, паўтараючы сцэнар міграцыйнага крызісу на мяжы Польшчы, Літвы і Латвіі з Беларуссю і спрабуючы дэстабілізаваць NATO.

У справаздачы гаворыцца, што Расія, верагодна, ужывае вядомую тактыку гібрыднай вайны, каб штучна стварыць міграцыйны крызіс на фінскай мяжы.

Фінскія ўлады закрылі чатыры пункты пропуску на паўднёва-ўсходняй мяжы з Расіяй 18 лістапада пасля таго, як фінская памежная служба паведаміла, што з верасня 2023 года да дзяржаўнай мяжы з Расіі прыбыло блізу 300 шукальнікаў прытулку, пераважна з Ірака, Емена, Самалі і Сірыі.

Фінскае выданне «Iltalehti» паведаміла 20 лістапада, што ўлады Фінляндыі разглядаюць магчымасць закрыцця ўсёй мяжы з Расіяй у ноч на 21 лістапада.

«Малаверагодна, што гэтыя мігранты працягвалі б заставацца на фінскай мяжы пры мінусавых тэмпературах па ўласным жаданні пасля таго, як памежнікі не пусцілі іх на тэрыторыю Фінляндыі, і гэта дае падставы меркаваць, што, хутчэй за ўсё, Расія датычная да гэтай сітуацыі», — адзначаюць эксперты.

Глядзіце таксама

Аналітыкі ISW нагадваюць, што Крэмль адхіліў абвінавачванні Фінляндыі аб дачыненні Расіі да стварэння штучнага наплыву мігрантаў. Гэтак жа працягвае казаць і Лукашэнка ў адказ на абвінавачванні ў стварэнні міграцыйнага крызісу.

«Відавочная тактыка гібрыднай вайны Расіі на расійска-фінскай мяжы падобна на стварэнне Расіяй і Беларуссю міграцыйнага крызісу на польскай мяжы ў 2021 годзе і, імаверна, гэтак жа накіравана на дэстабілізацыю NATO», — падкрэсліваюць аналітыкі.

У ISW адзначаюць: раней Інстытут ацэньваў, што Крэмль дазволіў або, магчыма, непасрэдна кантраляваў штучнае стварэнне Беларуссю міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай у 2021 годзе.

«Крэмль выкарыстаў сфабрыкаваны крызіс у 2021 годзе, каб беспадстаўна абвінаваціць NATO ў агрэсіі супраць Беларусі», — кажуць вайсковыя аналітыкі.

Варта дадаць, што са з’яўленнем крызісу мігрантаў на расійска-фінскай мяжы колькасць нелегалаў на памежжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй паменшала. Калі раней за суткі фіксаваліся не менш за сто спроб трапіць у Еўрасаюз з беларускай тэрыторыі, то цяпер гаворка ідзе пра дзясяткі выпадкаў. І ў цэлым сітуацыя тут стала значна больш спакойнай. Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што частку мігрантаў Масква і Мінск свядома перанакіравалі на мяжу РФ з Фінляндыяй.