Крыніцы: Буйная калона ПВК Вагнера прыбыла ў Беларусь
Сёння раніцай, 15 ліпеня, у Беларусі заўважаная буйная калона легкавых і грузавых аўтамабіляў на нумарах так званых ДНР/ЛНР. Сукупнасць фактараў паказвае, што гэта калона ПВК Вагнера, якая ўначы заехала з Расіі ў раёне Крычава, паведамляе маніторынгавая група «Беларусі Гаюн».
Адзначаецца, што далей «вагнераўцы» прайшлі праз Рагачоў у бок Бабруйска і затым — на Асіповічы. Маршрут паказвае на тое, што калона ПВК Вагнера рахулася ў намётавы лагер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна.
Паводле наяўных звестак,
у калоне былі заўважаны мінімум
60 аўтамабіляў, сярод якіх пікапы, буйныя фуры, «буханкі» і мінімум тры аўтобусы для перавозкі людзей. Калону
суправаджала беларуская ДАІ.
Нагадаем, пад Асіповічамі
праходзяць трэніроўкі ваеннаабавязаных з Салігорска, якія ўваходзяць у
тэрытарыяльную абарону. Учора
Міністэрства абароны паведаміла, што інструктарамі там выступаюць байцы
ПВК Вагнера, якія прыехалі ў Беларусь раней.
Мінабароны паказала
на сваім тэлеканале сюжэт пра
трэніроўкі. Інструктары навучаюць ваеннаабавязаных тактычнай стральбе і
перамяшчэнню падчас бою. Іх навучаюць байцы ПВК Вагнера, якія «перадаюць ім
свой баявы досвед», яны распавядаюць нюансы дзеянняў у розных умовах, гаворыцца
ў сюжэце «ВаенТБ».
— Гэта вельмі цікава слухаць. Вядома, яны пабывалі ў баявых
дзеяннях. І гэта, несумненна, вельмі карысны вопыт для нашай беларускай арміі,
бо мы ў ваенных дзеяннях з заканчэння афганскай вайны не ўдзельнічалі, —
распавядае адзін з ваеннаабавязаных.
У сюжэце адзначаюць, што сумнявацца ў «кваліфікацыі і
падрыхтоўцы "вагнераўцаў" не даводзіцца», а заняткі пабудаваныя «на асабістым
вопыце і разборы рэальных баявых сітуацый».
— Людзі вельмі адукаваныя, ведаюць сваю справу, ведаюць толк
у ім, — хваліць інструктараў другі ваеннаабавязаны. — Могуць шмат чаму нас навучыць, гэта вельмі карысны інструмент.
— Неабходна такія мерапрыемствы праводзіць. А мы заматываваныя, гэта адназначна, — кажа трэці ваеннаабавязаны.
Таксама ў сюжэце паказалі намётавы лагер каля вёскі
Цэль. Лагер размешчаны
паблізу палігона, у ім — «камфортныя ўмовы, гарачае і смачнае харчаванне»,
адзначае карэспандэнтка.
— Гэта новы спосаб падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў. У
наступным кіраўніцтвам Узброеных сіл будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці яго
выкарыстання, — заявіў у сюжэце
начальнік аддзела ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны Генштаба ВС Максім Паеўскі.
Колькі байцоў ПВК Вагнера прыбыло ў Беларусь, Мінабароны не паведамляе. Самі «вагнераўцы», у якіх перад камерамі закрытыя твары, каментароў прапагандыстам не давалі.