У Калінінградскай вобласці ўвялі штрафы за «схіленне» да абортаў
Дэпутаты Заканадаўчага сходу Калінінградскай вобласці ўхвалілі закон аб адміністрацыйнай адказнасці за «схіленне» да абортаў. Штрафы складуць ад 3 да 50 тысяч расійскіх рублёў.
Закон у заканадаўчым
сходзе Калінінградскай вобласці прынялі абсалютнай большасцю галасоў.Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на прэс-службу заканадаўчага сходу расійскага рэгіёна. Дакумент
распрацавалі пасля звароту ўпаўнаважанага па правах дзіцяці ў Калінінградскай
вобласці Ірыны Ткачэнка.
Цяпер, згодна з законам, «схіленне» да аборту прызнаецца «пагрозай для сям'і, бацькоўства, мацярынства і дзяцінства».
«Схіленнем» будуць лічыць «дзеянні па прымусу да перапынення цяжарнасці праз угаворы і падман».
У сувязі з забаронай «схілення» да аборту дэпутаты таксама прынялі папраўкі ў Кодэкс Калінінградскай вобласці аб адміністрацыйных правапарушэннях.
За парушэнне забароны ўводзяцца штрафы ад трох да пяці тысяч рублёў для грамадзян, ад 10 да 20 тысяч расійскіх рублёў для службовых асоб і ад 30 да 50 тысяч расійскіх рублёў для юрыдычных асоб.
- Нагадаем, першым расійскім рэгіёнам, які прыняў закон аб забароне прапаганды абортаў, стала Мардовія. Новы закон, прыняты ў пачатку жніўня 2023 года, забараніў прапаганду абортаў і прымус жанчыны да гэтай працэдуры, у тым ліку дзеянні, якія «фармуюць страх перад выношваннем і выхаваннем дзіцяці» і выказваюць суб'ектыўнае меркаванне пра будучыню дзіцяці ў выпадку яго нараджэння (у тым ліку ў сувязі з эканамічнымі і сацыяльнымі ўмовамі жыцця сям'і).
- Такім чынам, законы аб штрафах за «схіленне» да абортаў у Расіі ўжо прынялі Мардовія і Цвярская вобласць.
- Аналагічны законапраект пра «схіленне» паступіў у парламент Тамбоўскай вобласці.
- У Курскай і Чалябінскай абласцях, Татарстане і анексаваным Крыме прыватныя клінікі «добраахвотна» адмовіліся ад правядзення абортаў.
- Улады Ніжагародскай вобласці разглядаюць законапраект, які забараняе прыватным клінікам перарываць цяжарнасць.
- Дзярждума РФ таксама пачала вывучаць пытанне аб забароне абортаў у прыватных клініках пасля просьбы кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярха Кірыла.
Паводле ТАСС, meduza.io, www.rbc.ru