Хто Расію ратуе, той ёй і кіруе?

Беларускі кіраўнік — «выратавальнік Расіі» зноў марыць, як заедзе на крамлёўскі пасад, піша аўтар тэлеграм-канала "Лісты да дачкі".

nuclear_briefcase_3_logo.png

Па-мойму, камусьці зноў стала цесна ў Беларусі. Адчуў сябе палітыкам сусветнага маштабу. Можа нават і ў Крэмль заехаў у сваім уяўленні. У канцы 90-х ён ужо ў Крэмль заязджаў, але тады трошачкі не атрымалася. 

Цяпер, здаецца, вырашыў зноў паспрабаваць. Таму што старэйшы саюзнік прамахнуўся, а сёй-той абвясціў сябе выратавальнікам Расіі. Ну і лагічна ж, што той, хто Расію ратуе, той з ёй потым і танчыць.

Вось святочны выступ у пятніцу — гэта была не проста табе прамова. Не абы языком ляпаць. Гэта, па-мойму, была такая заяўка на пуцінскую спадчыну. 

Калі сёй-той пагражаў Захаду ядзернай гільяцінай, ён жа не дзеля Захаду стараўся. Сэнсу дзеля гэтага Захаду старацца, калі Захад усё роўна не слухае. І нават не дзеля мясцовых “сведкаў стабільнасці”. Мясцовым “сведкам стабільнасці” не хопіць маштабаў уяўлення, каб ацаніць усю веліч задумы.

А стараўся ён для расійскай патрыятычнай грамадскасці. Таму што старэйшы саюзнік аказаўся слабаком. Нават Прыгожына здушыць не ўмее. І чамаданчык за ім носяць не з чырвонай кнопкай, а з іншай, некалькі процілеглай чырвонай кнопцы субстанцыяй.

А сёй-той умее. Ядзернага чамаданчыку ў яго пакуль няма, а ваенныя карты ўжо ёсць. І ён на гэтых ваенных картах намаляваў усе цэнтры прыняцця рашэнняў. Каб Захаду мала не здалося. Каб не думаў Захад, што зможа адкупіцца малой крывёю, накшталт Вільні і якой-небудзь там Еўропы. Таму што камусьці цэнтры прыняцця рашэнняў вядомыя да міліметра. 

Вось бомбы камусьці яшчэ можа нават яшчэ не далі, а ўдары па цэнтрах прыняцця рашэнняў ён ужо зацвердзіў. А калі з ударамі адразу не атрымаецца, так можа хоць мігрантаў на Еўропу нацкаваць.

І адразу ж зразумела, каго трэба выбіраць расійскай патрыятычнай грамадскасці. Таму што з аднаго боку ў яе — Акела з субстанцыяй у чамаданчыку, а з другога — выратавальнік Расіі з ваеннымі картамі. 

Вось вы б на месцы патрыятычнай грамадскасці каго б абралі? Не адказвайце. Гэта было рытарычнае пытанне. Я і так ведаю ў якім кірунку вы б іх абодвух абралі.

Вядома, можна мне запярэчыць, што на шляху рэалізацыі гэтай вялікай задумы ёсць усякія дробныя перашкоды. Ну там Канстытуцыя, ці якія законы. Так.. Але я табе адкажу, што часам да законаў. Калі стаўкі так высокія, то Канстытуцыю можна і пасунуць.

І што характэрна, расійскія ўлады ж таксама западозрылі, што ў малодшага хаўрусніка ёсць розныя нядобрыя амбіцыі. 

Па-першае, расійскае МЗС сказала, што ніякай ядзернай зброі малодшы хаўруснік кантраляваць не будзе. А кантраляваць яго будзе той, каму і належыць кантраляваць. 

А па-другое, у расійскім тэлевізары ў зневажальнай форме абясцэнілі вялікі подзвіг выратавання Расіі. Распавялі, што гэта не Пуцін не мог датэлефанавацца да мяцежнікаў, а зусім наадварот, яго малодшы хаўруснік. Спроба, вядома, не ўражлівая…

Іншая справа, што ў Расіі прэтэндэнтаў на пуцінскую спадчыну хапае і без малодшага хаўрусніка. Яны, можа, і не “ратавалі” Айчыну, але затое сядзяць бліжэй да цела.