Украінскі генерал: На сёння перакідвання «вагнераўцаў» у Беларусь не здарылася

На вечар 1 ліпеня перакідкі падраздзяленняў «Вагнера» ў Беларусь не зафіксавана. Пра гэта ў каментары Укрінфарму заявіў камандуючы ўкраінскімі Аб'яднанымі сіламі генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

«У цяперашні час, па стане на сёння, на тэрыторыі Беларусі не выяўлена ніводнага падраздзялення ПВК «Вагнер». Але мы сочым за далейшым развіццём сітуацыі, і нашы спецслужбы працуюць над атрыманнем інфармацыі аб гэтым. Калі гэта адбудзецца, ваеннае камандаванне даведаецца пра гэта», — сказаў Наеў.

Украінскі генерал дадаў, што ў выпадку з'яўлення ў Беларусі «вагнераўцаў» разглядаюцца некалькі сцэнароў дзеянняў.

«У кожным з іх Узброенымі сіламі будуць прыняты адэкватныя меры процідзеяння. У цяперашні час праводзіцца падрыхтоўка сіл для процідзеяння магчымым праявам», — сказаў Наеў.

Ён таксама адзначыў, што ўкраінская выведка і партнёры Украіны ўважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі, у прыватнасці, адносна перадачы ядзернай зброі, пра што заявілі ў Расіі. Пакуль, паводле яго слоў, такіх перасоўванняў не зафіксавана.

Глядзіце таксама

Пры гэтым, як пісаў «НЧ», яшчэ ўчора, 30 чэрвеня, ПВК “Вагнер” працягваў ва ўсёй Расіі вербаваць баевікоў для вайны ва Украіне. Пра гэта пісала BBC News. Журналісты абтэлефанавалі дзясяткі цэнтраў па вярбоўцы наймітаў, якія знаходзяцца ў Расіі, і там заявілі, што «нічога не спынілася, мы працягваем набіраць людзей».

Нагадаем, польская выведка мяркуе, што ў Беларусь прыедзе не менш за восем тысяч «вагнераўцаў». Прыкладна на такую колькасць пастаяльцаў разлічаны, наколькі можна меркаваць па спадарожнікавых здымках, і намётавы лагер, які быў спешна створаны каля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне. Там раней базавалася ракетная частка.


Глядзіце таксама