Павел Севярынец: Людзі ўбачылі звычайны фашызм
«Акцыі, якія адбыліся па ўсёй Беларусі, азначаюць новы этап у найноўшай беларускай гісторыі», — заявіў пасля свайго вызвалення сустаршыня партыі Павел Севярынец.
На мітынгі, асабліва ў рэгіёнах, масава выйшлі рабацягі, пенсіянеры, гастарбайтары і хатнія гаспадыні. Такога не было ўжо 15–20 гадоў. І гэта азначае, што беларускі народ з аб’екту маніпуляцыяў раптам ператвараецца ў суб’ект, у дзеючую сілу палітыкі, кажа Севярынец:
— Магчыма рэжыму ўдалося збіць верхавіну айсберга — гэта бачныя масавыя пратэсты. Але тое, якім чынам гэта было зроблена, па-мойму, толькі шматкроць надае абурэння. Колькасць людзей, якія пацярпелі, якія выходзілі, якія ўбачылі звычайны фашызм на вуліцах беларускіх гарадоў, вось гэта самы сур’ёзны выклік уладзе. Беларуская нацыя зрабіла крок на прыступку вышэй за паўтары месяцы, беларусы імкліва даспяваюць да перамен. Канешне такія рэчы ў нацыянальным маштабе немагчыма спыніць, яны як хваля даганяюць і накрываюць любы рэжым. Наколькі гэта будзе хутка — гэта пытанне.
Зараз найперш важная салідарнасць і падтрымка тых, хто за кратамі. Масавая салідарнасць павінна стаць вынікам і працягам масавых мітынгаў. Падрыхтоўка Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, 1 мая ды іншых акцыяў мае быць супольнай.
Дэмакратычным сілам зараз трэба ўзмоцнена рыхтавацца і дасягаць крытычна важнага адзінства. Калі будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь — Бог нам гэтую ўладу дасць, — падкрэсліў сустаршыня БХД у сваім звароце.