Якая ўлада — такія ў яе і партнёры

Калі чалавек абраў шлях тырана, то яго павінны хаця б баяцца, аднак на расійскага ды беларускага кіраўніка сур’ёзныя людзі перасталі звяртаць увагу, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

belarus_horad_zima_2023_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Пачну з жарту: учора Міністэрства энергетыкі паведаміла пра падключэнне да сеткі другога энергаблока Беларускай АЭС.

Часам бывае думаеш маладушна, што аўтарытэту расійскай улады ўжо больш няма куды падаць. І так, думаеш, ён упаў настолькі глыбока, што не разглядзець без спецыяльных прыбораў. А потым глядзіш і бачыш, што не. Усё ў парадку — ёсць яшчэ яму куды падаць.

Вось учора высветлілася, што Пуцін сустракаўся з Прыгожыным і іншымі кіраўнікамі ПВК “Вагнер” праз пяць дзён пасля бунту. Абмяркоўвалі, кажуць, пытанні будучага працаўладкавання. Са здраднікамі, якія нанеслі падступны ўдар у спіну. З мяцежнікамі, супраць якіх краіна яшчэ літаральна пару дзён таму кансалідавалася вакол моцнай прэзідэнцкай улады.


Глядзіце таксама

Атрымліваецца, краіна кансалідавалася, каб расійская ўлада магла атрымаць ад наймітаў зніжку на паслугі. А паколькі кансалідавалася краіна выключна ва ўяўленні расійскага тэлевізара, то замест зніжкі атрымаецца, верагодна, прыбаўка. 

Не важна, што яны потым зробяць з Прыгожыным ці куды дзеўся генерал Суравікін. Свет так несправядліва ўладкаваны, што калі чалавек абраў шлях тырана, то яго павінны хаця б баяцца. А калі ты абмяркоўваеш з мяцежнікамі пытанні іх будучага працаўладкавання, то атрымліваецца, што ты ўжо не тыран, а ў горшым выпадку злы клоўн.

І нядзіўна, што з такім аўтарытэтам сур’ёзныя людзі перасталі звяртаць на іх увагу. Як Эрдаган, які вярнуў ва Украіну пяць камандзіраў “Азова”. А таму што: а што вы мне зробіце? Захацеў — і вярнуў, каб зрабіць паважанаму чалавеку трохі задавальнення. Што характэрна, нават пасля гэтага Эрдаган застаўся для расійскіх уладаў партнёрам. Нават калі пусціў Швецыю ў НАТА і пачаў будаваць ва Украіне завод па вытворчасці ваенных беспілотнікаў. Вось, атрымліваецца, якая ўлада, — такія ў яе і партнёры.


Глядзіце таксама

Ёсць, праўда, у Расіі адзін партнёр, якому няма куды дзявацца. Але гэта партнёрства такога кшталту, ад якога аўтарытэт абодвух толькі пакутуе. Вось сёй-той, напэўна, думае, што замежныя журналісты яго ўважліва слухаюць таму, што ён такі паважаны чалавек. Дык дарэмна: замежныя журналісты яго слухаюць таму, што думаюць, што яго ротам з імі кажа Пуцін. (І яшчэ трошкі, каб пацешыць сваю шаноўную публіку).

У вачах замежных журналістаў сёй-той даўно ўжо стаў прыдаткам да расійскай улады. Можна колькі заўгодна распавядаць пра асаблівасці нацыянальнага суверэнітэту, але здалёку гэтых дробных дэталяў усё роўна не відаць. І ніякага самастойнага аўтарытэту ў яго ўжо не засталося. Застаўся толькі той, якім з ім можа падзяліцца старэйшы саюзнік. А старэйшаму саюзніку аўтарытэту цяпер самому мала.

P.S. Дый няма адкуль узяцца новаму аўтарытэту пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.