Які хакей нам патрэбны?

Канчатковае рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея правесці Чэмпіянат свету ў Мінску расчаравала апанентаў беларускай улады. Дзівіцца гэтаму не даводзіцца. У расколатым грамадстве наконт любой значнай падзеі ўзнікаюць два палярныя меркаванні, за якімі стаяць розныя каштоўнасці і спосабы іх аргументацыі.



hakej_1.gif

Таму агульнанацыянальны дыялог у рэспубліцы-партызанцы немагчымы. Замест яго гучаць два маналогі. Любы ахвочы можа ў гэтым пераканацца, калі звернецца і да дзяржаўных, і да недзяржаўных СМІ адначасова.

Асноўны довад супраць Чэмпіянату свету ў Мінску зразумелы: правядзенне спаборніцтваў будзе падтрымліваць рэжым, які парушае правы чалавека. Прыхільнікі чэмпіянату адмаўляюць сам факт такіх парушэнняў і нагадваюць, што яшчэ ініцыятарам арганізацыі сучасных Алімпійскіх гульняў П’ерам дэ Кубертэнам сфармуляваны лозунг: «Спорт па-за палітыкай».

З дапамогай сацыёлагаў пяройдзем ад палітычна актыўных грамадзян да грамадства ў цэлым. У сакавіку 2012 года за правядзенне Чэмпіянату свету выказалася 46% беларусаў, супраць — 13%, 41 працэнт заявіў пра сваю абыякавасць да гэтага пытання (НІСЭПД).

Мы самі ў шоку!

Каштоўнасці не могуць быць прадметам дыскусіі, і таму марнаваць час на збліжэнне процілеглых пунктаў гледжання — сабе даражэй. Але хто сказаў, што хакейная праблема абмяжоўваецца пералічанымі вышэй узаемавыключальнымі меркаваннямі? Закон ненаўмысных наступстваў, наколькі мне вядома, ніхто яшчэ не адмяняў. Нават на побытавым узроўні нечаканыя акалічнасці ўвесь час карэктуюць нашы планы, а што ж казаць пра планы, якія рэалізуюцца дзяржавай…

Каб знайсці адпаведны прыклад, не трэба паглыбляцца ў стагоддзі. Улетку 1957 года ў Маскве (г. зн. у сталіцы таталітарнай дзяржавы) прайшоў VI Сусветны фэст моладзі і студэнтаў. Гасцямі фэсту сталі 34 тысячы чалавек са 131 краіны.

Каб зразумець мэты, якія ставілі перад сабой арганізатары фэсту, нагадаю, што ён праводзіўся ў разгар «халоднай вайны». Яе пачаткам прынята лічыць выступу Уінстана Чэрчыля ў Фултане 5 сакавіка 1946 года. Дзвюм звышдзяржавам адчайна былі патрэбныя саюзнікі, і СССР і ЗША не шкадавалі сродкаў для ўзмацнення свайго ўплыву на краіны «трэцяга свету».

Падрыхтоўка айчынных спецыялістаў, якія валодаюць адпаведнымі мовамі, і прыцягненне замежных студэнтаў з мэтай фармавання эліт прасавецкай арыентацыі разглядаліся крамлёўскімі ідэолагамі ў якасці абавязковых складнікаў «міралюбнай знешняй палітыкі» СССР. Для яе паспяховага правядзення ў 1944 годзе быў заснаваны Інстытут міжнародных адносін, а за год да фэсту пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце адкрылі Факультэт усходніх моваў, што пасля эвалюцыянаваў у Інстытут краін Азіі і Афрыкі, а праз тры гады пасля фэсту — Універсітэт сяброўства народаў.

Зразумела, што запрашэнне на маскоўскі фэст атрымлівалі пераважна прадстаўнікі «прагрэсіўнай моладзі». Шматлікія госці сваю «прагрэсіўнасць» даказалі ўдзелам ва ўзброенай барацьбе супраць «заходніх каланізатараў».

Якое ўражанне на замежных гасцей зрабіла сталіца першай у свеце дзяржавы «працоўных і сялян» — пытанне асобнае, але сам факт з’яўлення на вуліцах Масквы тысяч замежнікаў, шмат хто з якіх належаў да «нетрадыцыйных» расаў, шакаваў масквічоў. У той час слова «замежнік» у СССР было сінонімам слоў «вораг» і «шпіён».

