Хто не згодны з прысудам — можа абскардзіць цягам 10 сутак

Ад пачатку месяца за так званыя «маршы недармаедаў» у розных гарадах Беларусі, а таксама падчас акцыяў у Дзень Волі і на наступны дзень 26 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя дзясяткі журналістаў і блогераў, некаторыя асуджаныя да буйных штрафаў і адміністрацыйных арыштаў.

2c2824f8_77ac_4066_9501_c3fcd7bd081d_w1023_r1_s.jpg

Чаму падчас працэсаў суддзі, за рэдкім выключэннем, звычайна прымаюць бок сілавікоў, якія спачатку затрымліваюць, а потым выступаюць у якасці сведкаў? Чаму прысуды як пад капірку — лаяўся матам, размахваў рукамі, не падпарадкоўваўся патрабаванням службовай асобы?

"Радыё Свабода" паспрабавала задаць гэтыя пытанні памочніцы старшыні суду Маскоўскага раёна Манску Сафіі Асмалоўскай. Напярэдадні там слухалася некалькі рэзанансных спраў, уключна са справай палітыка Алеся Лагвінца, які «біўся галавой аб міліцэйскі аўтамабіль», журналіста тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенкі, які «мацюкаўся і правакаваў байцоў АМАПу», ды іншых

Журналісты выконваюць службовыя абавязкі гэтак жа, як і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Тым не менш у судзе прымаюцца сведчанні толькі міліцыянтаў, на падставе іхных блытаных паказанняў караюць. Чаму?

— Вы задаяце незразумелыя пытанні, я не буду нічога каментаваць. Рашэнне судом прынятае, і калі хтосьці з ім не згодны, то мае права абскардзіць цягам 10 сутак.

— Аляксандр Баразенка абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага пераследу за прафесійную дзейнасць, даючы зразумець, што і журналісты, і міліцыянты мусяць працаваць у адным прававым полі.

— Вы зразумейце: непасрэдна прававую ацэнку вынесенай у судзе пастанове мусіць даць вышэйшая інстанцыя. А ніяк не нашы з вамі разважанні на гэтую тэму.

Паводле праваабаронцаў, ад пачатку сакавіка ў Беларусі затрымана больш за 70 журналістаў, якія прадстаўляюць беларускія і замежныя выданні.

 www.svaboda.org