«Спрабуе казаць, не чапайце мяне». Чалы — пра «прадмет страху» Лукашэнкі

Беларускі дыктатар бачыць у ПВК Вагнера элемент уласнай бяспекі, мяркуе палітычны аналітык Сяргей Чалы.

Фота TVCenter.ru

Фота TVCenter.ru

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не бачыць пагрозы ў размяшчэнні ў Беларусі байцоў ПВК Вагнера. Ці сапраўды гэта так, паразважаў аналітык Сяргей Чалы.

— Лукашэнка ўжо некалькі разоў мяняў паказанні адносна свайго ўдзелу ў выратаванні Пуціна і адносна таго, што будуць рабіць Прыгожын і вагнераўцы на тэрыторыі Беларусі, ці будуць яны там наогул і ці знаходзяцца яны там цяпер, — цытуе Сяргея Чалага «Салідарнасць» са спасылкай на эфір Bild. — У мяне няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка сапраўды не адчувае ніякай пагрозы ад знаходжання Прыгожына ў Беларусі. Таму што, калі я аналізаваў, што казаў Лукашэнка пра тое, што адбывалася падчас гэтага «Марша справядлівасці», у мяне склалася ўражанне, што Лукашэнка выконваў сваю ўласную задачу, ратуючы свайго сябра, з якім у яго добрыя стасункі. Думаю, не толькі асабістыя, але і па бізнесе.

Толькі потым, калі ўсё скончылася, я думаю, Лукашэнка зразумеў, што ніякай сур'ёзнай пагрозы для Прыгожына не было. Хто адчувае пагрозу ад прыходу Прыгожына і ягоных байцоў на тэрыторыю Беларусі — дык гэта, хутчэй, сілавікі ў Беларусі. А Лукашэнка, хутчэй, разлічвае, што ў тым ці іншым выглядзе Вагнер можа быць элементам яго асабістай бяспекі.


Глядзіце таксама

Аналітык мяркуе, што Лукашэнка разумее: пасля заканчэння вайны цалкам будзе перайграная канфігурацыя бяспекі ў рэгіёне. І справа тут не ў абяцанні аб уступленні Украіны ў NATO або пашырэнні гарантый.

— Бо нават калі гэтага не здарыцца, зразумела, што альянс Літва, Польшча, Украіна — гэта будзе здзейснена новая рэальнасць і зусім па-іншаму ўзброеныя краіны.

Вядома, у гэтай сітуацыі Лукашэнка адчувае сябе абсалютна няёмка і спрабуе распавядаць, што калі што, яму дапаможа Прыгожын, а яшчэ будзе расійская ядзерная зброя, якая дагэтуль незразумела, завезеная ў Беларусь ці не.

Гэта значыць ён спрабуе сказаць, маўляў, калі ласка, не чапайце мяне, а то ўсім будзе дрэнна. Але насамрэч гэта прыкмета яго вельмі сур'ёзнага страху, — заключае Чалы.