Я да гэтага часу памятаю бурную рэакцыю бацькоў на ліст, які атрымала мая сястра ад аднагодкі з Балгарыі. Справа была ў 1960 годзе. Мы жылі ў Рызе. Бацька камандаваў артылерыйскім палком. У яго асабістай справе быў зафіксаваны факт ад’езду ў 1909 годзе роднага дзядзькі з украінскага сяла ў Амерыку, і гэты факт ужо двойчы бацьку адгукаўся.

Ненаўмысныя наступствы

Вікіпедыя дае магчымасць уваскрэсіць уражанні ўдзельнікаў фэсту: «Я памятаю, як светлымі начамі на маставой вуліцы Горкага стаялі купкі людзей, у цэнтры кожнай з іх некалькі чалавек штосьці горача абмяркоўвалі. Астатнія стаялі вакол іх шчыльным колам, услухоўваліся, набіраліся розуму, прызвычайваліся да самога гэтага працэсу — свабоднага абмену меркаваннямі».

Працэс свабоднага абмену думкамі, які нечакана адкрыўся савецкім людзям, — адно з ненаўмысных наступстваў фэсту. Ну, хто з яго арганізатараў мог прадбачыць нешта падобнае?

Але працягну цытаваць Вікіпедыю: «У раёне Ленінскіх гор затрымалі групу мужчын. Яны размясціліся за кустамі пасярод газону, у цэнтры — два маладых афрыканцы. П’яныя і галяком. Сталі разбірацца, і адзін з мужыкоў патлумачыў: маўляў, паспрачаліся з сябрамі, якога колеру ў неграў «гаспадарка». Каб вырашыць пытанне, купілі некалькі бутэлек гарэлкі і ўгаварылі (жэстамі!) дэлегатаў, якія прагульваліся побач, зазірнуць «на пікнічок». Калі тыя як след напіліся, іх здолелі пераканаць зладзіць стрыптыз. Якраз да разгару падзей мы і падаспелі. Афрыканцаў адправілі ў гасцініцу, а нашых — у найбліжэйшы пастарунак».

Калі меркаваць па прыведзенай цытаце, нашы з «найбліжэйшага пастарунку» і не выходзілі. І не важна, што плошча «пастарунку» складала 1/6 частку сушы. Сорак гадоў жыцця за «жалезнай заслонай» (два пакаленні) не маглі не адбіцца. Асноўнай інфармацыйнай крыніцай «нашых» пра Афрыку былі дзіцячыя вершы Карнея Чукоўскага. Ці варта пасля гэтага дзівіцца непадробнай цікавасці масквічоў да колеру «гаспадаркі» ў прадстаўнікоў негроіднай расы.

Яшчэ адно ненаўмыснае наступства фэсту — нараджэнне паняцця «людзі добрай волі». Гэта працаўнікі капіталістычных краін, якія яшчэ пакуль не гатовыя будаваць сацыялізм, аднак ужо і не ворагі. Яны складалі пераважную большасць замежных гасцей. Такім чынам, для савецкага чалавека чорна-белая карціна свету нечакана ўскладнілася, а ў руху ад простага да складанага і палягае сутнасць працэсу развіцця.

Спіс ненаўмысных наступстваў прапагандысцкага мерапрыемства, што задумалі і правялі партыйныя функцыянеры, прыведзенымі прыкладамі не абмежаваўся. Фэст адыграў велізарную ролю ў мабілізацыі інтэлігенцыі, якая склала позняе ядро «шасцідзесятнікаў».

Не абышоў ён і абывацеляў. Тысячы гасцей фэсту адным сваім знешнім выглядам дэманстравалі перавагу рынкавай эканомікі над эканомікай планавай. Першая вырабляла джынсы, другая — нагавіцы.

Асноўны эканамічны закон сацыялізму гарантаваў савецкім людзям задавальненне іх матэрыяльных і культурных патрэбаў, што раслі ўвесь час. Гаворка, зразумела, ішла пра разумныя патрэбы, г. зн. пра запатрабаванні, што былі вызначаны рашэннямі партыйных з’ездаў. Але фэст істотна падняў планку разумнасці запатрабаванняў насельніцтва. Гэта быў выклік, адэкватны адказ на які партыйныя таварышы знайсці так і не здолелі.

