Калі беларусы зноў адважацца на вулічныя пратэсты?

Заўважым, што прычыны незадаволенасці людзей, якія прымусілі іх выйсці на вуліцы ў лютым-сакавіку, не ліквідаваны. Дэкрэт №3 не адменены, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне не палепшылася.

Фота: Радыё свабода

Фота: Радыё свабода

Елісееў: Наступную хвалю пратэстаў можна чакаць восенню


Даследчык Цэнтра еўразійскіх краін з пераходнай эканомікай Андрэй Елісееў мяркуе, што акцыі пратэсту ў беларускіх гарадах у гэтым годзе яшчэ працягнуцца.
Магчыма, у бліжэйшы час яны з-за рэпрэсій не будуць такімі масавымі, якімі былі апошнія пяць тыдняў. Але пратэстныя настроі нікуды не дзеліся і могуць перыядычна вылівацца ў нейкія формы, — кажа Андрэй Елісееў.
На яго думку, наступныя акцыі могуць быць прывязаныя да канкрэтных дат, напрыклад, да Дня працы 1 траўня, або могуць узнікаць стыхійна пасля заклікаў у сацыяльных сетках і пабліках асобных гарадоў.
— Так, набліжаецца летні перыяд — час зацішша, адпачынкі, раз'езды на дачы. Верагодна, наступную хвалю пратэсту можна чакаць восенню, калі людзі зноў сутыкнецца з эканамічнай рэальнасцю і новымі сумамі ў жыроўках, — адзначае Андрэй Елісееў.

eliseev_29.jpg

Даследчык Цэнтра еўразійскіх краін з пераходнай эканомікай звяртае ўвагу, што прычыны незадаволенасці людзей, якія прымусілі іх выйсці на вуліцы ў лютым-сакавіку, не ліквідаваны. Дэкрэт №3 не адменены, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне не палепшылася.
— У адрозненне ад 2011 года, калі пасля маўклівых акцый пратэсту досыць хутка была павялічана пакупніцкая здольнасць насельніцтва, цяпер сітуацыя выглядае зусім па-іншаму. Не падобна, каб улады ведалі, як вывесці краіну з крызісу, — кажа эксперт.

Раманчук: Напружанне ў грамадстве расце

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук адзначае, што сацыяльна-эканамічныя перадумовы для выхаду людзей на вуліцу не зніклі. Эканоміка Беларусі працягвае заставацца ў рэцэсіі, даходы насельніцтва падаюць, новых працоўных месцаў не з'яўляецца.
— На гэтым фоне напружанне ў грамадстве расце, — кажа эканаміст.
А замест вырашэння праблем ўлады выступаюць з дзіўнымі ініцыятывамі, адзначае Яраслаў Раманчук. Зноў гучаць прапановы ў стылі Пятра Пракаповіча пачаць эмісію, якія могуць прывесці да інфляцыі і дэвальвацыі.
— Гэта крыху паправіць у кароткатэрміновай перспектыве становішча галоўных экспарцёраў, але для ўсіх астатніх прынясе праблемы, — лічыць эканаміст.
З разраду прапаноў, якія не толькі не вырашаюць асноўных праблем, а дзесьці іх нават пагаршаюць, эксперт называе ўказанне ўзгадняць звальненні працоўных з выканкамамі.

romanchuk1_29.jpg


— Сама ўлада выступае ў нашай краіне і эканоміцы пятай калонай. Рэакцыя людзей будзе залежаць ад той колькасці глупстваў, якія яна дапусціць. Падставай для народнага гневу можа стаць многае, — мяркуе Яраслаў Раманчук.
Перадумоў для змены сітуацыі ў эканоміцы эксперт пакуль не бачыць, таму лічыць ўказанне дасягнуць у гэтым годзе сярэдняга заробку ў 500 даляраў нерэалістычным.
— Два апошнія гады нам казалі, што ў Беларусі вось-вось будзе эканамічны рост. Усе паказчыкі былі праваленыя, але нікога не звольнілі. Думаю, гэтыя заявы з'яўляюцца часткай мантры ў органах дзяржкіравання і маюць на мэце стварыць ілюзію, што ўлады клапоцяцца аб народзе, — лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса. — Тым часам тыя людзі, якія давялі эканоміку да стану глыбокай рэцэсіі, па-ранейшаму знаходзяцца ў руля.

zautra.by