Бабруйск: Адміністрацыя завода і афіцыйны прафсаюз супраць Міхаіла Кавалькова

На бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў зноў з’явіліся лістоўкі, накіраваныя супраць Міхаіла Кавалькова, старшыні завадской пярвічкі  Свабоднага прафсаюза Беларускага. На гэты раз пад тэкстам з назвай «Кумир, которого нет» пазначана падвоенае аўтарства: «Адміністрацыя»  і «Прафсаюзны камітэт АСМ».



kavalkou1.jpg

Міхаіл Кавалькоў, бабруйскі лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага

Гэты ж тэкст апублікаваны і на афіцыйным сайце БЗ ТДіА. 

— Я толькі сёння выпадкова заўважыў гэтыя ўлёткі на прахадной, — кажа Міхаіл Кавалькоў. — Такі вялікі тэкст не кожны захоча чытаць, з гэтым яго аўтары памыліліся. Што тычыцца зместа, то гэта можна назваць спробамі апраўдацца. Гэта рэакцыя на «Прафсаюзны веснік», які мы выдаем, і ў якім выкрываем хібы кіраўніцтва прадпрыемства. У апошнім нумары якраз пісалі пра тое, што Беларусь зноў унесена ў «чорны спіс» МАП (Міжнародная арганізацыя працы), і не без унёску адміністрацыі ТДіА. Амаль кожны раз, як мы выдаем «веснік», з'яўляюцца то ананімныя, то падпісаныя адміністрацыяй творы, у якіх я паўстаю як вораг нумар адзін. Гэты тэкст не выключэнне, на мяне звалілі ўсе праблемы завода.

«Завадская арганізацыя СПБ заняла адасобленую ад працоўных пазіцыю. Не быўшы уцягнутым у працоўны рух, Кавалькоў перастаў арыентавацца ў тых праблемах, якія рэальна хвалююць людзей, што прывяло да зніжэння сяброўства ў арганізацыі, якую ён узначальвае, падзення яе прэстыжу. І прафсаюзнага «бога» гэта моцна раздражняе», — гаворыцца ў тэксце. Аўтары ўлёткі сцвярджаюць, што Міхаіла Кавалькова запрашалі на абмеркаванне калектыўнай дамовы паміж прафсаюзнікамі і адміністрацыяй завода, але ён з-за амбіцый адмовіўся ад гэтага.

— Тое, што я не іду на кантакт, хлусня. Гэта спроба зняць з сябе віну за тое, што пазбавілі сябраў СПБ пэўных прывілей. Гэта могуць даказаць мае пастаянныя звароты ў суд, пра гэта неаднойчы казалі сябры нашай пярвічкі.  Але, канешне, прасцей перакласці віну на мяне. Вось ва ўлётцы, напрыклад, гаварыцца пра слесара пятага разрада і сябра СПБ Сяргея Пічугова. З ім не хацелі працягваць кантракт, і мне прыйшлося звяртацца да кіраўніцтва завода. Быў нават на прыёме ў намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова. Я даводзіў ім, што ў Сяргея Пічугова жонка сыходзіць у дэкрэтны адпуск, што скарачэнне будзе таргедыяй для іх сям’і. Нават Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП дасылаў адпаведны ліст на імя дырэктара завода Аляксандра Аграновіча. І зрэшты мы дамагліся таго, што кантракт быў працягнуты. А ва ўлётцы пішуць, што «кожнаму работніку па заканчэнні тэрміну кантракту выдаецца паведамленне аб гэтым, што зусім не азначае разрыў працоўных адносін наймальніка і рабочага». То бок, нібыта Сяргея і не збіраліся звальняць, а такія паперкі ўсім выдаюць. Дык вось, гэта таксама няпраўда. Падобныя паведамленні не даюць людзям, з якімі збіраюцца працягваць кантракт, і наадварот. 

Міхаіл Кавалькоў таксама лічыць неэтычным, што дадзены тэкст адміністрацыя завода напісала ў суаўтарстве з прафсаюзам АСМ.

— Гэтым яны падкрэслілі, што яны «адна кантора». Непрыстойна, што прафсаюз, калі гэта спраўды прафсаюз, дзейнічае такім чынам. Вось яны абвінавачваюць мяне ў паклёпе, але за паклёп можна падаваць заяву ў міліцыю і судзіцца. Але яны гэтага не робяць, таму што ўсе факты, якія мы падаем у «Прафсаюзным весніку», гэта праўда, — кажа Міхаіл Кавалькоў.

spring96.org