Прыклад з VI Сусветным фэстам моладзі і студэнтаў я прывёў не для таго, каб паспрабаваць правесці паралелі з хуткім Чэмпіянатам свету па хакеі. Нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Іншы час — іншыя праблемы. Сёння немагчыма ўявіць сабе беларусаў, якія спрачаюцца на тэму колеру «гаспадаркі». Але што засталося нязменным, дык гэта няўхільнасць закона ненаўмысных наступстваў. Яго «ўмяшанне» ў запланаваны ход падзей наканавана самім маштабам хуткага мерапрыемства.

Карціна алеем

Той, хто лічыць, што асноўныя праблемы Беларусі палягаюць у галіне палітыкі, — памыляецца. Маркс меў рацыю, калі адносіў палітыку да надбудовы, аднак ён памыліўся з вызначэннем базісу. Эканоміка на ролю базісу не цягне, бо сама з’яўляецца вытворнай ад культуры.

Наш «адзіны палітык» (АП) з такога кшталту рэвізіяй марксізму цалкам бы пагадзіўся. Прывяду адпаведную цытату: «Почему наши товары с трудом конкурируют на внешних рынках? Не только по причине так называемой неблагоприятной конъюнктуры. Есть и вполне субъективные причиныпотому что часто мы работаем плохо, спустя рукава. Пьянство на рабочих местах до конца так и не изжили. Технологии не соблюдаются порой, на работе многие не напрягаются, добросовестность становится редкостью. И это касается не только производства. Посмотрите на наш сервис. Продавцы в магазинах, официанты в кафе, автослесари в мастерских часто хамят, переходят к жульничеству, обманывают своих клиентовтех, кто платит им свои деньги».

Карціна алеем у стылі сацрэалізму. Работнікі савецкага сэрвісу, як вядома, працавалі пад дэвізам: «Вас шмат, я адна». Эканоміка дэфіцыту засталася ў мінулым, але ад дэфіцыту прафесіяналізму мы так і не пазбавіліся.

Але не варта аб’ядноўваць пад займеннікам «мы» выключна гандляроў і афіцыянтаў. А як наконт тых, хто аб’яднаныя пад назоўнікам «улада»? Днямі я праглядаў свой архіў, і сустрэў выказванне Пятра Пракаповіча — далёка не апошняга чалавека ва ўладнай іерархіі. Вось яго рэцэпт прыцягнення замежных інвестараў: «На працягу наступнага года, а яшчэ лепш — да новага года, мы павінны стварыць такія ўмовы, каб Беларусь паводле клімату спрыяння бізнэсу ўвайшла ў першыя 25 краін свету. Ніякіх грошай для гэтага не трэба — неабходна толькі перагледзець нарматыўную базу». Гляджу на дату — лістапад 2008 года. Па выніках мінулага года ў рэйтынгу Сусветнага банка ў нас 58-е месца. У чым тут прычына? Няўжо п’янства на працоўных месцах?

Неканкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі — пабочны прадукт неканкурэнтаздольнасці дзяржавы і грамадства. Дамарослымі мерамі сітуацыі не выправіць. Неабходныя рэгулярныя знешнія шокі.

Чым тут зможа дапамагчы хакейны чэмпіянат? Адзін прыклад. Паводле Канстытуцыі, адзіным суверэнам у нас з’яўляецца народ, а дзяржава яму служыць. На практыцы ж дзяржава валодае манапольным правам дыктаваць народу сваю волю. Такі парадак склаўся не сёння і не ўчора.

Але, прыняўшы на сябе ролю арганізатара такога маштабнага спартовага спаборніцтва, беларуская дзяржава вымушана адмовіцца ад гульні паводле ўласных правілаў і прыняць правілы міжнародныя. Міжнародныя нормы абслугоўвання кліентаў давядзецца асвойваць і тысячам беларускіх прадавачак і афіцыянтаў. У гэтым і будзе палягаць адно з ненаўмысных наступстваў Чэмпіянату свету па хакеі.