Як згуртавалася вакол прэзідэнцкай улады начальства!
Вось спытае хто ў народа: народ, а ты як кансалідаваўся вакол прэзідэнцкай улады ў цяжкія часы выпрабаванняў? І што яму адказваць? Разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Пачынаючы з панядзелка Расія ў адзіным парыве кансалідавалася вакол моцнай прэзідэнцкай улады ў адбіванні суботняга бунту.
Расгвардыя кансалідавалася так, што мама не бядуй. Лічы, Прыгожыну моцна пашанцавала, што ён не дайшоў да Масквы.
А калі б дайшоў, то яны б яму зладзілі поўны Армагедон. Але не дайшоў. Таму яны не зладзілі. А калі б дайшоў — тады б і зладзілі. Карацей, праявілі цуды гераізму і прэзідэнцкай адданасці.
І армія праявіла. Армія магла б змагацца з мяцежнікамі літаральна як львы і знішчаць ворагаў пачкамі. Але неяк трошкі не знішчала. А чаму? Таму што армія — гэта дысцыпліна! Армія — гэта парадак! Армія — гэта строгае прытрымліванне загаду! Вось загаду не было — таму не змагаліся. Але ж, пагадзіся, маглі б і змагацца. Таму героі.
Трошкі незразумела, як канкрэтна праявіў сябе канкрэтны генерал Суравікін. Але пра генерала Суравікіна наогул усё незразумела. Ці то генерал Суравікін герой, не горшы за іншых генералаў, ці то, наадварот, гнюсны здраднік. Ці то ён арыштаваны, ці то генеральствуе на сваім працоўным месцы. Ці то наогул у такім месцы, пра якое лепш не пытацца.
Затое як згуртавалася вакол прэзідэнцкай улады начальства! У адзіным парыве і літаральна не змаўляючыся. Некаторыя з начальства з'ядналіся так далёка, што былога прэзідэнта Мядзведзева дагэтуль не відаць. Я так разумею, не паспеў яшчэ дабрацца назад з месцаў згуртавання і кансалідацыі.
Як канкрэтна згуртаваўся народ, пакуль не ясна. Што ён з'яднаўся — гэта зразумела, але не вельмі ясна як канкрэтна. У чым, так бы мовіць, выявіліся цуды народнай кансалідацыі.
І добра, яно мне не зразумела. Я неяк абыдуся. Але народ жа таксама не ў курсе. Народу ж хочацца ведаць падрабязнасці. Вось спытае хто ў народа: народ, а ты як кансалідаваўся вакол прэзідэнцкай улады ў цяжкія часы выпрабаванняў? І што яму адказваць? Пачне ж мыкаць нешта няўцямнае ў сваім народным стылі. Перад саліднымі людзьмі нязручна можа атрымаецца... Таму, я лічу, што падрабязнасці народнай кансалідацыі трэба народу растлумачыць не адкладаючы.
З самім Прыгожыным, дарэчы, таксама не ўсё зразумела. Хто ён, наогул, такі, гэты Прыгожын? Можа, падступны мяцежнік, які нанёс удар у спіну? А можа, зусім наадварот: прыстойны чалавек, раскрадальнік народнага здабытку. І калі ён прыстойны чалавек, раскрадальнік народнага здабытку, то абавязкова павінен быў згуртавацца з усімі астатнімі ў адбіванні прыгожынскага бунту.
Карацей, я табе скажу, што можа яно і лепш, што Прыгожын не дайшоў да Масквы. Ну вось дайшоў бы ён да Масквы, сеў бы ён у Крамлі — і хто ведае, што яму далей прыйшло б у галаву. А так не сеў. (Хоць, можа быць, што яшчэ куды-небудзь і сядзе).
І адразу ўтварылася “благорастворение в воздусях” і поўная кансалідацыя ў грамадстве. Яшчэ пару такіх кансалідацый — і наступнага Прыгожына можа і садзіць не будзе куды.