Абскарджана пастанова на вобшук у бабруйскіх грамадскіх актывістаў
Актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з Бабруйска (Магілёўская вобласць) Валянціна Каваленка абскардзіла ў Генеральнай пракуратуры пастанову на вобшук ад 4 ліпеня, вынесеную следчым Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэту маёрам Аляксеем Сумцовым.
Нагадаем, што 17 ліпеня ён выклікаў жанчыну на допыт па крымінальнай справе, што знаходзілася ў архіве. Па запатрабаванні мясцовай пракуратуры Валянціну Каваленка вырашана было дапытаць, таму што адзін з грамадзян, які праходзіў па дадзенай справе, звязанай з наркотыкамі, спасылаўся менавіта на гэтую жанчыну. Каваленка заявіла, што гэтага грамадзяніна не ведала, а таксама адказала на ўсе пытанні Сумцова.
У 2008 годзе жанчына звярталася ў праваахоўныя органы з заявай, каб знайшлі і пакаралі тых, хто распаўсюджваў пра яе чуткі, што яна мае дачыненне да наркотыкаў. Каваленка перадала Сумцову адказ праваахоўных органаў пра тое, што яны не ўстанавілі факт распраўсюджання чутак. Раніцай 19 ліпеня ў доме Каваленкаў быў праведзены вобшук. Па выніках вобшуку, які стаў для жанчыны поўнай нечаканасцю, нічога супрацьзаконнага ў доме не было знойдзена.
У 2005 годзе быў асуджаны адзіны сын Валянціны Каваленкі. Паколькі ў справе хлопца было шмат супярэчнасцяў, муж жанчыны Аляксандр Каваленка стаў дабівацца ад органаў пракуратуры адказу на пытанні, пастаўленыя ў надглядных скаргах. Мужу пагражалі — сядзеш за краты разам з сынам. Так і зрабілі — у 2007 годзе Аляксандр Каваленка быў асуджаны на дзевяць гадоў зняволення за распаўсюд наркотыкаў. У 2010 годзе гэты прысуд быў адменены і мужчыну рэабілітавалі.
Зараз муж і жонка працягваюць адстойваць правы свайго сына. Вясною бягучага года праваахоўныя органы тройчы спрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Каваленкі. Але гэта не ўдалося, і таму, як лічыць жанчына, супрацоўнікі праваахоўных органаў узяліся за яе. Яна расцэньвае вобшук як спробу псіхалагічнага ўціску на сваю сям’ю з мэтай запалохвання і прыпынення адстойвання правоў сына, у якога, дарэчы, апошнім часам таксама ўзніклі праблемы ў месцах зняволення.
Як адзначае ў сваёй скарзе на імя генпракурора Валянціна Каваленка, у парушэнне артыкулу 208 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у Сумцова не было дастатковых для правядзення вобшуку дадзеных, што ў доме Каваленкаў могуць знаходзіцца наркотыкі ці іншыя забароненыя прадметы, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы.
Акрамя таго, жанчына падкрэслівае, што пастанова пра вобшук прывяла да парушэння артыкулаў 28 і 29 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо проста па заяве чалавека, беспадстаўна абвінаваціўшага іншых ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў, адбылося ўварванне ў асабістае жыццё грамадзянін і ў іх жыллё.
Валянціна Каваленка просіць генпракурора правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці пастановы на вобшук.